Беларуская літаратура павінна быць удзячная Ўладзімеру Замяталіну. Дзякуючы яму яна набыла, здавалася б, ужо страчанага паэта. Паэт можа быць самым таленавітым. Але найлепшыя яго вершы нараджаюцца тады, калі жыцьцё здаецца скончаным: кар’ера не ўдалася, палюбоўніца абазвала імпатэнтам, «чарніла» выпіта, а на новае няма грошай. Тады, у стане вымушанага адзіноцтва і безграшоўя, паэт пачынае пісаць тое, што і складае запас высокай — непапсовай — паэзіі. Новая кніга Ўладзімера Някляева «Так» была напісана ў Варшаве, Хэльсынкі і недзе ў паветры паміж Варшавай і Хэльсынкі. Была напісана ў сьмешным і недарэчным выгнаньні, на якое Някляеў асудзіў сам сябе канфліктам з тагачасным вярхоўным ідэолягам Замяталіным.

І пацьвердзілася заканамернасьць: «Так» — несумненна, найлепшае з напісанага Някляевым. Менавіта таму, што там, у Варшаве і Хэльсынкі, ён нарэшце адчуў сябе адзінокім, нікому не патрэбным. Ён пазбавіўся прывычных суразмоўніц і прывычных сабутэльнікаў.

Першы раз за ўсё жыцьцё

Новы год

у адзіноце —

і такое пачуцьцё,

як адзін

у самалёце.

Адзіны суразмоўнік, які застаўся паэту, — Бог. Дый тое занадта часта даводзілася размаўляць праз пасрэднікаў.

Ступiў апостал зь неба на зямлю,

I першае, што ёй сказаў: «Люблю».

Другое, што сказаў апостал ёй:

«Усё тут стане некалi зямлёй».

А трэцяе, што ён сказаць бы мог,

Ён не сказаў, бо тое скажа Бог.

Бог у Някляева розны. Часьцей за ўсё — усёведны судзьдзя, які чакае свайго часу, каб высьветліць адносіны з паэтам, які многа — мно-ога! — грашыў.

…я прамоўлю апошняе слова —

Бог судзьдзя…

а душа да суда не гатова…

так у мора, што зеўрыць сурова,

выплыць страшыцца

напалову

непрасмоленая ладзьдзя.

Але ня быў бы Някляеў беларусам — у глыбіні душы ягонай усё-такі тоіцца надзея на тое, што гэты судзьдзя — ня толькі ўсеведны, але й літасьцівы, карумпаваны, што ён лёгка паддаецца на такія старыя фінты, як публічнае пакаяньне, прызнаньне ўласных памылак, і даруе шматгрэшным, бо многа кахалі.

А паэт шчыра каецца і прызнаецца ва ўчыненым. Першая частка кнігі — уласна вершы — безьлюбоўная лірыка, якую, аднак, і «грамадзянскай» не назавеш. Спавядальная яна.

Ужо ў прадмове да кнігі — дакладней, у тэксьце, які «замест прадмовы», — шчыра гаворыць ён пра напісанае. «А для чаго я iх пiсаў? Каб паступiць у тэхнікум, у iнстытут, у Саюз пiсьменьнiкаў, каб паехаць за мяжу, каб атрымаць мэдаль, ордэн, займець прэмiю, каб працаваць у часопiсе, на тэлебачаньнi, каб стаць карэспандэнтам, загадчыкам аддзелу, галоўным рэдактарам — i гэтак далей, i далей, i далей, i чорт яшчэ ведае, для чаго…» Гаворыць паэт гэта пра ўласныя аўтабіяграфіі. Але ж у Паэта няма іншай аўтабіяграфіі, апроч вершаваных кніг. Таму і ўсё сказанае вышэй — як прэамбула да кнігі-споведзі. Выходзіць, што і вершы пісаў, і выдаваў для таго самага — каб стаць загадчыкам аддзелу, галоўным рэдактарам, ляўрэатам, ардэнаносцам, і гэтак далей, і далей, і чорт яшчэ ведае, для чаго.

