Сёлетні шахматны фэст «Пардубіцы-оўпэн» стаў для беларускіх шахматыстаў самым пасьпяховым за ўсю гісторыю паездак у Чэхію.

Грасмайстар Андрэй Кавалёў заваяваў чыстае першае месца ў галоўным турніры, дастаўшы прыз у 3000 даляраў; яго калега Сяргей Азараў апынуўся на трэцім месцы. Выдатна выступілі ў турніры «А», дзе гулялі 58 грасмайстраў, таксама браты Жыгалкі і Мікіта Маёраў, які ні разу не саступіў сваім тытулаваным супернікам (праўда, зрабіў шэсьць нічыіх у дзевяці турах).

Найстарэйшы ўдзельнік турніру Ратмір Холмаў, прайграўшы Андрэю Жыгалку і зрабіўшы нічыю зь Сяргеем, пажартаваў: «Ну вось, цяперака я праэкзамэнаваў усю беларускую шахматную школу». Сп.Холмаў у пэўным сэнсе сам належыць да гэтай школы: выдатны грасмайстар, які ў 1950—1960-я ўваходзіў у сусьветную шахматную эліту, доўгі час жыў у Менску і выступаў за Беларусь. Пасьля перабудовы Холмаў вярнуўся ў Расею. Увесну яму споўнілася 80, але ў Пардубіцах ён узьбіўся на «плюс» — узяў пяць ачкоў зь дзевяці.

Надзея Палівода, чакаючы на зацьвярджэньне ў ФІДЭ тытулу міжнароднай майстаркі, ледзь ня выканала ў Чэхіі і норму грасмайстарскага балу. А вось Рахілі Эйдэльсон крыху не пашанцавала: яна выступала ў пабочным турніры і, паказаўшы добры вынік (6,5 з 9), атрымала толькі «жаночы» прыз — дзесяць даляраў. І тых на закрыцьці не хацелі даваць, бо, празь недагляд арганізатараў, у кампутары не было пазначана, што Рахіль — жанчына! «Налета прыеду выйграваць пятнаццаць даляраў», — пасьмяялася віцяблянка са сваіх прыгод.

Зьміцер Лыбін у Пардубіцах працаваў намесьнікам галоўнага судзьдзі; паводле яго слоў, арганізацыя турніру штогод зьмяняецца ў лепшы бок. Сёлета ўдзельнікі разьмяшчаліся ў прасторнай залі лядовага палацу, і дзякуючы таму, што недзе пад нагамі выпараўся лёд, менш пакутавалі ад сьпякоты. Мо і беларускі «оўпэн» правесьці на хакейнай пляцоўцы?

Як у Менску, так і ў Пардубіцах гульцы былі папярэджаны аб забароне на выкарыстаньне мабільных тэлефонаў у залі. На менскім «оўпэне» судзьдзі пашкадавалі парушальніка — мо таму, што правілы ФІДЭ для беларускіх шахматыстаў пакуль у навіну. У Чэхіі тром удзельнікам, якія ўхітрыліся бомкнуць тэлефонамі, умомант залічылі паразу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0