У Докшыцах сёлета плянуюць урачыста адзначыць 600‑годзьдзе з даты першай узгадкі пра паселішча. Да падзеі прымеркаваныя работы па добраўпарадкаваньні цэнтру. Сярод плянаў — перанос аўтастаянкі з пляцоўкі перад райвыканкамам у сквэр паміж вуліцай Піянэрскай і агароджай Сьвята‑Пакроўскай царквы.

Гэта зручнае месца, аднак у гэтым сквэры знаходзіцца магіла старшыні валаснога рэвалюцыйнага камітэту Ісака Ванта, ваеннага камісара Івана Клімка і чырвонаармейскага камісара Мікалая Кузьняцова, якіх тутака расстралялі ў жніўні 1919 году.

Палякі на месцы іх магілы збудавалі помнік Пілсудзкаму. Савецкая ўлада зьнесла гэты помнік, аднак магілу не ўвекавечыла. А цяпер яе закатаюць пад асфальт.

Распавядае краязнаўца Кастусь Шыталь: «Архітэктары ня ведалі, што стаянку будуюць на магіле. Калі я пайшоў у аддзел ідэалёгіі райвыканкаму, там сказалі, што будуць разьбірацца».

Янка Зуброўскі, в.Лапуты (Докшыцкі раён)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0