У сьвеце два дзясяткі каранаваных абразоў. Тры зь іх знаходзяцца ў Беларусі.

28 жніўня ў Горадні, ля бэрнардынскага касьцёлу, адбылася каранацыя абраза Маці Божай Кангрэгацкай. У гэты ж дзень адзначалася таксама 300-годзьдзе Фарнага касьцёлу. На сьвята прыбылі ня толькі герархі каталіцкай царквы Беларусі на чале з кардыналам Казімерам Сьвёнткам, але й госьці. З Масквы прыехаў пастыр расейскіх каталікоў карэнны гарадзенец арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Сьвецкую ўладу прадстаўлялі кіраўнік Гарадзенскай вобласьці Ўладзімер Саўчанка, старшыня Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Саўміне Станіслаў Буко.

Пазалочаную срэбную карону для абраза зрабіў мастак-рэстаўратар Уладзімер Кіслы. «Ускладаньне кароны не зьмяняе нічога на небе. Гэта наш знак пашаны да гэтага абраза: мы сьведчым сваю павагу да зьдзейсьненых ім цудаў», — патлумачыў адзін з ксяндзоў, што прысутнічалі на каранацыі. Вядома 120 цудаў, зьдзейсьненых гэтым невялікім (18х22 см) абразом.

Гарадзенская выява Маці Божай Кангрэгацкай — трэці з каранаваных абразоў у Беларусі. Першы — у Лагішыне пад Пінскам, другі — у Будславе. Агулам жа ў сьвеце каранаваных каталіцкіх абразоў усяго каля двух дзясяткаў.

Ікона, якая знаходзіцца ў гарадзенскім фарным касьцёле з 1666 г., вядомая ва ўсім сьвеце як абраз Маці Божай Сьнежнай: ён зьявіўся ў храме Санта Марыя Маджорэ ў Рыме на Эсквілінскім пагорку, які ў жнівеньскую сьпёку 352 г. засыпала сьнегам. Асьвечаныя копіі цудатворнага абраза разыходзіліся па ўсёй Эўропе. Аднак толькі гарадзенская выява мае назву Маці Божай Кангрэгацкай.

Абраз зьявіўся на Гарадзеншчыне на пачатку XVII ст. праз дамініканаў, зьмяніў некалькі ўладальнікаў. А ў 1666 г. патрапіў студэнтам гарадзенскага езуіцкага калегіюму. Студэнцкая суполка (кангрэгацыя) у тым самым годзе падаравала абраз новазбудаванаму тады езуіцкаму касьцёлу. Так абраз атрымаў эпітэт «кангрэгацкі». Сам касьцёл ня быў тады асьвячоны: гэтая падзея адбылася толькі ў 1705 г. у прысутнасьці караля Аўгуста ІІ і расейскага цара Пятра І.

Да 300-годзьдзя асьвячэньня і прымеркавалі абрад каранацыі абраза Маці Божай Кангрэгацкай, хоць Папа Ян Павал ІІ даў дазвол на гэта яшчэ ў 2003 г. Сёлета новы пантыфік Бэнэдыкт XVI блаславіў усіх удзельнікаў урачыстай цырымоніі й павіншаваў вернікаў зь юбілеем асьвячэньня касьцёлу.

Нібы далучыўшыся да сьвята, на хмарным ад самай раніцы небе заблішчэла сонца пасьля таго, як кардынал Сьвёнтак замацаваў на абразе карону. Ці ня самай прачулай была прамова арцыбіскупа Кандрусевіча. Згадаўшы гарадзенскую маладосьць, арцыбіскуп распавёў: «Яшчэ калі я быў малады, то атрымаў параду: калі хочаш добра вучыцца, маліся гэтаму абразу». І нездарма: да Маці Божай Кангрэгацкай і цяпер перад кожнай сэсіяй прыходзяць багата студэнтаў. Нагадаў Тадэвуш Кандрусевіч і пра сам культ Маці Божай, які ў яшчэ ня так даўнія савецкія часы быў «катакомбным»: «Яна Маці Касьцёлу і ўсяго адкупленага чалавецтва». Дарма што ўжо колькі гадоў арцыбіскуп жыве ў Расеі, ягоная беларуская ані не пацярпела: прамова гучала чыста і сакавіта.

На цырымонію сабралося каля дзесяці тысячаў вернікаў з усёй дыяцэзіі. Спадарыня Фэліцыя прыйшла на мыліцах — незадоўга да таго зламала нагу. Сама яна парафіянка іншага касьцёлу, але гэта не нагода, каб прамінуць сьвята: «А як жа іначай! Як правільна сказаў Кандрусевіч, бяз Бога — не да парога...»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0