Правакацыя супраць Гавіна

12 жніўня ў Кастрычніцкім судзе Горадні на 15 сутак асудзілі Тадэвуша Гавіна, якога адмыслова прывезьлі са спэцпрыёмніку. Яго абвінавацілі ў бойцы з сукамэрнікам Малішэўскім. Тэрмін будзе адлічвацца з 17 жніўня, калі скончыцца тэрмін папярэдняга выраку.

Кепскі настрой Фарыны

Намесьнік міністра адукацыі Казімер Фарына 3 жніўня наведаў Смургоні. Апэратарам тэлеканалу «Окс-ТВ» адмовілі ў здымках сюжэту: намесьніца старшыні райвыканкаму Сьвятлана Шмыга заявіла рэдактару тэлеканалу Тацяне Карашковай, што «ў намесьніка міністра кепскі настрой».

У Смургонях выдалілі прэсу

У Смургонскай школе мастацтваў 4 жніўня адбылася сустрэча раённага кіраўніцтва з чальцамі Саюзу палякаў і выбары дэлегатаў на паўторны зьезд. З ініцыятывы старшыні раённай філіі СПБ Тэрэзы Пятровай старшыня райвыканкаму Мечыслаў Гой выдаліў з залі прэсу — карэспандэнтку «Местной газеты» Сьвятлану Станкевіч, карэспандэнтку Ганну Шатурку, апэратара Аляксандра Бурава з тэлеканалу «Окс-ТВ», карэспандэнтку «раёнкі» Іну Дабрыдзень.

«Палац» забаранілі

Упраўленьне культуры Менгарвыканкаму не дазволіла гурту «Палац» выступіць з канцэртам 18 жніўня ў клюбе «Белая вежа». Гурту ня выдалі гастрольнага пасьведчаньня без тлумачэньня прычын. Журналістам чыноўнікі кажуць, што да іх не зьвярталіся.

Клімаў будзе сядзець

9 жніўня Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьмен прысуд суду Цэнтральнага раёну Андрэю Клімаву за арганізацыю акцыі 25 сакавіка. Суд прызначыў Клімаву 1,5 году абмежаваньня волі. З улікам адседкі ў сьледчым ізалятары пакараньне цяпер складзе 1 год і 3 месяцы.

Свабодны прафсаюз выселілі

Гаспадарчы суд Менску 9 жніўня прыняў рашэньне пра высяленьне з офісу Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Пазоў падавала ЖРЭТ Партызанскага раёну Менску. Пасяджэньне адбылося без адказчыка, старшыня прафсаюзу Генадзь Быкаў даведаўся пра дату суду й вырак толькі 11 жніўня.

Сядзіба Саюзу палякаў

Міліцыянты не дазволілі групе журналістаў 9 жніўня зьбірацца каля сядзібы Саюзу палякаў у Горадні. Пад пагрозай магчымага штрафу ў 30 базавых велічынь (765 тыс.) журналісты разышліся.

Кіраўніцу СПБ Анжаліку Борыс 10 жніўня выклікалі ў міліцыю, дзе яна давала паказаньні па скарзе Тадэвуша Кручкоўскага: ён заявіў, што зь сядзібы зьніклі сьцягі й пячатка арганізацыі. Паўторны допыт 15 жніўня цягнуўся 1,5 гадзіны. Па факце крадзяжу распачалі крымінальную справу.

Затрыманьні журналістаў

На гарадзенскай мытні 10 жніўня затрымалі журналіста польскага тэлебачаньня «TVP-3» Міколу Ваўранюка: не зважаючы на акрэдытацыю, у яго забралі відэакасэты з матэрыяламі пра падзеі вакол Саюзу палякаў, а самога ня выпусьцілі ў Польшчу. Ён выехаў у Польшчу толькі 11 жніўня. Дырэкцыя Беластоцкага філіялу Польскага тэлебачаньня накіравала ў той самы дзень пратэст на імя генконсула Беларусі ў Беластоку Леаніда Каравайкі.

