Адлюстраваньнем мёртвага стану СНД на саміце ў Казані могуць стаць ня толькі абяцаныя ўкраінскія ініцыятывы, але і тлеючы канфлікт унутры апарату выканкаму Садружнасьці.

Першыя гады створанай на абломках СССР Садружнасьці Незалежных Дзяржаў кожны саміт суправаджаўся прыгожымі абяцаньнямі лепшага жыцьця, што аказвалася чарговымі ілюзіямі. А ў менскай штаб-кватэры апарат СНД працягвае сам па сабе валтузіцца, плодзячы праекты дакумэнтаў, якіх ніхто не выконвае. Варта нагадаць, што кіраўнік выканкаму СНД Уладзімер Рушайла ўвесь час сядзіць у Маскве, а функцыянаваньне менскага офісу забясьпечвае яго першы намесьнік Дзьмітры Булахаў. Той, што працаваў у 1994-м у перадвыбарным штабе кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнкі.

Прыйшоўшы да ўлады, Лукашэнка забыў шмат каго са сваіх памочнікаў, сярод якіх апынуўся і амбіцыйны экс-дэпутат Булахаў. Але ў адрозьненьне ад іншых, адхіленых ад «карыта», празь некалькі год дасьведчаны юрыст і былы сьледчы зноў спатрэбіўся правіцелю і быў пасаджаны ў фатэль першага намесьніка старшыні выканкаму СНД.

Праца ў садружнасьці з мацёрым апаратчыкам Юр’ем Яравым, які тады ўзначальваў выканкам СНД, у адносна маладога яго першага намесьніка ладзілася. Няма падстаў сьцьвярджаць, што з прыходам на месца Ярава іншага мянта, Рушайлы, камфотны стан у Булахава захаваўся. Дагэтуль ён забясьпечваў надзейны кантроль Лукашэнкі над усёй работай менскай штаб-кватэры СНД. Чаго пакуль ніяк не ўдаецца зрабіць зь іншым інтэграцыйным органам — Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы. Гаварлівага П.Барадзіна падазраюць у неабгрунтаваных растратах сьціплага бюджэту віртуальнай дзяржавы.

Як вядома, праект новай супольнасьці, што памяняла шыльду на Саюз Беларусі і Расеі (СБіР), закліканы быў надаць новы імпульс інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Яго ўдзельнікі называюць СБіР самым прасунутым інтэграцыйным праектам. Праўда, падставовыя пункты дагэтуль нябачанай у сьвеце саюзнай дзяржавы, якімі зьяўляюцца адзіная валюта і Канстытуцыйны акт, працягваюць заставацца ў тумане мрой. І ўтварэньне гэтае ўсё часьцей сталі называць па аналёгіі з адной з разрэклямаваных сумесных праграм — «Саюзны тэлевізар». А наконт, паводле азначэньня Пуціна, «клюбу для разводу», якім была названая СНД, і наагул адсутнічаюць прыметы жыцьця. Засталося толькі афіцыйна канстатаваць сьмерць Садружнасьці.

Дзеля новага жыцьця на развалінах савецкай імпэрыі былыя браты і сёстры пачалі ствараць розныя структуры па гарызанталі: ГУАМ, ЭўрАзЭС, АДКБ, АЭП. А зусім нядаўна ў Баржомі прэзыдэнты Ўкраіны і Грузіі паведамілі аб тым, што зьбіраюцца стварыць новую міжнародную структуру — Супольнасьць дэмакратычнага выбару, якая мусіць аб’яднаць дэмакратыі балта-чарнаморска-касьпійскага рэгіёну. Пасьля сустрэчы ў «Артэку» ўжо чатырох прэзыдэнтаў стала відавочна, што Ўкраіна, Грузія, Польшча і Літва павінны скласьці касьцяк будучай структуры.

Украінскае МЗС, камэнтуючы ідэю прэзыдэнтаў, запэўнівае: новая структура ня будзе проціпастаўляць сябе СНД. «Супольнасьць дэмакратычнага выбару» ня можа быць альтэрнатывай СНД ні па пакліканьні, ні па прызначэньні», — заявіў кіраўнік МЗС Украіны Барыс Тарасюк, адзначыўшы, што СНД за ўсе гады свайго існаваньня ня здолела вырашыць праблем краін-удзельніц. Іншымі словамі, на думку спадара Тарасюка, Супольнасьць дэмакратычнага выбару ўсё ж здолее нейкія праблемы вырашыць. Больш за тое, мяркуюць назіральнікі, калі яе ініцыятарам удасца рэалізаваць сваю ідэю, іх праект можа стварыць багата праблем Маскве. І выявіцца яны павінны ўжо на казанскім саміце СНД.

