Зь дзяцінства мы памятаем пасечніка Рудога Панька з гогалеўскіх «Вечароў на хутары ля Дзіканькі». Беларускі пчаляр са сваімі дзівоснымі гісторыямі яшчэ чакае свайго часу, каб годна заняць належнае месца ў культуры.

Пчаляр, гаспадар крамы «Сьвет пчолаў» Леанід Дзёмкін пачынаў сваю кар’еру як вэтэрынарны доктар. Колісь працаваў у менскай краме «Пчалаводзтва». Сам ураджэнец Полаччыны, таму ў ягонай краме шмат мёду з пасек Віцебскай вобласьці. Мае свае пасекі ў Расеі ды Ўкраіне. У ягонай краме мы й сустрэліся, каб пагутарыць пра беларускі мёд.

Салодкае сьвята

«Мёд — гэта дыета багоў, — кажа Л.Дзёмкін. — Дык хіба сёньняшнія людзі ня вартыя гэтай дыеты? Пагатоў што ежу самі выбіраюць. Вядома, і сала трэба, і кілбасы паесьці. Але ж наша сэрца на 70% працуе на вугляводах. Мы п’ём газаваную ваду, ямо салодкае — гэтыя цукры не прыносяць карысьці. А мёд нясе здароўе! Мёд — гэта кароль натуральных прадуктаў, хаця гэта й ня значыць, што трэба есьці толькі мёд. Калі чалавек трапляе ў рэанімацыю, яму перш-наперш уводзяць глюкозу — каб мозг прачнуўся і пачаў працаваць дзеля папраўкі чалавека. Глюкоза ўмацоўвае арганізм. А калі чалавек гэта разумее, дык нашто яму ўколы калоць? Ён умацоўвае арганізм мёдам».

Пчаляр перакананы, што мёд трэба есьці ня толькі тады, калі захварэеш, а заўсёды. Зьеў лыжачку мёду — і празь пяць хвілін у гіпаталямусе ўтвараецца сэратанін, «гармон радасьці».

Як вызначыць, ці сапраўдны мёд вам прапануюць? Досыць проста: сапраўдны мёд (без цукровых дамешкаў) цягнецца струменьчыкам, а не ліецца кроплямі.

Мёд з пустазельля

«Ці адрозьніваецца мёд зь Віцебшчыны ад мёду зь Меншчыны?» — пытаюся. І пчаляр тлумачыць, што мёд залежыць ад таго, дзе лятае пчала і зь якіх кветак яна зьбірае мёд. Віцебшчына — найбольш экалягічна чысты рэгіён. Зразумела, гэтыя акалічнасьці ўплываюць на якасьць мёду. «Людзі дбаюць пра сябе — аруць палі, засейваюць. А пчала дбае пра сябе: калі будзе пустазельле — будзе й добры мёд!» — кажа спадар Леанід.

Па-другое, на якасьць мёду ўплывае блізкасьць да вялікага гораду — яго выкіды… Напрыклад, у Дэтройце — горадзе-пабраціме Менску — экалягічны кантроль робяць пчолы. Іх выпускаюць у гарадзкіх раёнах не для таго, каб есьці сабраны мёд, а каб правесьці хімічны аналіз таго, што назьбірае пчала. Які завод дыміць, колькі выкідаў цынку, сьвінцу й інш.

10 мільёнаў кветак

Шараговая пчала жыве ўлетку каля 30 дзён. Пры гэтым ейны «працоўны стаж» (час, пакуль яна носіць нэктар з кветак) доўжыцца каля двух тыдняў. Дый нэктар забраць таксама няпроста. Бывае кепскі, непагодны дзень, і кветкі не аддаюць нэктару. Каб сабраць кіляграм грэцкага мёду, пчале трэба абляцець 10 мільёнаў кветак грэчкі. «Дык прыносіць яна толькі вадзічку. Якую яшчэ 180 разоў прапускае праз хабаток і ўзбагачае сакрэтамі залоз», — тлумачыць Л.Дзёмкін.