11 жніўня беларускія памежнікі затрымалі карэспандэнта газэты «Rzeczpospolita» Пятра Касьцінскага пры заезьдзе ў Беларусь на дзьве гадзіны на памежным пераходзе Брузгі: у яго праверылі акрэдытацыю, агледзелі машыну. Паводле слоў памежнікаў, аўтамабіль быў «падобны да таго, на якім павінны былі везьці кантрабанду».

«Медзьвяжатнікі» vs АГП

Ад 11 жніўня штодня адбываюцца перабоі ў рабоце сайту АГП. Невядомыя хакеры за расейскамоўным подпісам «патриоты» заяўляюць, што гэткім чынам патрабуюць пачаць рэальную працу на перамогу ў 2006 г., а не імітаваць дзейнасьць. Зь першага ж дня на «хакнутым» сайце быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг.

«Дню» растлумачылі

11 жніўня дырэктар ТДА «Деньпресс» Мікола Маркевіч атрымаў адказ з пракуратуры Дубровенскага раёну на сваю скаргу: выдавец цікавіўся прычынай канфіскацыі Дубровенскім РАУС газэты «День» 26 траўня, калі яе везьлі са Смаленскай друкарні. Намесьнік пракурора раёну А.Бузікаў сьцьвярджае: канфіскацыя законная, бо «ўказаны ў газэце адрас рэдакцыі не адпавядаў сапраўднасьці» й шэраг апублікаваных артыкулаў «утрымлівалі зьвесткі пра падзеі, якія адбыліся пасьля падпісаньня».

Пратэстанты безь зямлі

Менская гарадзкая землеўпарадкавальная геадэзічная служба 11 жніўня заявіла пра незаконнасьць выкарыстаньня зямельнага ўчастку пратэстанцкай грамадой Поўнага эвангельля «Новае жыцьцё».

Завадзкая абскарджвае

Сьвятлана Завадзкая 12 жніўня падала скаргу пракурору Цэнтральнага раёну Менску на адмову ў адкрыцьці крымінальнай справы па факце яе зьбіцьця.

Падтрымка журналістаў у Барысаве

У Барысаве 12 жніўня адбылася акцыя падтрымкі мясцовых недзяржаўных газэт «Барысаўскія навіны» і «Курьер из Борисова»: ім сьпярша адмовілі ў распаўсюдзе празь дзяржаўную сетку, а потым забаранілі продаж на вуліцы. Удзел у акцыі прынялі некалькі дзясяткаў чалавек — супрацоўнікі выданьняў, актывісты незарэгістраваных моладзевых арганізацый.

Штраф за летнік

Берасьцейскі раённы суд 12 жніўня аштрафаваў старшыню абласной філіі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Валянціна Лазарэнкава і актывіста БХК Ігара Маслоўскага на 20 б.в. кожнага (па 510 тыс. руб.) за «арганізацыю несанкцыянаванага сходу». Гэтак суд кваліфікаваў дзейнасьць летніка для беларускай і ўкраінскай моладзі на базе адпачынку «Белае возера» пры канцы ліпеня.

Севярынец паехаў на «хімію»

15 жніўня асуджаны Павал Севярынец зьехаў на «хімію» — у пасёлак Ветрына за 20 км ад Полацку.

Прэса ў Пінску

Рэдактар пінскай недзяржаўнай газэты «Мясцовы час» Віктар Ярашук 15 жніўня атрымаў адмову з гарвыканкаму: ён прасіў дазволу наладзіць у гарадзкім парку бардаўскі канцэрт з нагоды выхаду сотага нумару выданьня.

Рэгістрацыя прафсаюзу

Пасьля шасьці месяцаў намаганьняў 15 жніўня была перарэгістраваная нізавая арганізацыя прафсаюзу РЭП на ААТ «Рытм» (Рэчыца).

Страйкі ў ліпені

У ліпені стыхійныя страйкі адбыліся на васьмі менскіх прадпрыемствах, паведамляе АГП, у тым ліку на МАЗе, «Інтэграле», мотавэлязаводзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0