13 жніўня стартаваў чэмпіянат ангельскае прэм’ер-лігі. Сёлета ўвага да яго ў беларусаў асаблівая. У зорным і магутным «Арсэнале» дэбютаваў паўабаронца нацыянальнай футбольнай зборнай Аляксандар Глеб. А тэлеканал «Лад» дамовіўся пра трансьляцыі матчаў прэм’ер-лігі. Прыярытэт «Арсэналу».

Футбольныя рамантыкі

Чэмпіянат Англіі — найстарэйшае ў сьвеце першынство, што вядзе сваю гісторыю ад 1889 г. Клюбы ж пачалі стварацца куды раней. Большасьць камандаў вышэйшага дывізіёну, што сёлета ўзялі старт ў чэмпіянаце, былі заснаваныя ў 1870—1880-я гады — час, калі айцы беларускай дзяржаўнасьці граліся ў паўстанцаў у парках пры шляхецкіх сядзібах.

За сто зь лішкам год на брытанскіх выспах шмат чаго зьмянілася. Так, чэмпіён Англіі ў 1979 і 1980 г., колісь слаўны «Нотынгэм Форэст» целяпаецца цяпер у трэцім дывізіёне. Звалілася ў другі дывізіён і найстарэйшая каманда Англіі — «Шэфілд Юнайтэд» (заснаваная ў 1848).

Ва ўсім сьвеце ангельскі футбол любяць перадусім за тое, што тут гульня ідзе да самай апошняй хвіліны. Каманда можа за пятнаццаць хвілін да канца сустрэчы саступаць тры мячы, потым хуценька мабілізавацца, за дзесяць хвілін зраўняць лік, але потым прапусьціць яшчэ пару мячоў. Пра глухую абарону, якой так славяцца каманды поўначы Італіі, і гаворкі няма.

Мы і яны

Шкадую, што ня трапіў на першы матч у чэмпіянаце «Арсэналу» — на Глеба паглядзець. «Кананіры» (так завуць «Арсэнал») 14 жніўня на родным «Хайбэры» прымалі «Ньюкасл Юнайтэд». Але раніцай таго дня я ўжо адлятаў з постстрайкавага Хітроў. Звольненыя супрацоўнікі былі адноўленыя на працы, і самалёцікі разьляцеліся з найбуйнейшага лётнішча кантынэнту ва ўсе бакі. Пасьпеў нават на трансьляцыю матчу на «Ладзе».

Таму давялося задаволіцца праглядам аднаго з суботніх матчаў у лёнданскім бары. Дылемы перада мной не стаяла. Адзін са шматлікіх ірляндзкіх пабаў на поўначы Лёндану прапаноўваў гульню майго ўлюбёнага «Манчэстэру Юнайтэд» зь лівэрпульскім «Эвэртанам».

Толькі па дарозе ў паб непакоіла адно пытаньне: ці не зьдзяруць ірляндцы грошы за ўваход?

Месяцы тры таму мне закарцела паглядзець у адным зь менскіх бараў-клюбаў нейкі футбольны матч. Я патэлефанаваў у гэты клюб і запытаў: колькі каштуе ўваход? «Бясплатна, — бадзёра адрапартавалі мне на тым канцы дроту. Толькі вы мусіце замовіць сабе піва і ежы на… 14 тыс. рублёў». Амаль паводле Гілевіча: «Ой, як далёка нам яшчэ да Эўропы!»

Ірляндцы грошай за ўваход не ўзялі. А хто ж сам адмовіцца ад пары пінтаў добрага «Гінэсу»?

Покуль не пачалася гульня, я разглядаў інтэр’ер памяшканьня: партрэты прэзыдэнтаў Ірляндыі, фатаздымкі краявідаў, мапа ўсёй краіны, а паасобныя, стылізаваныя пад Сярэднявечча, — гістарычных абласьцей. Я б не зьдзівіўся, каб тут зьбіраліся ахвяраваньні на дзейнасьць «Шын фэйн». Ахвяраваў бы адзін-два фунты.

Міні-Лёндан

Сталіца Англіі пры канцы ХХ стагодзьдзя стала сапраўдным поліэтнічным горадам. Складваецца ўражаньне, што на вуліцах Лёндану беласкурых лёнданцаў і выхадцаў зь Індыі, Банглядэш, Кітаю ды Афрыкі стала прыкладна пароўну. Такая самая прапорцыя заўважная і ў пабе.

Бар належыць ірляндцам, матч глядзелі дзесьці пяцёра брытанцаў, двое беларусаў і кітайская грамада з чатырох чалавек. Пры канцы першага тайму падцягнулася купка маладзёнаў — індусы, мулаты, італьянец. Але ўсіх яднала любоў да футболу і «Манчэстэр Юнайтэд», які колькі месяцаў таму набыў амэрыканскі мільярдэр Малькальм Глэйзэр.

