Кожная легенда мусіць мець біяграфію

Зь Віктарам Дзятліковічам, аўтарам кнігі «Іх Мроя. Іх N.R.M.», гутарыць Сяргей Будкін.

«НН»: Вы вынесьлі ў назву кнігі займеньнік «іх». Чаму не «свая» ці «наша»?

Віктар Дзятліковіч: Апавядальнікамі выступаюць самі музыкі. Гэта кніга пра іх уяўленьне пра ўласную творчасьць. Ёсьць аўтарскія моманты, даюць сваю ацэнку тагачасным падзеям і сьведкі станаўленьня і разьвіцьця «Мроі». Але асноўная ўвага нададзена словам Давыдоўскага, Вольскага, Дземідовіча, Ляўкова, Паўлава.

«НН»: У кнізе ўсё праўда ці ёсьць і выдумка?

ВД: Кніга дакумэнтальная. Галоўнае, што хацелася, гэта аднавіць факты, якія ўжо амаль сьцерліся з памяці. На некаторыя моманты музыкі забыліся, у гэтым выпадку ўратоўвалі газэтныя публікацыі, хатнія архівы.

Габлюючы архівы, знайшоў шмат цікавых здымкаў, якія раней не публікаваліся, чарнавікі песень. У кнізе можна ўбачыць некалькі варыянтаў «Трох чарапах» ці праўкі Алезіса ў песьні «Мітусьня». Уладзя Давыдоўскі пагадзіўся пагаварыць, хоць у свой час сышоў з «Мроі» з скандалам і доўга для яго гэта было балючай тэмай. Расповед сьведкаў — Віктара Сямашкі, Зьмітра Падбярэскага, Віктара Івашкевіча — таксама мае вялікае значэньне. Калі ўжо была напісана кніга, зразумеў, што не стае ўспамінаў некаторых людзей. Напрыклад, Касі Камоцкай. Падчас напісаньня падавалася, што можна абысьціся і бязь іх. Некаторыя самі адмовіліся гутарыць, як гітарыст «Мроі» Венедыкт Конеў-Петушковіч.

«НН»: Вольскі ня лічыць «N.R.M.» працягам «Мроі», але Вы аб’ядналі гісторыі груп у адной кнізе.

ВД: Але паралеляў між дзьвюма камандамі шукаць не намагаўся. Самі музыкі ўпэўнены, што яны гралі ў абсалютна розных гуртах. Таму «N.R.M.» не выконвае песень «Мроі».

«НН»: Гісторыя «Мроі» пададзена вычарпальна. Але гісторыя «N.R.M.» абрываецца на «Трох чарапахах».

ВД: Не хацелася ператвараць кнігу ў падручнік у найноўшай гісторыі. Пройдзе час, і зноў насьпее патрэба заняцца графаманствам. Перавыданьне чакае свайго часу. Як чакаюць часу кнігі пра творчасьць «Крамы», «Улісу», «Новага неба», наваполацкі рок... Кожная легенда мусіць мець сваю біяграфію.

«НН»: Вас можна лічыць афіцыйным біёграфам «N.R.M.»?

ВД: Я напісаў пра іх кнігу, бо быў зь імі знаёмы і хацеў аддаць даніну павагі. Іх творчасьць жывіць і натхняе. Я шмат ежджу па сьвеце, і калі ў мяне няма дыску зь іх песьнямі, пачуваюся няўтульна. Песьні Вольскага дапамагаюць знайсьці душэўны балянс і павысіць настрой. І ў знак падзякі я зрабіў гэтую працу.

Аўтар першай кнігі пра беларускую рок-каманду Віктар Дзятліковіч жыве паміж Менскам і Масквой. Пасьля гісторыі з арыштам Шарамета і Завадзкага (Віктар тады працаваў у іх камандзе) вырашыў зьехаць у Расею. Стаў карэспандэнтам РТР. Аднак сувязі зь Беларусьсю не губляў, рэдагаваў сайт «N.R.M.», зрабіў інтэрнэт-праект «Беларуская Масква». Паўтара году таму задумаў напісаць кнігу пра «Мрою» — «N.R.M.», дзеля чаго неаднойчы езьдзіў у Менск. Апошнія разьдзелы кнігі аўтар пісаў у львоўскім гатэлі падчас памаранчавай рэвалюцыі. Сёе-тое напісалася ў камандзіроўках у Аўганістан, Чачэнію, на Таймыр. Выйшаў аповед ня толькі пра гісторыю гурту, але й кніга пра супярэчлівыя 1980-я і 1990-я — эпоху Мроі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0