Бура 9 жніўня была такое сілы, што ўпершыню за пяць гадоў перарвалася трансьляцыя Беларускага тэлебачаньня. У выніку аварый на лініях электраперадачы быў абясточаны будынак на Камуністычнай, 6. 68 раздушаных аўтамабіляў у адным Менску! Безь сьвятла сядзела чвэрць краіны. Але па загадзе прэзыдэнта ўраган будзе канчаткова пераможаны да вечару чацьвярга.

Сьвятло электрычнай лямпачкі набыло чырванаватае адценьне, сьцямнела і ўрэшце згасла. Чорныя абрысы навакольных шматпавярховак ледзь праступілі на тле неба, па якім, нібы звар’яцелыя, несьліся нізкія хмары. Раптам праз выцьцё ветру данёсься рыпучы гук — адно з дрэваў хруснула і пачало імкліва хіліцца да зямлі, скрыгочучы галінамі аб бальконы. Запішчэлі тармазы машыны, якой яно загарадзіла дарогу. Гэткую карціну можна было назіраць у двары аднаго з дамоў па вуліцы Пуліхава. Штосьці падобнае адбывалася па ўсім Менску, па ўсёй краіне.

«Можа, рэвалюцыя пачалася?» — міжволі думалася пры выглядзе адключаных тэлеканалаў. У дадатак да гэтага, у радыёпрымачы дзеля перашкодаў упэўнена лавілася адно «Аўтарадыё», па якім цэлы вечар упарта круцілі «N.R.M.». Аднак «радыёкропка», якая, як вядома, не залежыць ад ніякіх катаклізамаў уключна зь перабоямі з электрычнасьцю, упэўнена вяшчала пра штармавое папярэджаньне.

У ноч з аўторка на сераду «адрубіла» палову Менску, а таксама 4 тысячы гарадоў, мястэчкаў ды вёсак па ўсёй Беларусі. Безь сьвятла сядзела чвэрць краіны. Цікава, што вокны ў «дэпутацкім» доме на вуліцы Лодачнай запаліліся нашмат раней за навакольныя дамы, а падача сьвятла ў Літоўскае пасольства не перапынялася нават тады, калі вуліца Захарава патанала ў цемры.

Раніцай у сераду Менск выглядаў, нібы пасьля шабасу вядзьмарак. Двары заваленыя дрэвамі і засыпаныя вецьцем. Дарогі — таксама відовішча не для слабых на нэрвы. На Партызанскім праспэкце кіроўца «гольфу» ня справіўся з кіраваньнем, выляцеў на ўзбочыну ды проста расьціснуўся ў дрэва. На вуліцы Казлова зялёны «БМВ» разламаў ліпу, як запалку, напалам. Міліцыянт і ўладальнік машыны складаюць пратакол: аўто скралі ды ганялі па горадзе, пакуль стыхія ня ўнесла сваіх карэктываў у маршрут згоншчыкаў.

У гэтую ноч ня шэнціла ня толькі аўтамабілістам, але і тым, хто прынцыпова не сядае за руль. У аэрапорце затрымалі вылеты рэйсаў на Варшаву ды Парыж. Што да цягнікоў, дык дрэвы падалі паўсюль, і саставы затрымлівалі ва ўсіх кірунках, найчасьцей — на маскоўскім. Чатыры кліенты фірмы «Тусон-Ваяж» з прычыны ўрагану патрапяць у Эгіпет з спазьненьнем, калі, вядома, іхны адпачынак увогуле не сарвецца. Справа ў тым, што яны набылі авіябілеты на вылет у Шарм-эль-Шэйх з Масквы, але цягнік выправіўся ў шлях нашмат пазьней. «Ня думайце, што мы ў носе калупаемся, — адказалі «НН» у кампаніі «Тусон-Ваяж». — Мы ўжо тэлефанавалі генэральнаму дырэктару расейскай авіякампаніі «ВІМ-Авія» з просьбай адкласьці вылет. Але гэта зробяць толькі тады, калі будзе хаця б 10 чалавек, якія спазьніліся». Супрацоўнікі фірмы абтэлефаноўваюць калегаў, шукаючы іншых турыстаў, якія трапіліся ў такую ж сытуацыю, каб наскрэсьці тых 10 чалавек. Калі кліенты фірмы не пасьпеюць на вылет, дык мусяць за свае грошы набываць квіткі на самалёт да Эгіпту — расейская кампанія, якая прадае тыя туры, патрабуе ад кліентаў «штраф» у памеры 100% кошту нескарыстанай пуцёўкі. Але ж і вылецець у Эгіпет саматугам складана: усе білеты на бліжэйшыя дні прададзеныя.

Якой лёгікай карыстаецца вецер, сказаць цяжка. Шмат дрэваў паваліла ў дварах, а ў парку Горкага выдзертыя зь зямлі камлі не адразу й адшукаеш.

Паводле афіцыйных зьвестак, у краіне разбураныя 50 дамоў, пашкоджаныя каля 200 трансфарматарных падстанцыяў і больш за 500 км лініяў электраперадачы. У населеных пунктах упала ня менш за 1500 вялікіх дрэваў. Самы трагічны выпадак здарыўся каля вёскі Краснапольле на Расоншчыне: апоўначы там забіла сасною грамадзяніна Расеі, які хаваўся ў намёце.

Прэзыдэнт паставіў задачу справіцца з наступствамі стыхіі ўжо да вечару ў чацьвер. Працы па расчыстцы завалаў збольшага пачаліся, але асаблівага аўралу не назіраецца. Апэратыўна камунальныя службы пашчыравалі ў раёне вуліцы Якубоўскага, дзе кампактна пражываюць людзі з паслабленым зрокам, для якіх паваленыя дрэвы складаюць сур’ёзную перашкоду на звыклым шляху на працу. Рэзаць паваленыя дрэвы там скончылі ўжо ў сераду з раніцы. А вось дрэва, якое павалілася на Рэспубліканскую пэдагагічную бібліятэку, выбіўшы некалькі шыбаў, уранку прыбіраць ніхто не сьпяшаўся.

«Ніводзін чалавек у гэтыя дні не павінен сказаць, што ён ня будзе рабіць тую ці іншую працу», — заявіў Аляксандар Лукашэнка. Між тым, раніцай у сераду БРСМаўцы-пікетоўшчыкі ля польскага пасольства, як заўсёды, пілавалі нікому не патрэбнае бервяно, у той час як навокал ляжалі паваленыя дрэвы, якія ніхто не прыбіраў. Неяк не па-цімураўску выйшла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0