Напярэдадні US Open
Максім Мірны й швэд Юнас Б’ёркман выйгралі ў парным разрадзе прэстыжны тэнісны турнір сэрыі «Мастэрз» у Цынцынаці, перамогшы ў фінале зымбабвійцаў Уэйна Блэка й Кевіна Ўльета. Посьпех даў ім магчымасьць перамясьціцца на першае месца ў рэйтынгу найлепшых пар, а ўласна Мірнаму — з чацьвёртага на другое месца ў індывідуальным рэйтынгу парных тэнісістаў.
У панядзелак, 29 жніўня, у Нью-Ёрку стартуе заключны этап сэрыі «Вялікага шлему» — Адкрыты чэмпіянат ЗША па тэнісе. Сёлета на Адкрытым чэмпіянаце Францыі Мірны й Б’ёркман ужо перамагалі.
Ці кропка ў справе Грабоўскага
У панядзелак арбітражны камітэт Фэдэрацыі хакею Расеі / Прафэсійнай хакейнай лігі прызнаў кантракт форварда зборнай Беларусі Міхаіла Грабоўскага з казанскім «Ак Барсам» несапраўдным, дазволіўшы хлопцу выступаць за маскоўскае «Дынама». Грабоўскага не дыскваліфікавалі, як таго патрабаваў рэглямэнт. Аднак будзе праведзена расьсьледаваньне правамоцнасьці дзеяньняў беларуса і яго агента.
АР; belapan.com, sport-express.ru