Акуратныя мястэчкі з памаранчавымі хатамі і дыхтоўнымі крыжамі па канцох. Гладкая, нібы люстэрка, шаша. Мокрыя буслы на слупах. Гэта Івейшчына, радзіма Зянона Пазьняка. Мы выправіліся сюды, маючы з сабою ягоную новую паэму «Вялікае Княства», што толькі-толькі выйшла ў Нью-Ёрку. Мы едзем на Івейшчыну, у мястэчка Суботнікі, шукаць сьлядоў Зянонавага Вялікага Княства.

Грунтуючыся на паэме, Галівуд мог бы зьняць фільм кшталту «Горца». Замест несьмяротнага шатляндца Дункана Маклаўда ў ім фігураваў бы беларускі шляхціц Зянон. Спалены маскоўскімі захопнікамі трыста гадоў таму, ён зноўку нараджаецца ў родных Суботніках у сярэдзіне ХХ стагодзьдзя. Праз прыватную гісторыю ягонай сям’і мы адкрываем гісторыю цэлай краіны. У беларускай літаратуры ўжо ёсьць адзін клясычны выпадак вяртаньня з таго сьвету: шляхціц Гервасій Выліваха з Караткевічавай «Ладзьдзі Роспачы». Аднак, нягледзячы на станавае падабенства, імі рухалі розныя матывы. І якраз яны родняць Зянона не з жыцьцялюбам і бабздыром Гервасіем, а зь непрыкметным Гальляшом-медаварам. Помніце? Ён хацеў вярнуцца з апраметнай на адзін дзень. Ягоны родны горад штурмавалі стральцы. Забіты самай раніцай, ён хацеў бы біцца зь імі хоць да вечара — пакуль горад ня будзе захоплены. Усьведамляючы, што загіне ізноў праз пару гадзінаў.

Нарадзіўшыся наноў у тым самым месцы, Зянон трапляе ў іншую краіну зь іншай назвай і іншым народам. Ён і не ідэалізуе «старых добрых часоў» — ставіцца да іх з гумарам гісторыка:

Але ж хіба там жыціна

(Ні кіна, ні асьпірына).

Толькі, праўда, люд інакшы.

Так, сярод ранейшага люду яму было нашмат камфортней. Чаму згінула Вялікае Княства — ідэальная краіна, дзеля якой ён ахвяраваў жыцьцём? Чаму яго народ пераняў мову і звычаі ворага? Чаму любіць чужое і не паважае сябе? Цягам усёй паэмы Зянон будзе вяртацца да гэтых пытаньняў. Шукаць ключы да Вялікага Княства.

Моцны замак Геранёнскі

Найперш мы кіруемся ў Геранёны — маленькае мястэчка з руінамі замку і старадаўнім бела-чырвоным касьцёлам Сьвятога Мікалая, сьцены якога чулі грэшную споведзь Барбары Радзівіл. Маладая манашка, пачуўшы просьбу пабачыць касьцёл зь сярэдзіны, подбегам ляціць у плябань — пытаць дазволу ў ксяндза. Касьцёл прыбіраюць перад імшою. Заўважыўшы, што яе фатаграфуюць, другая сястра кідае месьці, сядае і адварочваецца. Сьцены храму зьнізу ў тон абшытыя сайдынгам. Каля аўтара — відэапраектар і экран (паказваць дзецям тэксты малітваў у часе імшы). Побач сынтэзатар. У куце пад абразом зьвіўся пыласос. Мова мадэрнізуецца павольней за тэхніку: сястра-экскурсаводка гутарыць з намі на дзіўнай сумесі польскіх і расейскіх словаў, хоць паходзіць зь Ліды і хадзіла ў школу ўжо за часамі незалежнасьці.

На геранёнскай пошце ў куце панура стаіць кампутар з мадэмам: «Прывезьлі, але яшчэ не падключылі». На суседнім будынку — антэны мабільнае сувязі. Гэта не зьвязана з тым, што налета ў Геранёнах пачнуць рабіць аграгарадок. Папросту сьвет робіцца ўсё меншы і меншы, і Вялікае Княства ўсё цясьней трапляе ў яго абдоймы.

Адна з самых пранікнёных частак «Песьні пра зубра» Міколы Гусоўскага — малітва за родную краіну да Божае Маці. Зянон вырашыў не спакушаць лёс, спрабуючы стварыць нешта лепшае за ўласную ж «Ave, Maria». Хоць у ягонай паэме ёсьць урыўкі, вартыя таго, каб стаць самастойнымі рэлігійнымі гімнамі.

«Хрысьце, Пане, наш Спадару!