Як растлумачыў першы намесьнік кіраўніка выканкаму Садружнасьці Дзьмітры Булахаў, адно з асноўных пытаньняў назначанага на 26 жніўня ў Казані пасяджэньня Рады кіраўнікоў дзяржаў СНД — удасканальваньне і рэфармаваньне органаў Садружнасьці Незалежных Дзяржаў. Час дыктуе новыя задачы і новыя формы работы ў рамках СНД, заявіў Булахаў. Разам з тым, ён удакладніў, што на саміце прапануецца вырашыць пытаньні тэхнічнага характару, аднак Садружнасьць можа стаць больш дзейснай арганізацыяй, калі дзяржавы СНД здолеюць наладзіць шчыльнае супрацоўніцтва ва ўсіх сфэрах жыцьцядзейнасьці — эканамічнай, сацыяльнай, гуманітарнай, у пытаньнях процістаяньня новым выклікам і пагрозам сучаснасьці. З улікам пасоўваньняў лідэраў краін СНД, што адбываюцца па гарызанталі, надзеям Булахава не наканавана спраўдзіцца. Зрэшты, як і прапановам «вырашыць пытаньні тэхнічнага характару, зьвязаныя з колькасьцю апарату». Садружнасьць беспэрспэктыўная. І водгаласам рэальнай сытуацыі зь ёй ёсьць некаторыя закулісныя справы ў выканкаме СНД.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ужо не адзін месяц тлее нежартоўны канфлікт паміж кіраўніком выканкаму СНД і ягоным першым намесьнікам. Адсутнічае асабісты кантакт паміж імі, што выглядае яўна не нармальна. Чыноўнікі кажуць, што канфлікт дасягнуў такога напружаньня, што Булахаў дэманстратыўна адмовіўся ехаць у Маскву да свайго начальніка з праектам парадку дня саміту ў Казані. А Рушайла ўсяляк дэманструе нікчэмнасьць свайго першага намесьніка, часам спрабуючы прынізіць Булахава перад падначаленымі. То нібыта бязь ведама гаспадара ўскрываецца працоўны кабінэт Булахава, то распаўсюджваюцца «зьверху» ўсялякага кшталту чуткі пра ягонае маральнае аблічча. Кампэтэнтныя крыніцы сьцьвярджаюць, што Булахаў, які прадстаўляе Рэспубліку Беларусь, фактычна адхілены ад спраў, зьвязаных з забесьпячэньнем дзейнасьці найважнейшых органаў Садружнасьці — Рады кіраўнікоў дзяржаў і Рады міністраў замежных спраў. Менавіта Булахаў курыраваў пытаньні легітымацым вынікаў выбараў на постсавецкай прасторы.

Усё гэта можна было б сьпісаць на звычайныя апаратныя інтрыгі, калі б ня быў Булахаў крэатурай Лукашэнкі. А ў Маскве не высьпявала крымінальная справа аб Рушайлу з падачы думскага «адзінароса» Хінштэйна. Можа, і пра справы смутныя ў выканкаме СНД гаварылі ў Завідаве заклятыя саюзьнікі. І ў Казані ўсе ўдзельнікі саміту будуць гадаць: хто ж са скандальных чыноўнікаў у апараце СНД застанецца «жывым»?

Расея шантажуе краіны СНД

Расея мае намер кардынальна зьмяніць палітыку на постсавецкай прасторы, і гэта тычыць ня cтолькі яе дачыненьняў з краінамі СНД, колькі з ЗША і дзяржавамі ЭЗ. «Сутнасьць новага кірунку палітыкі заключаецца ня ў тым, каб аднавіць нейкі ўплыў Расеі, нібы страчаны ў выніку Аранжавых рэвалюцый. Яго і не было, былі толькі марна патрачаныя грошы і крадзяжы расейскага газу. Мэта заключаецца ў тым, каб стасункі Масквы з Вашынгтонам і эўрапейскімі структурамі на тэрыторыі былога СССР набылі цывілізаваны характар», — заявіла высокапастаўленая крыніца ў Крамлі.

«У нас хопіць цярпеньня, нават калі на гэта спатрэбяцца гады, каб растлумачыць сваім партнэрам па СНД, што Масква не зьбіраецца аднаўляць савецкую імпэрыю, — адзначыла крыніца. — Аднак Расею не задавальняе становішча, пры якім яна фактычна субсыдуе эканоміку шэрагу краін, пастаўляючы ім энэргарэсурсы па стратных для сябе цэнах, а народы там па-ранейшаму галадаюць. Менавіта такія сытуацыі і ствараюць глебу для Аранжавых рэвалюцый. У крамлі прызнаюць, што Расея сама дапусьціла сур’ёзныя памылкі: у 1990-я не было ні грошай, ні часу, ні палітычнай волі, каб займацца ўмацаваньнем Супольнасьці.

Гэты выцек інфармацыі скіраваны на адрас Беларусі, бо менавіта Беларусь спажывае расейскія энэрганосьбіты па льготных цэнах і акурат у Беларусі многія аналітыкі бачаць глебу для Аранжавай рэвалюцыі. Гэтак своеасабліва Масква нагадвае свайму нібыта «саюзьніку» Аляксандру Лукашэнку пра дагэтуль не падпісанае міжурадавае пагадненьне пра пастаўкі газу ў 2006 годзе і затрымку з выездам пасла Аяцкава.

Паводле РІА «Навіны»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0