І чытаеш ягоны верш «Апошні кароль» — нібыта пра Станіслава Аўгуста Панятоўскага — аж не, аказваецца, пра самога Някляева.

Прысьнiўшы Польшчу ў ложку Кацярыны,

Аднойчы ён падумаў: «О-ё-ёй,

Якiя будуць жарцiкi i кпiны

Па часе над каронаю маёй!..»

Ды ведаць ён ня мог i палавiны

З таго ўсяго, што станецца пасьля,

Што заблiшчыць аздоба караля

Начным гаршком у спальнi Кацярыны.

Ён хiтраваў, гатовы да вянца

З iмпэрыяй!..

Зразумела, што гэта можна трактаваць траяка. З аднаго боку, вядома, гістарычная прытча заўсёды мае рэальную аснову. У гэтым выпадку — шлях Панятоўскага да польскай кароны ляжаў праз гарачыя абдымкі расейскай імпэратрыцы. З другога боку, вядома, можна разумець гэтую гісторыю як папярэджаньне дзейнай беларускай уладзе: маўляў, не гуляй, кароль Рэчы Паспалітай, з імпэрыяй — усё роўна ў імпэрыі выйграць немагчыма. Але ёсьць і трэці сэнс — гэта аповед, трохі прыхарошаны, пра няспраўджаны раман паэта і беларускай улады. Колькі ні прадавай свае пацалункі, не дапаможа. Прыходзіць вось такі Замяталін, і застаюцца паэту ўсяго толькі адны сны,

Шырокiя, як Кацярыны ложак.

І абсалютна заканамерна, што пасьля аповеду пра гэтае няспраўджанае каханьне — ці ня самага эратычнага ва ўсёй жорсткай і скупой на эмоцыі кнізе — адразу ідзе верш «Новы Сьвят» — дыялёг Сталіна і Бэрыі (зразумела, пэрсанажы гэтыя гавораць выключна па-расейску), што суправаджае расстрэл няўдалых абаронцаў свабоды. Усьведамленьне, што ад любові да нянавісьці з боку ўлады будзе толькі адзін крок, спараджае страх і жаданьне бегчы.

Што і адбываецца. Верш «Уцёкі», які завяршае першую частку кнігі, пра ўцёкі і гаворыць. Зноў — шчыра, як на споведзі. І хоць паралель для ілюстрацыі сваіх уцёкаў Някляеў выбірае, мякка кажучы, паважаную — самога Міцкевіча, — але ўцёкі ад гэтага менш ганебнымі ня робяцца. Таксама — самаацэнка.

Звяршаюць кнігу дзьве паэмы. Яны — як пералёт з краіны ў краіну, з Польшчы ў Фінляндыю.

Першая — «Палянэз» — бліскучая ілюстрацыя стаўленьня да сучаснай Беларусі і сучасных беларусаў з боку тых, хто іх (гэта значыць нас) ведае, так сказаць, гістарычна. Яе канфлікт — сутыкненьне паэта з польскай актрысай Яблонскай (сапраўдны!), якая ўпарта адмаўляецца прызнаць у ім спадкаемца гордых ліцьвінаў. Для Яблонскай мы ўсе — статак баязьліўцаў, няздольных усьвядоміць, што за свабоду трэба біцца ўсур’ёз.

Народы б’юцца ўсе за волю —

А вас у волю не ўпiхнуць…

У лес зьбягуць — i ў iм жывуць,

Жывуць, жывуць…

І нясьмелы голас паэта, які апраўдваецца:

— Мы партызаны…

— натыкаецца адно на горкую ўсьмешку: хто-хто, а ўжо Польшча, якая кожныя трыццаць год падымала паўстаньні супраць захопнікаў, якая турэмнымі зьняволеньнямі найлепшых сваіх сыноў заплаціла за права быць свабоднай і дэмакратычнай краінай, — Польшча ўжо нам цану ведае. Сапраўдную. Усяму нашаму народу. А які народ, такія і паэты.