Ўміласьціўся над народам,

Не пакінь яго прад Богам

У халоднае юдолі

Каласкі зьбіраць на полі,

Дзе чужая старана.

Заступіся за краіну,

Нашу мілую шыпшыну,

Дай зямлю нам, наша слова,

Дзе наш род і ўся радня,

Дай нам хлеба на штодня.

Захавай нам наша Княства

Наша слаўна гаспадарства,

Захавай і памажы».

Вера — адзін з ключоў ад Вялікага Княства, цьвердзіць Пазьняк.

Веліч пальшчызны

Непадалёк ад шляхоў, якімі ідуць героі Зянонавай паэмы, ляжаць Тракелі — другі па значнасьці пасьля Будслава беларускі санктуарый. Там захоўваецца цудатворная ікона Маці Божай Тракельскай. Згодна з паданьнем, яе, некранутую агнём, знайшлі ў попеле спаленага маскоўцамі касьцёлу. Новы касьцёл таксама драўляны. У сярэдзіне абабіты вагонкай і ўпрыгожаны сьвяцільнікамі з штучнага хрусталю, якія ў апошнія савецкія гады былі сымбалем дабрабыту. На ўрачыстую ноту настройвае зьяўленьне цудатворнай іконы. Іншы абраз, які яе захінае, у пэўны момант імшы пачынае падымацца. Цуд мэханікі. Яны падобныя, гэтыя дзьве Марыі, Будслаўская і Тракельская. Даўгаватыя хударлявыя беларускія твары, глыбокія цёмныя вочы.

Субота, сьвята Перамяненьня. На імшы — 25 чалавек. Дваццаць сталага веку кабет, двое іх равесьнікаў-мужчынаў і тры дзесяціклясьніцы, якія кленчаць у парозе, пакінуўшы ў прытворы фіялетавы парасон з выявай Мікі Маўса. Апроч іх і хлопчыка-міністранта, які пасьля імшы адразу ж ірве дахаты «на мульцік», моладзі ў Тракелях не відаць. Прычашчаюцца пятнаццаць з дваццаці пяці. «Гасанна на высакошьці…» — лятуць да маці Божай Тракельскай нястройныя малітвы. Няма беларускіх набажэнстваў ня толькі ў Суботніках, але і ў Геранёнах, і ў самым Іўі. Пальшчызна захоўваецца тут у сваёй старадаўняй велічы. Хоць парасткі беларускага ў абвестках, дыяцэзыяльнай газэце «Слова жыцця», нават у мове ксяндзоў. Кабеткі павольна разыходзяцца, скупіўшыся пад рознакаляровымі парасонамі. Насупраць касьцёлу — вялізныя могілкі. За імі, на полі, нягледзячы на ніштаваты дождж, працягваецца бітва за ўраджай.

Паэма Пазьняка нагадвае Шаўчэнкавы — дзе форма ня мае ўлады над эмоцыяй аўтара, а верш зьмяняе хуткасьць, трапляючы на таплякі іншасказаньняў, круціцца, абмінаючы замоўчанае аўтарам, нібы рака Гаўя ў Пазьняковых родных Суботніках. Пазьняк — майстар чорна-белага фатаздымку. Асабліва гэта заўважна ў першай частцы паэмы. Злосныя маскоўцы з сваім «попамаць» блізкія да апэрэтачнасьці, станоўчыя героі амаль ідэальныя. Здаецца, аўтар сам як мага хутчэй хоча праскочыць многія неабходныя для цэласьці сюжэту месцы, не зважаючы на мастацкую вартасьць. Галоўнае — данесьці некалькі істотных думак:

Любіць сябе і Бога — раю,

Бяз Бога ты жыцьця ня маеш

Бо сэнс жыцьцёвы не пазнаеш.

Калі ж народ сябе ня любіць —

То ў самагубцах вечных блудзіць,

І паніжэньнем шлях свой мосьціць,

І прыйдзе час — сябе загубіць.

Другі страчаны ключ да Вялікага Княства — самапавага. Пазьняку-палітыку закідалі непрыманьне аб’ектыўнай рэчаіснасьці, нежаданьне падстройвацца пад сытуацыю, нават фанабэрыю ў адносінах да электарату. А Зянон хацеў дабіцца ня столькі любові да сябе ад народу, колькі павагі да народу — ад сябе. Хацеў, каб народ быў вартым Вялікага Княства.

«Мы яго ня ўстраівалі»

«...Яму не было раўні», — успамінае Крыся Макаўчук. Яна адзіная, хто жыве ў Суботніках з былых аднаклясьнікаў лідэра Народнага Фронту. Усё жыцьцё адпрацавала настаўніцай біялёгіі ў школе. Жыве ў дабрызным доме 1938 году пабудовы з вальмовым дахам. Дом цудам ацалеў у вайну, калі немцы спалілі мястэчка. Хаты, пакрытыя саломай, загараліся ўмомант, а гэны застаўся, бо быў крыты дранкаю.

