Як выдаць кнігу? Гэтым пытаньнем заклапочаны любы малады аўтар, калі няма грошай, адсутнічаюць сувязі, а часам і проста варожа ставяцца калегі. Выйсьце — некамэрцыйны самвыдат для пачаткоўцаў, яўна апраўдвае сябе. І гэты вопыт ёсьць у Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю.

Усё пачалося чатыры гады таму з выданьня ліцэйскай газэты «Трохкутнік». Час ішоў, і нашы юныя журналісты ды пісьменьнікі дасьпелі і да іншых праектаў. Чаго толькі ні рабілі — і спэктаклі ставілі, і дыскі запісвалі, і кіно здымалі, і выставы арганізоўвалі, вось цяпер і да кніг уласных дарасьлі, выдадзеных «Незарэгістраваным выданьнем «Трыкутнік» НГЛ імя Я.Коласа». Вось якія пазыцыі ўжо зьявіліся.

«Беларускі Гальфстрым». Усё зьмястоўна і канкрэтна. Выданьне граматна падзелена на разьдзелы: «Мы», у якім прадстаўлена творчасьць саміх ліцэістаў, «Майстар-кляса» — творчасьць выкладчыкаў Ліцэю; разьдзел «Каб памяталі» прысьвечаны жыцьцю і творчасьці вядомага гісторыка і выкладчыка ліцэю Ўладзімера Емяльянчыка. Рэдактарская кампанія складаецца зь вядомых прозьвішчаў: галоўны рэдактар — Франак Вячорка, куратары — Хрысьціна Сіўчыкава, Максім Русьць. Яны — лідэры творчай і грамадзкай работы ў ліцэйскім жыцьці апошняга часу. А ліцэйскія аўтары таксама не падкачалі, што ў паэзіі (А.Кажапенка, З.Сьвярдзёлкін, А.Паўлоўская, А.Гусева), так і ў прозе (З.Занкевіч паводле патэнцыялу — будучы Быкаў!). Матэрыял вартасны і густоўны. Уся гэтая «страва» пададзена пад «соўсам» дасьціпных прадмоў Франка Вячоркі і мэтра крытычнага жанру краіны Міхася Тычыны. Адзіны недахоп выданьня — нізкаякасны друк.

Ліцэйскі збор твораў юнага талента Ванькі Булвы «Мая праўда» выдадзены як сапраўдны фірмовы фаліянт — з эксклюзіўнымі фота, камэнтарамі да кожнага разьдзелу. Зборнік — сапраўдная хроніка НГЛ апошняга часу, дзе, паводле слоў М.Тычыны, «ключавым словам ёсьць «Ліцэй». І ў гэтым — існая праўда паэты В.Булвы, які мае ярка выяўленыя здольнасьці ня толькі тонкага лірыка, але й арыгінальнага сатырыка «эзопавай школы».

Уладзімер Дзіско, «Імгненьні смутку». Пра кнігу вядомага выкладчыка й аўтара падручнікаў па роднай мове У.Дзіска хочацца сказаць асобна. Зборнік «Імгненьні смутку» — першая яго кніга, хоць сп.Дзіско піша вершы ўсё жыцьцё. У кнізе ён асабіста для мяне адкрыўся як цудоўны любоўны лірык. Гама пачуцьцяў і перажываньняў, зьвязаных з найлепшымі хвілінамі нашага жыцьця, перапаўняе старонкі згаданага выданьня.

Калі табе ніхто не дапамагае, дапамажы сабе сам — зрабі сваю справу і дакажы, што ты ёсьць! І зробленае ліцэістамі — абсалютны прыклад для маладых людзей, якія пачуваюць сябе сапраўднымі беларусамі і свабоднымі эўрапейцамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0