Асудзілі грузінаў
Затрыманых 24 жніўня разам з каардынатарам незарэгістраванай арганізацыі «Зубр» Уладзімерам Кабцом актывістаў грузінскай «Кмары» Георгія Кандэлакі й Луку Цуладзэ зьмясьцілі ў спэцпрыёмнік на Акрэсьціна. Пракурор санкцыяваў іхнае затрыманьне на 3 сутак. МЗС Грузіі 25 жніўня асудзіла неабгрунтаванае затрыманьне сваіх грамадзянаў.
26 жніўня грузінаў зьвінавацілі ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы краіны. Аднак 27 жніўня не дэпартавалі, а пакінулі ў спэцпрыёмніку. 29 жніўня іх асудзілі на 15 сутак за «дробнае хуліганства». Затрыманым не далі 25 жніўня сустрэцца з грузінскім дыпляматам, 29 — з адвакатам Паўлам Сапелкам.
Акцыю ў падтрымку затрыманых актывістаў «Кмары» 26 жніўня, арганізаваную «зуброўцамі», жорстка разагналі АМАПаўцы. Затрымалі актывістаў «Зубра» Аляксея Ляўковіча, Мікіту Шуцянкова, Аляксандра Курбіцкага, Антона Дубовіка, Натальлю Вушко. Непаўнагадовых М.Шуцянкова й А.Дубовіка выпусьцілі праз гадзіну. Астатніх засудзілі на 10 сутак.
Ператрус у кватэры Борыс
У кватэру А.Борыс 29 жніўня ўварваліся міліцыянты з крымінальнага вышуку. Удома была ейная сястра Ганна. Міліцыянты заявілі, што расьсьледуюць справу зьбіцьця Міхала Дворчака, прадстаўніка польскага камітэту «Салідарныя зь Беларусяй»: невядомыя напалі на яго каля дому Борыс і забралі заплечнік. Міліцыянты сышлі праз 15 хвілінаў, калі дадому прыехала А.Борыс з польскімі журналістамі.
Журналістаў штрафуюць тройчы
Штрафамі ў дзьве базавыя адзінкі (51 тыс.) пакарала адміністрацыйная камісія Ленінскага раёну Горадні 24 жніўня рэдактара часопіса «Magazyn Polski» Андрэя Пачобута і рэдактара газэты «Głos znad Niemna» Анджэя Пісальніка. Іх зьвінавацілі ў вытоптваньні траўніка падчас несанкцыяванага пікету ў абарону газэты «Głos znad Niemna» 6 ліпеня. За ўдзел у самім пікеце іх ужо каралі штрафамі, а таксама наклалі забарону на выезд за межы краіны, пакуль ня сплоцяць штрафы.
Затрымалі актывістаў СПБ
Карэспандэнта газэты «Салідарнасьць» Івана Романа і журналіста А.Пачобута 26 жніўня затрымалі на выезьдзе з Шчучына ў напрамку Ваўкавыску. Міліцыянты заявілі, што іхная машына крадзеная. Абодвух журналістаў павезьлі ў Горадню. 29 жніўня А.Пачобута аштрафавалі на адну базавую велічыню (25 500) за «дробнае хуліганства»: яго зьвінавацілі, што нецэнзурна лаяўся каля Шчучынскага райаддзелу міліцыі. І.Романа таксама аштрафавалі на 1 б.в. за дробнае хуліганства.
У Ваўкавыску ж 26 жніўня затрымалі кіраўніка Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі СПБ Мечыслава Яскевіча: яму закідаюць намер арганізаваць несанкцыяваны мітынг падчас правядзеньня зьезду ў Ваўкавыску. Актывіста СПБ Станіслава Пачобута, затрыманага 26 жніўня, асудзілі 29 жніўня на трое сутак, зьвінаваціўшы, што нецэнзурна лаяўся ў прысутнасьці міліцыянтаў.
Справа шчучынскіх ключоў
25 жніўня ў Горадні журналістаў А.Пісальніка і А.Пачобута і намесьнікаў старшыні Саюзу палякаў Юзафа Пажэцкага і Веслава Кеўляка назвалі падазраванымі ў крымінальнай справе паводле арт. 185 Крымінальнага кодэксу. З заявы дырэктара Дому польскага ў Шчучыне Віктара Богдана справу завяла тамтэйшая раённая пракуратура. Паводле ягонай заявы, зьвінавачаныя змушалі Богдана пад пагрозай расправы выдаць ім ключы ад Дому польскага і пакінуць сваю пасаду. Журналістаў выклікалі ў міліцыю як сьведкаў і толькі там выдалі ім пастанову аб прызнаньні падазраванымі. Максымальнае пакараньне паводле арт.185 КК — два гады абмежаваньня волі («хіміі»).