Пра Зэна яна гаварыць ня хоча: «Не хачу ўспамінаць яго. Я не разьдзяляю яго ўзглядаў». Дазнаўшыся, што гутарка не пра «ўзгляды», адтайвае. «Ён Цялец, а Цяльцам свойсьцьвенна прыніжаць людзей», — кажа Крыся. У школе Пазьняк быў хуліганістым, непаслухмяным. «Яго дырэктар за рукаво цягнуў у настаўніцкую, а Пазьняк ўчапіўся за парту і разам з партай ехаў. Яго тады нават сключылі на два тыдні і адправілі ў Васілевічы хадзіць у школу за кару. Вучыўся ён, вядома, вельмі добра. Чытаў і Маркса, усё чытаў. Але ня слухаўся».

Да настаўніцкага абурэньня неслухам дадаецца і асабістае: «Ён зьдзекаваўся зь мяне. У мяне былі доўгія косы, дык ён мяне прывязваў. Яшчэ быў у нас такі Урбан з Чэхаўцаў, у яго шнар быў на ўвесь твар. А мой здымак вісеў на дошцы гонару ў школе. Дык Пазьняк яго перазьняў, прыклаў здымак Урбана, напісаў «любоў да гроба» і хадзіў усім паказваў. Мора сьлёзаў было». Свайго былога аднаклясьніка яна ня любіць, мусіць, ня толькі праз рахункі дзяцінства. «Трэба, каб у краіне была адна ўласьць і адна палітыка. А ўся гэтая барацьба за беларускую мову бяссмысьленна!» — крычыць яна. І наказвае напасьледак: «Так што вы там напішыце, што я дрэнна адзывалася пра Зянона». «За дзеньгі яны сражаюцца!» — паддае Крысін муж. «Хто яны?» — «БНФ».

«Савецка ўласьць» і «попамаць»

Што яшчэ абурае Крысю — адсутнасьць у Пазьняка «ўдзячнасьці да школы». Ён за ўвесь час ніводнага разу не пераступіў яе парогу. Свае пачуцьці да савецкай сыстэмы адукацыі Зянон тлумачыць дастаткова ясна:

Галоўны сэнс — зламаць асобу,

Зрабіць бязбожніка да гробу

Ды навучыць любіць саветаў.

(Дзеля чаго — ніхто ня ведаў.)

Апошні жывы з школьных пэдагогаў Зянона — Сьцяпан Мураўёў — цэлы дзень быў у малінах. Нарэшце, у яго хаце загараецца сьвятло. Рушым туды.

«Муравьёв, — бадзёра прадстаўляецца 82-гадовы гаспадар у камуфляжнай куртцы. — Ребята, садитесь». Чуючы нашу беларускую мову, пераходзіць на беларускую — добрую правільную мову настаўніка. Палачанін, вэтэран вайны, двойчы паранены, дэмабілізаваны ў 1947-м, ён быў сярод першых усходнікаў тутака. У той страшны час расколу. Заходнебеларускае грамадзтва супраціўлялася саветызацыі. Саветызацыя была крывавая і супраціў ня менш зацяты. Арганізатараў калгасу ў Суботніках прыбілі каламі да зямлі за Гаўяй — як канакрадаў. Апэратыўніка каля Нарбутаў навязалі да сабачай будкі, накпіліся й забілі. Тады вінтоўку можна было купіць у савецкага салдата за жмут махоркі — амаль як цяпер у Чачэніі. А каля вёскі Баравікі, на радасьць мясцовай дзятве, абярнуліся дзьве машыны снарадаў. Дзеці вайны гулялі ў вайну з сапраўднай зброяй. Урэшце мужыкі, далей ад бяды, вывезьлі снарады вазамі і ўкінулі ў раку, там, дзе Лынтупка ўпадае ў Гаўю.

Мураўёў памятае тыя гады, калі «ўласьць мянялася». Таму праз усе 90-я быў непрымірэнным праціўнікам пераменаў. Штогод пад манумэнтальным суботніцкім помнікам воіна-вызваліцеля чытае прамову. І чулі б вы, як чытае! — пасьміхаецца юнак. Дырэктар, ого-го! У яго мянушка была «Генералісымус» праз тое, што вечна кіцель насіў.

Мы чакалі, што Мураўёў будзе ганіць свайго самага знакамітага вучня. Не, ён кажа або добрае, або нічога. Вучыўся вельмі добра, асабліва па гуманітарным цыкле. Іграў многа роляў у драмгуртку. Дысцыпліна? Таксама нядрэнная.