Але з рук манаха прымае наш паэт у касьцёле агонь у пазбаўленыя скуры рукі свае, каб адчуць боль — за сябе, за Айчыну, за тое, чаму спраўдзіцца ўжо ў шэсьцьдзесят год ня дадзена. Абы ўдалося данесьці… Але — куды? Каму? Нашто?

І разьвітаньне з Варшавай, тапаграфічна дакладны маршрут, якім і мне даводзілася хадзіць, а таму пазнавальны і трагічны.

Ад Польшчы, гордай, як пані Яблонская, самалёт паэтавай адзіноты ляціць у Фінляндыю.

І тут ужо няма ніводнага зразумелага і блізкага слова (ня Польшча, не славяне), а ёсьць чужая міталёгія і чужыя гукі, экзатычныя, што зьліваюцца ў мэлёдыю, яшчэ неаформленую. Усе гэтыя пэрсанажы «Калевалы»: Вяйнэмёйнэн, Ільмарынэн, старая Лоўхі — яны сучаснаму філялягічна непісьменнаму чытачу (а можа, і самому паэту), як славуты Смальгомскі барон з «Іванавага вечара» Жукоўскага: незразумела, чым гэты самы ўладар Смальгольму знакаміты, але гучыць страшэнна прыгожа. Экзотыка адчуваецца. А ўсё астатняе можа быць як і ў нас, бульбашоў. Саўну ж асвоілі?

Так і праз вобразную і рытмічную аснову чужога эпасу прабіваецца родная «Лявоніха» — прычым літаральна, з тэкстам, перапісаным Някляевым і вострым, бліскучым, які занава прымушае паверыць у вечнасьць фальклёру! А праз аповед пра чужых людзей (што нам Гекубы?!) дакладна гэтак жа пачынаюць прабівацца ўспаміны пра дзяцінства, пра маці, пра луг, на якім маленькаму Воўку некалі пчала дала джала.

Пах травы і мёду адчуваецца. Ад тугі знаходзіш вобразы больш выразныя, незабыўныя і непазбыўныя, усё больш і больш заражаючы чытача гэтым самым пахам. І паэма гэтая — хоць і фінская паводле пачатковага пасылу — аказваецца беларускай паводле канчатковай сутнасьці сваёй. І назва апраўдваецца: «Ложак для пчалы».

Таму што чалавечае цела, грэшнае, баязьлівае, потнае, мае сэнс толькі тады, калі рэагуе на боль і любоў.

Любоў — была, нічога ня скажаш.

Боль — пчала ўджаліла. Зразумеў, спазнаў цану сабе, свайму жыцьцю, сваёй паэзіі.

На скрыжаваньні двух гэтых скалананьняў, любоўнага і болевага, нараджаюцца вершы. Моцныя, у якіх і боль, і любоў адначасова. І ты сам разумееш: усё, старую, ганебную старонку перагарнулі. Ты апраўдаўся за ўсё сваё паскуднае жыцьцё. Нашчадкі будуць бачыць цяпер у табе ня жопаліза-ляўрэата, не вяльможнага функцыянэра, які аддана чытае тосты на задушэўных вечарынках у віцэ-сьпікера, а сапраўднага, моцнага, па-мужчынску дужага беларускага паэта, прах якога ня сорамна будзе з часам унесьці ў нацыянальны Пантэон.

Дай толькі Бог — літасьцівы і карумпаваны, — каб і да праху, і да Пантэону было яшчэ далёка.

Хочацца ж прачытаць яшчэ адну такую кнігу Някляева. «Так» вось выйшла. Вось. Так.

АЛЯКСАНДАР ФЯДУТА — публіцыст, літаратуразнаўца.

Уладзімер Някляеў. Так: Кнiга паэзii. — Менск: В.Хурсiк, 2004. — 232 с.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0