На месцы рэжыму я б забараніў «Над зязюльчыным гняздом». Бо яна вучыць сьмяяцца.

Апошнія палітычныя навіны зь Беларусі не дадаюць аптымізму. Ад усяго нэгатыву хочацца схавацца пад вокладкай кнігі. Цягнуся па зялёны томік з раманам Кена Кізі «Над зязюльчыным гняздом». Тры гады таму гэтую кнігу праглынуў адным дыханьнем — перад вачыма добра былі відаць усе героі кнігі, экранізаваныя геніяльным Форманам.

Цяпер — іншае прачытаньне. З кожнай прачытанай старонкай, абзацам, радком, літарай расьце адчуваньне таго, што недзе ўсё гэта ты ўжо бачыў. Псыхушка зь «Зязюльчынага гнязда» ўсё болей пачынае нагадваць Беларусь. Маленькі й закамплексаваны чалавек стварае свае правілы гульні на вызначанай прасторы. Ніхто ня мае права супраціўляцца сыстэме, інакш амбалы-санітары зацягнуць цябе на чарговы сэанс шокавай тэрапіі. Пацыенты настолькі звыкліся з існуючым ладам, што нічога ня робяць, каб яго зьмяніць. Хоць тут ёсьць і людзі, здольныя на нармальнае мысьленьне, дзеяньні і ўчынкі. Але і іх сыстэма навучыла падпарадкоўвацца сабе. Але рана ці позна мусіць зьявіцца рыжы жартаўнік Рэндл Макмёрфі, які здолее разварушыць гэтае пакорнае існаваньне. Ён мусіць навучыць гэтых «псыхаў» жыць так, як хочуць яны, а ня так, як дыктуе спадарыня Гнусэн. Яны павінны ўбачыць, што сьвет нашмат большы і цікавейшы за тыя зьненавідныя скрынкі, якія ім даводзіцца клеіць. Гэта нялёгкая справа.

Згадайце галасаваньне ў клініцы на прадмет прагляду бэйсбольнага чэмпіянату па тэлебачаньні замест вячэрніх навін, калі старшая сястра загадзя вызначыла пройгрышныя для Макмёрфі правілы гульні. Тое ж самае ў Беларусі, зь яе выбарамі і рэфэрэндумамі. Іх немагчыма выйграць. Але Макмёрфі не супакойваецца — і вось ужо палова «выбаршчыкаў» зь ім. Ён прапаноўвае ім не бэйсбол, а нараджае ў іх душах надзею і веру. Патрэбны — усяго толькі — адзін голас. Але дзе яго ўзяць, калі астатнія «выбаршчыкі» — хроны, у якіх рукі прыбітыя да сьценкі. Рэндл усё адно б’ецца, і вось — о цуд! — руку падымае «глуханямы» індзеец Бромдэн. Перамога! Міс Гнусэн не прызнае вынікаў плебісцыту, але які кайф — ведаць, што ты ў большасьці. Змагацца далей і адстойваць перамогу ўжо ня страшна.

Правадыр Бромдэн, які, каб выжыць, дзесяцігодзьдзямі касіў зь сябе глуханямога прыдурка. Чым вам ня вобраз тутэйшага беларуса, здольнага прыстасавацца і выжыць пры любым рэжыме? Абы было ціха, абы не было вайны. Такі ня пойдзе абы за кім, такі паважае толькі моц і сілу. Але Макмёрфі ўдаецца распаліць іскрынку надзеі і ў душы індзейскага правадыра. Ён з намі. Мы — сіла!

Як гэта ўдаецца Макмёрфі, дзе ён бярэ сілы для гэтага сьмяротнага паядынку з сыстэмай? І вось тут я даходжу да фразы, дзеля якой і варта прачытаць кнігу: «Пакуль мы сьмяёмся, мы ў бясьпецы». І праўда, Рэндл пастаянна сьмяецца на ўсе трыццаць тры зубы, жартуе і іранізуе зь сябе, зь сяброў, а галоўнае — з сыстэмы, якая няздольная на сьмех і таму як агню баіцца яго. Дыктатура ня ў стане сьмяяцца, бо сьмяяцца можа толькі свабодны чалавек.

Толькі сьмех здольны перамагчы рэжым. І сястра Гнусэн разумее гэта, забіваючы веселуна Макмёрфі, аднак ужо надта позна. Яна ўжо ня ў стане кіраваць розумам і ўчынкамі «хворых». Рэндлава справа не мінула дарма. Пацыенты зьяжджаюць з псыхушкі на вольнае паветра. Іншыя пераводзяцца ў другое аддзяленьне. Міс Гнусэн бясьсільная нешта зрабіць.

І апафэоз усяму гэтаму — учынак Бромдэна, які змог зрабіць немагчымае. Тое, што не ўдалося Рэндлу Макмёрфі: ён падняў у ванным пакоі пульт і разьбіў ім акно, каб назаўсёды пакінуць той сьвет. «Мне здавалася, што я лячу. Свабодны», — кажа індзеец. Ён перамог.

Пасьля «Зязюльчынага гнязда» Кізі кінуў пісаць: напісаць нешта, што параўналася б з «Гняздом», ён бы ўжо ня змог. Ён сказаў усё. На месцы сыстэмы сёньня я б забараніў тую кнігі ў Беларусі. Бо яна вучыць сьмяяцца.

Кастрыца (Барысаўшчына)

Прысьвячаецца Т.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0