А Мураўёва Пазьняк увекавечыў эпізодам з раньняга сталінскага дзяцінства, калі селяніна абдзіралі як ліпку. Нават сьвіную скуру трэ было аддаваць на падатак. Бяда была, калі хто з «начальства» заўважаў, што ясі сала з скуркаю. На перапынку «завуч Мурашоў» абрынуўся на першаклясьніка:

«Ты гдзе такое сало взял?

Чтоб я те большэ не відал».

У адпаведным разьдзеле паэмы нашмат больш увагі,

чым дзяржаўнай школе, Зянон прысьвячае свайму настаўніку жыцьця, дзеду Яўхіму:

Ня будзем жыць мы і ня пець,

Адно, як вол сьляпы, мадзець

Пакуль ні мы, ні нашы дзеці

Сваёй зямлі ня станем меці.

...хто безь зямлі — не гаспадар

І над краінай не ўладар.

Дзед Яўхім — нібы пастарэлы Міхал з «Новай зямлі», якога ХХ стагодзьдзе навучыла жадаць ня толькі сваёй зямлі, але й сваёй дзяржавы. Гэта адзін з самых выпісаных пэрсанажаў найноўшае гісторыі «Вялікага Княства», якая ператвараецца

ў гісторыю Пазьнякова роду. Зянон нібы паказвае сямейны фотаальбом: вось дзед Ян, вось бацька Стась. Але іх вобразы — гладкія, зь мінімумам супярэчнасьцяў і жывінак. Не Зянонава віна — з гэтымі людзьмі ён на зямлі разьмінуўся. Складаў іх зь сямейных успамінаў.

Гучэў мне дзедаўскі наказ:

Для Беларусі кожны з нас

Павінен краю пасьвяціцца.

Вобраз дзеда Яўхіма выйшаў ясьнейшы, бо Зянон рос пры ім. Уступаючы пад ціскам у калгас, дзед піша ў заяве: «Я, беларус Яўхім Патрэба».

Патрэбам зваўся і шляхціц зь першае часткі паэмы, бацька Зянонавай каханай Любчы. У паэме старая эпоха, нібыта ў перакрыўленым люстэрку, адбіваецца ў новай. Перакрыўленым — бо мы назіраем прадметы і зьявы ў разьвіцьці. Так, Пятрук, «мужык няшчасны», які бядуе аб спаленай маскалямі сям’і, але ў пагоню ісьці ня хоча, у ХХ-м стагодзьдзі ператвараецца ў Петрука з-за мосту, які хацеў вайной забіць Стася Пазьняка, бо той «Купалу чытае». Пятрук марнуе шанец стаць у лавы шляхты, «народу Божага», увасабленьня дзяржаўнасьці і сілы Вялікага Княства.

А вось гісторыя каханьня абрываецца ў XVII ст. З каго Зянон пісаў сваю Любчу? Адказ даюць землякі. «О, ён быў закаханы ў Ядзю Шчыкнаву. Такая гімнастачка была! Але мама не дазволіла яму ажаніцца. Мо праз тое, што Ядзя была за яго старэйшая. Ён толькі Ядзю кахаў. За дзеўкамі ня бегаў, сур’ёзны быў. Нават калі на танцы прыходзіў, ён актыўнага ўдзелу ня браў. А хаця мог бы… Ён на гітары граў, сьпяваў хораша», — з затоенай сымпатыяй успамінае іншая аднаклясьніца, Ядзя Кузьміцкая зь Іўя. Ядзя Шчыкна выйшла замуж у Воршу, там і жыве.

Круглатвара (й праўда — вішня)

І ўсьмешліва, і ўвішна,

Зграбна ў рухах, станам пышна.

І з бацькі позірк не спускае,

І кожны сказ яго вітае.

«Ну, пэўна ж — бацькава дачушка», —

О, з гэтых бацькавых любімчых

Як добры дзеўкі вырастаюць,

Верай, цнотай вас вітаюць,

І надзейнасьцю, і толкам.

Ад такой ня ўзвыеш воўкам.

Засьпяваная ж у XVII ст. песьня аб прададзеным кані абярнулася гісторыяй пра Яўхімавага Коську — сымбаль гаспадаркі, самастойнасьці, апошняга нашчадка тых шляхецкіх «дрыгкантаў добрай язды». Каня ўпраглі ў загразлы калгасны трактар ХТЗ з малатарняй. Гаспадарскі конь надарваў сілы, але ня выцягнуў калгасную тэхніку з багны. Гатовая прыпавесьць.

Біць будуць, мой косю, цябе батагамі,

А я буду плакаць горкімі сьлязамі.

