Кожны, хто хоць краем вуха чуў пра Альжыр, ведае, што гэта арабская краіна. Але арабскі сьвет — паняцьце стракатае і зусім не маналітнае.

Ці можна называць арабамі асырыйцаў, коптаў, ліванскіх маранітаў? А мальтыйцы, чыя дзяржава лічыцца самай каталіцкай пасьля Ватыкану, аднак зьяўляецца членам Арабскай лігі? Палестынцы, адстойваючы свае правы на «зямлю абяцаную», сьцьвярджаюць, што маюць кроў старажытных хананеяў. Альжырцы ж — «народ ісламскі па рэлігіі, арабскі — па мове, бэрбэрскі — па паходжаньні». Хто ж такія бэрбэры?

Яны здаўна насялялі поўнач Афрыкі, Канары і Пірэнэі. Бэрбэры — карэнныя афрыканцы, але ня нэгры. Першыя эўрапейскія дасьледчыкі лічылі іх арыйцамі — нашчадкамі вандалаў. Гітлер бедаваў: «Мы страцілі германцаў, якіх у паўночнай Афрыцы называлі бэрбэрамі». Аднак бэрбэры жылі ў Афрыцы задоўга да вандалаў. Грэкі ведалі іх як лібійцаў, фінікійцы і рымляне — як маўраў (адсюль псэўданім бацькі дзіцячай літаратуры Беларусі). Сябе яны называюць «амазіг» («вольныя людзі»). Гэта ганарлівы народ. І ён мае чым ганарыцца.

Бэрбэрамі былі фараоны — лібійская дынастыя старажытнага Эгіпту (X—VIII ст. да н.э.). Стварылі яны і ўласныя дзяржавы — Маўрытанію, Гарамантыю, Нумідыю. Апошняя знаходзілася на тэрыторыі сучаснага Альжыру. Хто вучыў гісторыю Рыму, павінен памятаць нумідыйскага цара Югурту, які прадказаў пагібель «вечнага гораду», калі на яго знойдецца пакупнік. Дый арабам давялося патраціць на заваёву Магрыбу значна больш часу, чым на захоп Эгіпту.

Нават прыняўшы іслам, бэрбэры хіліліся да розных ерэтычных плыняў і склалі свой Кур’ян. Дзеля барацьбы за чысьціню ісламу ўладары Магрыбу запрасілі бэдуінаў, якія, паводле слоў выдатнага арабскага філёзафа Ібн-Хальдуна, прайшлі як саранча. У выніку зьніклі цэлыя племянныя саюзы бэрбэраў. Арабізацыі спрыялі таксама наплыў бежанцаў з Андалюсіі, умацаваньне сярод бэрбэраў ісламу. Сёньня найбольшую самабытнасьць (уласнае пісьмо, падзел на касты, свабоднае становішча жанчын — твар закрываюць мужчыны) захавалі туарэгі — жыхары Сахары і аазісаў, асабліва тыя, што жывуць не ў арабскіх краінах (Малі, Нігер, Буркіна-Фасо). Але аб спробах палітычнага ці культурнага адраджэньня гэтых герояў караткевіцкага апавяданьня «Сіняя-сіняя» не чуваць. Арабізацыя бэрбэраў у Тунісе і Маўрытаніі практычна завершана.

У Альжыры і Марока ўсялякая спроба ўзьняць бэрбэрскае пытаньне абвяшчалася спробай раскалоць нацыю. Бэрбэры адыгралі выключную ролю ў барацьбе за незалежнасьць. Вобласьць іх знаходжаньня — Кабілія — была галоўнай партызанскай базай. Пасьля перамогі бэрбэры не атрымалі нічога. Вывучэньне іх мовы, сьпяваньне песень і нават само слова «амазіг» былі забаронены.

Менавіта бэрбэры зьяўляюцца носьбітамі заходняй — францускай культуры, і большасьць франкамоўных пісьменьнікаў Альжыру — бэрбэры. У Францыю бэрбэры перанесьлі сваю дзейнасьць. Там бэрбэрскімі нацыяналістамі была створана катэдра бэрбэрыстыкі, выйшла анталёгія «Бэрбэрская вясна». Найбольшага ўздыму бэрбэрскі рух дасягнуў у 80-я гады ХХ ст., калі прыйшоў у заняпад «самакіраваны» сацыялізм у Альжыры, а бэрбэрызм сустрэў моцнага суперніка ў выглядзе ісламізму. Перашкаджаюць бэрбэрыйскаму адраджэньню адсутнасьць агульнапрынятага пісьменства, падзеленасьць на кланы.

Дык што, бэрбэры зьнікнуць у арабскім моры? Калі так, то будзе шкада, бо зьнікненьне народу заўсёды нагадвае рэпэтыцыю канца чалавецтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0