Зрэшты, аднафлёрнага (з адной расьліны) мёду ў нас бывае ня так і багата. Найчасьцей ёсьць нейкая асноўная культура, зь якой пчолы сабралі мёд, і нейкія дабаўкі. Ну, калі красуе цэлае поле грэчкі, дык і казаць няма пра што…

Мёд на сто год!

Спадар Леанід частуе мяне мёдам і вучыць правільна есьці яго. Аказваецца, гэта таксама мала што не навука. Мёд трэба есьці не сьпяшаючыся, каб ён усмоктваўся ў паднябеньне. Лепш за ўсё есьці яго з чымсьці: тым, хто днямі не вылазіць з-за кампутара — з арэшкамі, спартоўцам — з курагой… І запіваць гарбатай. Але, каб яна не разбурала якасьці мёду, павінна мець тэмпэратуру прыкладна 40 градусаў.

Калі страўнік ня хворы, лепш за ўсё есьці арэхі зь мёдам упрыкуску. Гэта здаровая ежа, звычная нам: чалавек раней харчаваўся арэшкамі, карэньчыкамі… Грэцкія арэхі ўплываюць на засваяльнасьць крывёй кіслароду.

Галоўная ж перавага мёду ў тым, што ён можа захоўвацца некалькі гадоў, бо не акісьляецца: гэта ж ня сала і ня масла. І некаторыя вугляводы акурат падчас захоўваньня набываюць вельмі важнае значэньне для арганізму. Сьпелы, добры мёд можна есьці й праз 100 гадоў!

Майскі й падзевы

Падзь — гэта салодкая вадкасьць, якую выдзяляе тля й іншая жамяра, што харчуецца травянымі сокамі. Пчолы зьбіраюць яе, як і нэктар. Падзевы мёд, як правіла, цэніцца ніжэй, бо мае горшы смак. Пчолы зазвычай зьбіраюць яго ў другой палове лета, у першай — ідзе кветкавы. «Ну і дарма ня цэняць, — кажа Л.Дзёмкін. — Ён павінен цаніцца вышэй за кветкавы! У ім вельмі шмат мікраэлемэнтаў. Немцы, напрыклад, у гэтай справе вельмі разьбіраюцца і шукаюць падзевы мёд. У мяне адна жанчына прасіла падабраць мёд, апісала патрэбныя якасьці. Я даў падзевага, яна дадала яго ў гарбату — а тая аж пачарнела: такую мёд даў рэакцыю ад узаемадзеяньня з гарбатай. Я расказаў ёй пра якасьці гэтага мёду й прапанаваў замяніць, дык яна мяняць адмовілася».

А вось наконт папулярнага ў пакупнікоў майскага мёду спадар Леанід мае крытычную думку: «Я б не сказаў, што ён найлепшы. Яго цэняць таму, што ён першы. Зьяўляецца сьвежы мёд — адразу на яго ўздымаюць цану. Пачынаюць красаваць травы, у новым мёдзе шмат вітамінаў». Дарэчы, «майскі» — гэта не гатунак мёду (у адрозьненьне ад верасовага ці крушынавага). Гэта проста назва па часе медазбору.

Майскі мёд вельмі смачны, бо не пасьпявае крышталізавацца. Калі мёд захоўваецца даўжэй, ён губляе некаторыя вітаміны. Аднак заміж страчаных якасьцяў ён набывае якія-небудзь іншыя.

Ці ёсьць розьніца паміж беларускім мёдам і прывазным? А як жа! Мёд з Таджыкістану — з бавоўны, з Кіргізіі — горны, з Украіны — сланечнікавы. У Расеі й Украіне шмат сланечнікаў, таму базавы мёд — зь іх. З Алтаю прывозяць мёд, сабраны з зусім іншых кветак, чым нашы…

Здароўе ад пчалы

«Пчалаводы жывуць на 20 гадоў даўжэй за іншых,. Ня толькі таму, што яны дыхаюць сьвежым паветрам. Яны ж вядуць здаровы лад жыцьця: выпіўкі няма, глупствы розныя пчала таксама спыняе. Чалавек павінен быць спакойны, калі падыходзіць да пчолаў, разважлівы. А не халерыкам кідацца да іх, бо пчала яго ўджаліць! У пчалавода пчолы могуць сядзець на руках і не кусаць яго, таму што ён ведае прыёмы, як працаваць зь імі», — разважае Л.Дзём-кін.