«Калгас ці жывы? А куды ён... — кажа суботнікавец няпэўнага веку ў зашмальцаваным рудым пінжаку. — Сьлесарам там быў. Узяў карову за заробак. На чатыры месяцы наперад. Ну, пяцьсот тысяч. А пасьля гэта, — прамовіста пстрыкае сябе па кадыку чорным ад мазуты пальцам, — на рабочым месцы. Дык во цяпер на трактары. Правы забралі — абласная міліцыя... Пазьняк? Знаю! Прыяжджаў, зьбіраў дзяцей, раскопкі рабілі там...» — махае рукой у бок азярка Сіняе Вока. Пасьля хітравата паглядае на прыежджых уласным хітраватым чорным вокам: «Хочаш, хату Пазьнякову пакажу?»

Падворак з крыжам

Пазьнякоў сусед Фелікс нам ня зьдзіўлены. «Учора во чатыры студэнты БДУ прыходзілі. А нядаўна Беленькі Ганну (маці Зянона) прывозіў зь Менску. Захацелася паглядзець хату». Фэліксаў двор — як фільм Кустурыцы — завалены рознакаляровымі кодабамі і запчасткамі ад старых «масквічоў», зь якіх гаспадар робіць адну машыну. Моцна кантрастуе з прасторай і спакоем Пазьняковага двара. Там нават трава выглядае як пастрыжаная — у найлепшых традыцыях суседзі пасьвяць авечкі. У двары, каля плоту, стаіць трохмэтровы жалезны крыж. Паставіць яго наказала Ганна Яўхімаўна. Хата дагледжаная. Вокны не пазабіваныя, як часам бывае ў нежылых дамах, зацягнутыя шчыльнымі фіранкамі. У адным з пакояў у Зянона была фоталябараторыя. Там без электрычнасьці, з дапамогай сонца, ён праяўляў свае здымкі. Старыя яблыні й абляпіхі ў двары жывыя, але амаль ня родзяць. Каб іх абкопваць пару разоў на год ды ўгнойваць, яны б лепш трымаліся. Хто даяжджае ўвесну, той хай бы браў рыдлёўку. І студню (вада — ля самых рук) каб пачысьціць… Парэчкі дажываюць, засыхае й вішня. Затое піглі вакол склепу бушуюць.

Гонар Пазьняковага двара — старая лістоўніца. Было дзьве, але другую скруціў буран. Ветры ў нашым Княстве веюць буйныя. Пасьля апошняе буры 9 жніўня Суботнікі два дні сядзелі безь сьвятла.

З ганку прыгажэнны від на чырвоную касьцельную званіцу ў шатах старых дрэваў. У вайну, пасьля абстрэлу, расказвае Фэлікс, пахіліўся крыж. І віленскія майстры не маглі даць рады. Дык мясцовы, суботніцкі чалавек паставіў рыштаваньні, залез і паправіў.

І звон касьцельны зноў зьвініць

На радзіме Пазьняка ў касьцёле па-беларуску ня служаць. Айцец Францішак родам з Польшчы. Беларускую мову ён вучыў па дзіцячых казках і, разважаючы на побытавыя тэмы, зьбіваецца на яе. Напрыклад, наракаючы, што людзі цяпер працуюць у нядзелю: «Раней жалі сярпамі, косамі, у нядзелю не працавалі і ўсё пасьпявалі. А цяпер камбайны ўсюды і крык стаіць: хлеб трэба сабраць! Нібыта Пан Бог, калі ўстанавіў шэсьць дзён да работы, а сёмы да адпачынку, ня ведаў, што будзе жніво. А цяпер у калгасе праверкі нават у нядзелю — ці жнуць».

Айца ў Суботніках любяць. Ён ня мае ўлады, але мае веру. І грошы таксама. Ксёндз дапамог школе аргтэхнікай і дах адрамантаваў. На ім ня толькі касьцёл з унікальным склепам графаў Умястоўскіх, але нават сацыяльная інфраструктура, як гэта цяпер прынята называць. «Калі б ня ксёндз, дык і краму гаспадарчую расьцягнулі б, як тую санаторыю. А ён загадаў дзьверы-вокны забіць і перарабіць яе пад шпіталь». Праўда, улада зь яго запатрабавала за гэтую непатрэбу 20 тысячаў даляраў. А такіх грошай і ў ксяндза няма.

На пытаньне, чаму ў касьцёле няма беларускай службы, айцец Францішак ясна не адказвае. Маўляў, няма абсалютнай патрэбы: старэйшыя людзі разумеюць па-польску. А моладзь? Моладзь, нібыта, таксама. Дый кніжак адпаведных быццам бы няма...

