На постсавецкай прасторы распладзіліся бараны. Андрэй Кудзіненка ўвекавечыў гісторыю барана, які не дае спаць мірным вяскоўцам. Расейскі прадусар Сяргей Сяльянаў выкапаў чароўнага барана ў Цэнтральнай Азіі.
Бедны пастух Сардор закаханы ў Лэйлу. Але яе выдаюць замуж за багатага Маруфа. Лэйла ўцякае ад свайго мужа — і дамагаецца разводу. У любоўнай гісторыі героям дапамагае баран-уцякач, тэрарыст і хуліган; ён «выбівае» з Маруфа патрэбныя словы. Акрамя таго, баранова дабраслаўленьне проста неабходнае для мясцовай капрызнай сьпявачкі, яе амэрыканскага жаніха і для старых у выкананьні Надзеі Румянцавай і Міхаіла Казакова. Нахабную жывёліну нават прымаюць за ўваскрослага мужа, пешчаць і мыюць.
Карціна рэжысэркі Рано Кубаевай — просьценькая гісторыя зь лёгкім усходнім калярытам. Для мыльнай опэры ў фільме зашмат чароўнага; для чароўнай гісторыі — зашмат мэлядраматычнага; для расейскага кіно — зашмат дываноў; для Азіі — занадта расейскага духу.
Румянцава і Казакоў — галоўныя прынады ў гэтым расейскім фільме, але на іх яўна чужое адзеньне — і выглядаюць яны пэрсанажамі «Клону».
Хаця гэтая карціна і саступае «Барану» Андрэя Кудзіненкі, раздражненьня «Дзівосная даліна» не выклікае і ў дажджлівы дзень можа быць прагледжаная — за адсутнасьцю лепшага.
∎
«Дзівосная даліна» («Чудная долина»)
Расея, 2005, каляровы, 76 хв.
Жанр: мэлядрама, рамантычная камэдыя.
Адзнака: 4 (з 10).