Выдзяляўся на агульным тле хіба карэнны брытанец, які гучна хварэў за «цукерачак» — такая мянушка ў «Эвэртану». Гэтым матчам на «Гудысан-парку» і адкрываўся ўвесь чэмпіянат. Кінулі манэтку — гульня пачалася.

Найбольш даставалася 20-гадоваму вундэркінду Ўэйну Руні. Уэйн пакінуў «Эвэртан» год таму, перайшоўшы якраз у «МЮ». І кожны ягоны дотык да мяча стадыён сустракаў сьвістам. А калі «бычок» атрымліваў па нагах ці добрага кухталя ад былых таварышаў па камандзе, стадыён даходзіў да экстазу. Шчыра радаваўся кожнаму падзеньню гульца нацыянальнай зборнай Англіі і калега-заўзятар за маёй сьпінай.

Брат супраць брата

Матч быў цікавы па некалькіх парамэтрах. Летась «МЮ» фінішаваў трэцім, «Эвэртан» — чацьвёртым, дый абодва гарады знаходзяцца побач, таму нават выпадае казаць пра дэрбі паўночна-заходняй Англіі.

Раней візытоўкай «МЮ» былі браты Гары і Філ Нэвіл. Яны хоць і не блізьняты, але здаваліся адным цэлым. Але ўлетку манкуніянцы ўзялі і прадалі Філа за 3,5 мільёна фунтаў у «Эвэртон». І ў мінулую суботу Ф.Нэвіл быў самы заўважны ў шэрагах «цукерачак». То зь левага флянгу падыдзе, то з правага прарвецца, а то і з цэнтру падкрадзецца. І тушыў такія пажары ў варот навічка «МЮ» Эдвіна ван дэр Сара акурат абаронца Гары Нэвіл. Праўда, да непасрэдных сутычак паміж братамі не даходзіла.

У «Манчэстэры» вылучаўся Руні, а таксама два замежнікі — галяндзец ван Ністэльрой і адкрыцьцё чэмпяінату сьвету-2002 карэеец Джый-Сунь Пак.

Тут напрошваецца яшчэ адно параўнаньне зь Беларусьсю. Што робяць нашы футбалісты ў нацыянальным першынстве за пяць хвілін да сьвістка на перапынак? Правільна! Ашчаджаюць сілы, каб іх хапіла на марш-кідок да распранальні.

У Англіі ўсё па-іншаму. Каманды пры канцы першага тайму рэзка дадалі ў хуткасьцях, і ван Ністэльрой на 43-й хвіліне забіў першы гол чэмпіянату 2005/06. А ў пачатку другога тайму другі раз вароты «Эвэртану» паразіў Руні. Але, да гонару лівэрпульскага клюбу, ён працягваў упарта змагацца да апошняй сэкунды. Трэнэр Дэвід Моес рабіў замены, нават выпусьціў аднафамільца «коўча» «МЮ» сэра Алекса Фэргюсана — гульца зборнай Шатляндыі Дункана Фэргюсана. Не дамагло. Абарона «Манчэстэру» была непрыступнай.

Клюб беларусаў

У наступным туры 21 жніўня (нядзеля) усіх чакае лёнданскае супэрдэрбі. Жывы этэр на «Ладзе». «Арсэнал» наведаецца ў госьці да чэмпіёна краіны «Чэлсі» і паспрабуе ўзяць рэванш за паразу 7 жніўня ў матчы за супэркубак Англіі.

Цікавыя наступныя паралелі. «Арсэнал» — клюб поўначы Лёндану. Шпацыруючы вуліцамі паўночнага Лёндану, пастаянна сустракаў маладзёнаў у саколках «Арсэналу», аўтамабілі з сымболікай «кананіраў», нават сьцягі клюбу ў вокнах хатаў-катэджаў.

Менавіта на поўначы брытанскай сталіцы знаходзіцца найбуйнейшы асяродак прысутнасьці беларусаў на Туманным Альбіёне — у раёне Фінчлі месьціцца комплекс беларускіх будынкаў — Беларуская бібліятэка-музэй імя Ф.Скарыны, беларускі інтэрнат ды «Мар’ян-Хаўз». А «Беларускі дом» Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі наагул знаходзіцца за некалькі сотняў мэтраў ад стадыёну «Хайбэры». І цяпер Аляксандар Глеб з шасьці лёнданскіх клюбаў спыніў выбар на «кананірах». Вось такія новыя формы беларускай прысутнасьці ў Лёндане.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0