Ксёндз, бывае, гаворыць трохі па-беларуску ў канцы службы, — расказвае парафіянка. Толькі некалі ксёндз з Лаздунаў, як падмяняў, служыў па-беларуску. Хоць моладзь мала што разумее ў польскай імшы. «Ранейшыя людзі ведалі польскі язык, бо была Польшча, — прызнаецца спадарыня Яня. — а цяпер ужо многа гадоў Беларусія».

У касьцёле, сярод абразоў, вісіць і партрэт фундатара, графа Ўмястоўскага. Хоць пры жыцьця граф быў касьцёлам незадаволены і нават кідаў фатэлем у адказнага за будоўлю ксяндза Жаброўскага. Калі б пляны Ўмястоўскага ажыцьцявіліся, Суботнікі сёньня маглі б пахваліцца копіяй рымскага сабору Сьвятога Пятра. Але ксёндз Жаброўскі, будуючы касьцёл, узяў за аснову «праект тыповы, дазваляльны і практычны»... З гумарам Пазьняк пераказвае ў вершах бывальшчыну пра фанабэрыстага графа і рэалістычнага ксяндза.

Яму адразу шыбеніца

«Вялікае Княства» — ня першая кніга пра Суботнікі. З рук у рукі перадаюць тут людзі «Мае Суботнікі», аўтарства краязнаўца Казімера Нехвядовіча. Аднак Зянон уздымаецца над краязнаўствам. Па-постмадэрнісцку ён укладае ў вусны сваім героям цытаты з клясычных твораў. У побытавых апісаньнях часьцяком бярэ Коласаву ноту, ва ўзьнёсла-паэтычным апяваньні радзімы — Міцкевічаву. Грае на струнах душы кожнага беларускага чытача.

Увогуле, народ тут не развучыўся чытаць. Нават пад плотам Зянонавай радавой сядзібы валяецца газэта «Голас жыцця». Дыяцэзіяльная, па-беларуску. Ля яе — пляшкі ад піва «Князь Гедымін». Не застаецца без увагі і Зянонаў даробак. Нават нядобразычліўцы прызнаваліся, што перагортвалі яго «брашуркі пра мову», газэтныя артыкулы. У аднавяскоўцах жыве разуменьне, што Пазьняк — самы знакаміты чалавек, якога нарадзіла суботніцкая зямля, але жыве і страх. Страх разьліты па аранжавых мястэчках Івейшчыны, як і па ўсёй Беларусі. Людзі зноў, як за саветамі, баяцца сказаць лішняга. На пачатку 90-х у адных Суботніках сорак чалавек было ў БНФ, а цяпер ва ўсёй Івейшчыне няма ніводнага асяродку незалежнага грамадзтва, каб арганізаваць раённы сход дэмакратычных сілаў.

Пазьняк усё казаў «імпэрыя», быў супраць камуністаў, — кажа іншая Зянонава зямлячка. — Каму такое спадабаецца? Камуністаў нібы ня стала. Хоць хто ў руля стаіць — тыя самыя камуністы. Думаеш, яны перарадзіліся? Пераназвалі гэтыя гаспадаркі, але ад гэтага нічога не залежыць, бо ўсё адно кіруе раіспалком».

«Дзе ж ён вернецца? Яму ж адразу шыбеніца», — разумее Пазьняка Фелікс. А мо рэвалюцыю зробіць? «Дзе там ён зробіць! Гады ня тыя». Феліксу баяцца няма чаго. Унукі падрастаюць. Адзін у Іраку ваюе, у амэрыканскім войску. Шкада, мы зь ім разьмінуліся. Якраз прыяжджаў да дзеда на пабыўку на два тыдні.

Дзе сад цьвіцеў — мяжа адбілась

Адсюль да Вільні 86 кілямэтраў. Да нашай машыны адразу сьцякаецца дзятва. Адзін зь іх, Леанард, распавядае нам, як у трэцяй клясе ён зь сябрам Эдзікам уцёк з урокаў у Вільню да дзеда. Пайшлі лесам, памежнікі не злавілі. Да вечара дайшлі. Сёлета Леанард паступіў у Лідзкае вучылішча на оптыку.

Леанард схадзіў у Вільню. Зянон ня можа дазволіць сабе адваротнага. «Ён папрасіў, каб я прывёз яго ў Дзявенішкі — гэта за пару кілямэтраў ад мяжы», — апавядае Юзаф Русакевіч, які вучыўся разам зь Зянонам, а цяпер настаўнічае ў падвіленскай Майшаголе. «А на радзіму яму няма ходу…»

Не пасьпелі мы разгледзецца каля Пазьняковага падворку, як да нас падлятаюць памежнікі на «Жыгулях», чамусьці з транзытным нумарам. Адзін у форме, другі ў спартовых штанах. Мусіць, рыбачылі на Гаўі. «Хто такія, што такое?»

