Расейская прэса піша, што сем маракоў з батыскафа АС-28 на Камчатцы ня выжылі б, калі б ня ўцечка інфармацыі ў СМІ. Армія не зьбіралася зьвяртацца па дапамогу да замежнікаў, хоць ня мела сродкаў для ўратаваньня маракоў.

«Российская газета» сьцьвярджае, што армія акружыла здарэньне покрывам вялікай тайны, бо батыскаф «Прыз» зачапіўся аб антэну пэленгацыйнай сыстэмы «Агам», якая «засякае» чужыя падводныя караблі.

Хоць «Прыз» заграз на дне Бэрынгавага мора ў чацьвер, справа выплыла на публіку толькі ў пятніцу, дзякуючы ананімнаму званку на мясцовую радыёстанцыю «Радыё-3». Патэлефанавала жанчына, якая адрэкамэндавалася «жонкай падводніка» і расказала пра здарэньне з батыскафам, пішуць газэты.

На званок адказала Гюзэль Латыпава, якая супрацоўнічае таксама з агенцтвам «Інтэрфакс». Разам з карэспандэнткай агенцтва «РІА «Навіны» ў Петрапаўлаўску-Камчацкім Аксанай Гусевай Латыпава вырашыла праверыць сыгнал. Калі ў вайсковым штабе са злосьцю адмовіліся ад усялякіх камэнтароў, журналісткі зразумелі, што інфармацыя праўдзівая, і далі ёй ход.

— Мяркую, бяз гэтай уцечкі армія папросту паставіла б крыж на гэтых людзях, бо ў Расеі не было абсталяваньня, каб іх выратаваць. А прасіць аб дапамозе замежныя краіны — не ў традыцыях Расеі. Тая жанчына ўратавала маракоў. Ну, і СМІ, асабліва замежныя, а гэта было вырашальным.

Усяго празь некалькі гадзін пасьля таго, як інфармацыя аб «Прызе» трапіла ў СМІ, яе пацьвердзіла камандаваньне арміі ў Маскве і Ўладзівастоку. Штаб ваенна-марскога флёту Петрапаўлаўску-Камчацкага афіцыйнае паведамленьне апублікаваў толькі ў аўторак, праз два дні пасьля выратаваньня батыскафа.

Армія катэгарычна абвергла ў аўторак апублікаваную «Коммерсантом» інфармацыю пра тое, што маракі на «Прызе» ўжо пісалі перадсьмяротныя лісты. Паводле газэты, яны былі ўпэўнены ў непазьбежнасьці сваёй сьмерці, бо пачулі ад ратавальнікаў, што падчас апэрацыі ні ў якім разе нельга пашкодзіць каштоўнай антэны, аб якую зачапіўся АС-28.

Расейская прэса паведамляе пра размову ўратаваных зь міністрам абароны Сяргеем Івановым, у якую безь перастанку ўмешваўся камандуючы паўночна-ўсходняй групоўкай войск Віктар Гаўрыкаў. Ён «выпраўляў» расказы маракоў, пярэчачы іх словам. Абвяргаў інфармацыю пра загад захаваць антэну. Не зважаючы на пярэчаньні маракоў, сьцьвярджаў, што «Прыз» пасьпелі падняць на некалькі дзясяткаў мэтраў, перш чым да апэрацыі падключыўся брытанскі робат «Скорпіё», які перарэзаў ліні.

Прадстаўнік Ціхаакіянскага флёту падаў журналістам вэрсію падзей, што зусім не стасавалася з аповедамі членаў сямей маракоў.

Алена Мілашэўская, жонка камандзіра «Прызу», якая спачатку ахвотна размаўляла з прэсай, крытыкуючы расейскае камандаваньне, пазьней стала адмаўляцца ад камэнтароў. «Адміралы глядзяць на мяне зь нянавісьцю, і я баюся, што ў мужа будуць праблемы», — сказала яна «Коммерсанту».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0