На ягоную думку, у вёсцы самы заможны гаспадар — абавязкова пчаляр: «А калі добры пчаляр, дык яму няма калі й іншай гаспадаркай займацца. Бывае, што нават няма калі сваёй гаспадаркай займацца, таму ён іншых наймае, каб бульбу абагнаць. Бо калі шмат пчолаў, дык трэба папрацаваць, каб падрыхтавацца да сэзону — перазімаваць, а зімой — рамкі для пчол падрыхтаваць, вульлі… І кожны зь імі сябруе, бо слоічак мёду нікому не зашкодзіць».

У вясковага пчаляра заўжды чысьціня ў хаце. Пчала ня кожнага прымае: чалавек павінен быць чысты, акуратны, ня мець моцных пахаў. Пчолы «выхоўваюць» чалавека, каб яго вопратка ня пахла бэнзінам, касмэтыкай, бо цэняць натуральныя пахі. Дужа ня любяць пчолы паху алькаголю. Таму пчалаводы — пераважна не аматары выпіць, хаця й маюць медавуху…

Дарэчы, сапраўдную медавуху, ці крупнік, сёньня можна сустрэць хіба што ў аматараў — пчаляроў, кулінараў. Сэрыйнай вытворчасьці мядовай прадукцыі ў нас няма. А вось суседзі нашы шчыруюць напоўніцу. Літоўцы робяць моцны напой «Suktinis», палякі — вараць крупнік, украінцы выпускаюць гарэлку на мёдзе «Nemiroff», а расейцы — і травяны зьбіцень, і нават піва на мёдзе. Чаму ў нас няма ўласнае медавухі?

Леанід Дзёмкін перакананы, што ў нас усё яшчэ наперадзе. «Мы сваіх тавараў ня маем, бо гэта ж вытворчасьць, тэхналёгія! У нас малая краіна, і мала яшчэ пчалаводаў, у якіх больш за 200 вульляў. Сёньняшнія пчаляры — вясковыя працаўнікі: ён і камбайнёр, і пчалавод, і цэлую гаспадарку на сабе цягне. Бываюць такія, хто займаецца толькі пчоламі, але іх вельмі мала. Уявіце, колькі трэба мець пчолаў, каб у вёсцы ні ад кога не залежаць?! Ня менш за 50 вульляў трэба трымаць. А можа, нават і 100. Хаця гэта ня так і многа: польскі пчаляр у сярэднім можа ўтрымліваць 300 вульляў. Але мы яшчэ вельмі далёкія ад гэтага. Як ты разарвесься: адной нагой у калгасе, а другой — каля пчолаў?»

Кожны гатунак мёду мае свае асаблівасьці. Мёд з акацыі амаль не крышталізуецца, а рапсавы крышталізуецца вельмі хутка. Мёд з баркуну амаль бясколерны й празрысты. Сабраны з грэчкі — сьветла-карычневы зь лёгкім чырвоным адценьнем, добра надаецца для кулінарыі. Малінавы — сьветла-залацістага колеру, асабліва добры ў лекавых мэтах. Верасовы — чырванавата-буры, крыху корсткі на смак, мае багата бялку і мінэральных соляў. Сьветлы эспарцэтавы мёд рэкамэндуюць мужчынам з аслабленай палавой функцыяй. Лясны — багаты на адценьні: ад сьветла-жоўтага да цёмна-карычневага. Падзевы мёд мусіў бы цаніцца вышэй за кветкавы: ён надзвычай насычаны мікраэлемэнтамі.

Леанід Дзёмкін — гаспадар крамы «Сьвет пчолаў» на завулку Калініна, 3.

Дзе варта быць

14 жніўня, на праваслаўны Мядовы Спас, каля Нацыянальнага мастацкага музэю ў Менску (вул.Леніна, 20) адбудзецца «мядовае сьвята»: можна будзе пачаставацца мёдам, набыць спэцыяльную літаратуру. Пачатак у 16.30. У 18.00 у музэі адчыніцца выстава «Пчала».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0