Суботнікі — памежная зона, і ў свой час на мяжы добра нажываліся многія. Цяпер улада трохі навяла парадак. «Лепш Лукашэнка, чым безуладзьдзе» — пад гэтымі памятнымі Пазьняковымі словамі падпісаліся б многія ягоныя землякі.

І нам ізноў наш круг вярнуўся

А лепей запомнілася іншае яго выказваньне. «Помню, як ён сказаў, у нас выступаючы: «Хоць і з лучынай, але будзем жыць самастойна!» — успамінае Стася Кошчыц, на тры гады старэйшая за Зянона. Яна працавала мэдсястрой у тубэркулёзнай санаторыі, што месьцілася за вёскай, у бары на беразе Гаўі. Санаторыю зачынілі, а карпусы расьцягнулі, і гэта вялікі боль для мясцовых. Той шпіталь быў пабудаваны на грошы Лігі Нацый у 1920-х.

«Божа мой, то быў найпекнейшы шпіталь на цалэй Гродзеншчызьне!» — з сумам распавядае кабетка з малітоўнікам у руках. «Лепшы за цяперашні івейскі?» «У советув ня можа быць цось добрэго! — адразае яна. — Бачылі б панове, як людзі ромбалі тэ пліты! О такей грубосьці! Божа мой, Божа мой!» Яна вяртаецца з касьцёлу і намагаецца гаварыць чыста па-польску. Ёй амаль удаецца.

Трапляў у «санаторыю» і Пазьняк. У дзявятай клясе нават не хадзіў колькі месяцаў у школу: заняўся спортам, выціскаў драўляныя колы замест гантэляў так зацята, што сарваў сэрца, нажыў сабе раматус. Але пасьля перарос хваробу.

«Неужели в нашей истории нет личности, более достойной изучения?» — з злосьцю крычыць нам Стасіна дзябёлая ўнучка. Яна фарбуе хату нажоўта. Жоўты і аранжавы — любімыя колеры ў Суботніках. На падворку стаіць навюткі «Гольф», вакол пасуцца сьвіньні. Стасі, вядома, сорамна за ўнуччына грубіянства. Але й сама яна баіцца.

Пазьняк у камсамоле ня быў. У адрозьненьне ад больш гнуткіх калег. «Як мяне мама біла палкай за тое, што я ў камсамол уступіла, — узгадвае Яня з Каравацкіх. — А што ты зробіш? Куды ты без камсамолу тады пайшла б?»

Загадка той Пазьняк. Людзі столькі пра яго думалі, што легенды зрасьліся з фактамі. Так ня толькі з фразай пра лучыну, але і з момантамі дзяцінства. Стася Кошчыц нам апавядала, што Зянон з малых гадоў быў за ўсё беларускае. Як стане хто з настаўнікаў па-расейску выкладаць, ён упрочкі з клясы. Маўляў, ня буду слухаць на вашай расейскай мове. У нас усё мусіць быць па-беларуску.

На суботніцкай плошчы, між касьцёлам і прыватнай крамай Кабаковай, давялося пераканацца, што героі паэмы жывуць ня толькі ў Зянонавым уяўленьні. Давялося сутыкнуцца з лукашысцкай рэінкарнацыяй Яся Нупрэйкі, «белага» шавініста часоў вайны:

Знаем вас, прапагандыстаў,

Балабонаў, антыхрыстаў!

Беларусь павыдумлялі!..

«Гнаць вас атсюда нада! Гранатамі! — амаль даслоўна раве п’яны, пачуўшы, што мы цікавімся Пазьняком. — Шчас Суботнікі найму! Што з Польшчай зрабілі, паглядзіце-паслухайце. Мала вам — яшчэ прыехалі сюды. Агітатары, тваю маць», — і аддаляецца ў накірунку крамы Кабаковай. Добра, што ў руках палатняная торба, а не абрэз. «Гэта не тутэйшы», — тлумачыць нам пацанва. «Вы зь Менску? — зьдзіўляецца хлопчык. — дайце газэты пачытаць, што ў Менску робіцца». Хлопец на ровары, як аказваецца, сын настаўніцы беларускай мовы. Гэтыя жэўжыкі ўжо падрабляюць на зерняскладзе. І летась падпрацоўвалі — зарабілі па 70 тысяч. Праца без выхадных па 6 гадзінаў у дзень.

Дарослыя ж у Суботніках падрабляюць тым, чым і ўся памежная зона. Ганяюць машыны з Польшчы й Марыямпалю, асабліва пад замову.

Пазьняковая купіна

Зянон быў складаны для многіх землякоў. З малых гадоў маляваў, фатаграфаваў, глытаў кнігу за кнігай. Многа з маці часу бавіў. Быў абасоблены ад аднагодкаў, занятых чыста дзіцячымі клопатамі. Ён рана стаў дарослым.

«Закладзена ў яго нешта было», — кажа Стася Кошчыц. «Іхі род такі. Пазьняковая купіна, як у нас тут называлі. Яны ўсе такія, — пацьвярджае Яня. — Дзед ягоны Ян нейкую суполку арганізаваў. А маці Ганна? Я ехала зь ёй у аўтобусе, дык яна мне казала: «Глядзіце, якія дамы. Хіба можна сумленна зарабіць грошай на такі палац? Гэта ўсё на крадзеныя грошы пастаўлена, і ў іх усё «сканфіскуюць». А то расказвала, што ў Зянона дома нават кіліму няма — кляёначка. Што Зянон кожны дзень нейкую кнігу купляе і што тых кніг у яго столькі сабралася, што ўжо на сьценах месца бракуе, дык ён зрабіў палічкі, да столі падвешаныя. Нашто, кажу ж, столькі кніг, усё адно ён іх не перачытае. Перачытае, дарагая, запэўнівае яна, ён усе гэтыя кнігі ведае».

«Прыяжджаў да нас і выступаў чыста па-беларуску, — успамінае Яня. Нешта так мне панравіўся! Прапаведаваў, што раньша наша гасударства было большае, Беларусія была ад мора да мора. А кажуць, недзе ў Лідзе сказаў, што «хоць з лучынай, а мусім жыць самастойна», дык нібыта абсьвісталі яго». «Хоць з лучынай, але самастойна! — успамінае і Стася. — Я сама гэта слышала!» — пераконвае яна.

Я вярнуся

Калі ж пачынаецца гаворка пра сёньняшнія палітычныя пэрспэктывы, большасьць крывіцца. «Шэсьць мільёнаў тон, сем мільёнаў тон. Чаму ж тады ў яго ў краме хлеб усё даражэе, калі такія ўраджаі?» «Так доўга людзі правіць не павінны». «Вы думаеце, за яго нехта тут галасаваў? Усё пакрыта мракам». Або проста, ціхенька, у наш бок: «Пазьняк быў харошым чалавекам. Многія яго тут чакаюць».

— Думаеце, вернецца?

— Вернецца! — пэўная Марыся Гражынская.

У гэтай жанчыны такі сьветлы твар, што ёй ня можна не паверыць. Такія знаюць.

Пах флёксаў плыве над мястэчкам. А гэты смак белага наліву, што расьце на школьным двары! За яго аддаў бы ўсе смакоты сталіцы. У рачулцы Матруне дагэтуль вядзецца стронга. Зянон, мусіць, сьніць тую хвіліну, калі зможа зноў вярнуцца ў свае Суботнікі, у свой рай. У сваё Вялікае-Вялікае Княства.

Здымкі Андрэя Лянкевіча

Адкуль Суботнікі

Як сьведчыць легенда, аднойчы з Наваградку ў Геранёны везьлі абраз. І якраз на месцы Суботнікаў коні прысталі й не захацелі далей ісьці. Людзі мусілі заначаваць і збудавалі ў гэтым месцы паселішча. Было тое ў суботу, і ад гэтага сталі Суботнікі.

Дзядзька Матыль

Суботніцкая славутасьць нумар два пасьля Пазьняка. Дзядзька крыху старэйшы за Пазьняка, які ў часе вайсковай службы «пільнаваў Леніна» — быў у крамлёўскім палку. Стаяў у ганаровай варце каля маўзалею і на прыёмах у Крамлі. «Было найгорай стаяць у варце і слухаць анэкдоты Будзённага. Такія салоныя расказваў, хоць ты вушы затыкай».

Дзядзька Хрэн

Пазьняковы далёкія сваякі больш у Суботніках не жывуць. А былі ж раней, і то якія! Як анэкдот, у Суботніках успамінаюць, як малога Зэна маці паслала да дзядзькі Яся, у якога была мянушка Хрэн. Малы вазьмі дый ляпні: «Дзядзька Хрэн, дайце посьцілку, мама прасіла!» «Я табе пакажу хрэна!» — узьвіўся дзядзька, і з папругай за Зянонам. Пра сілу Зянонавага стрыечнага брата Казіка Білюка хадзілі легенды. Аднойчы гэты цяжкаатлет трактар з-пад лёду выцягнуў.

Паэму Зянона «Вялікае Княства» можна будзе прачытаць у наступным нумары часопісу «Дзеяслоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0