Праблемы польскіх журналістаў
Апэратара польскай тэлевізіі Рамана Варашыцкага 25 жніўня не пусьцілі ў Беларусь. Па тлумачэньні памежнікі параілі зьвярнуцца ў Генэральнае консульства Беларусі ў Беластоку. Варашыцкі ўжо некалькі разоў прыяжджаў у Горадню асьвятляць канфлікт з Саюзам палякаў.
Справа аўтамабіля Кручкоўскага
У Ленінскім РАУС Горадні 23 жніўня дапыталі віцэ-старшыню Саюзу палякаў Юзафа Пажэцкага: сьледчага цікавіла, дзе ён быў уначы з 6 на 7 студзеня, калі згарэў аўтамабіль Тадэвуша Кручкоўскага. Старшыньку СПБ Анжаліку Борыс дапытвалі з гэтай жа нагоды 22 і 26 жніўня.
Беларусь адкідае абвінавачваньні ЭЗ
Прадстаўнік МЗС Р.Есін 25 жніўня заявіў, што Беларусь «як паўнапраўны чалец Міжнароднай арганізацыі працы ў поўным аб’ёме выконвае забавязаньні, узятыя ў рамках гэтай арганізацыі». Камісія Эўразьвязу дала Беларусі 14 месяцаў для выкананьня рэкамэндацыяў Камісіі па расьсьледаваньнях МАП: шэсьць месяцаў — каб прывесьці заканадаўства ў адпаведнасьць з узятымі абавязкамі, і яшчэ восем месяцаў — на ўласна выкананьне рэкамэндацыяў МАП. У іншым разе Беларусь пасьля гэтага тэрміну пазбавяць гадлёвых прэфэрэнцыяў.
Ціснуць на прафсаюзы
25 жніўня ад Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў і Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) запатрабавалі цягам двух дзён падаць у Мін’юст зьвесткі пра колькасьць сяброў і структуру арганізацыі. Інфармацыю павінны падпісаць старшыня прафсаюзу і кіраўнік кантрольна-рэвізійнага органу. Кіраўнік РЭПу Генадзь Фядыніч заявіў, што выканаць патрабаваньне ў такі кароткі тэрмін немагчыма: сам ён у адпачынку, а сябры рэвізійнай камісіі жывуць у розных рэгіёнах краіны.
Папярэджаньне рэдактару «Борисовских новостей»
Барысаўская пракуратура 25 жніўня вынесла афіцыйнае папярэджаньне рэдактару недзяржаўнай газэты «Борисовские новости» Анатолю Букасу за публікацыю матэрыялаў, што парушаюць заканадаўства. Падставай для папярэджаньня сталі публікацыі пра судовы разгляд крымінальнай справы Букаса. Работнікі пракуратуры палічылі, што закон парушаны публікацыяй па незавершаных матэрыялах судовай справы безь пісьмовага дазволу судзьдзі.
У Бярозе ціснуць Губарэвіча
Адміністрацыйная камісія Бярозаўскага райвыканкаму 26 жніўня разглядала пратакол Дамачаўскага аддзяленьня Берасьцейскага РУУС на дэпутата Белаазерскага гарсавету Юрася Губарэвіча. Дэпутата вінавацілі ў распаўсюдзе «Інфармацыйнага бюлетэню», які «пагражаў існуючаму ладу». Губарэвіч зазначыў, што бюлетэнь, які мае выходныя зьвесткі, не распаўсю-джваўся, а быў знойдзены ў багажніку ягонага аўтамабіля. Дэпутат запатрабаваў перанесьці разгляд пратаколу ў сувязі з шматлікімі парушэньнямі, а таксама выклікаць сьведкаў інцыдэнту. Камісія пагадзілася.
Затрымалі ў Горадні
Юрыста незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна» Вадзіма Саранчукова затрымалі ўвечары 26 жніўня на вакзале, адкуль ён меўся ехаць у Ваўкавыск, на зьезд СПБ. Нарад міліцыі ўзяўся правяраць дакумэнты, а потым «высьвятляў асобу» так доўга, што даехаць у гэты дзень да гораду Саранчукоў ня здолеў.
Высяляюць фонд Сапегі ў Віцебску
Віцебская філія фонду імя Лява Сапегі 27 жніўня атрымала з адміністрацыі Першамайскага раёну загад да 1 верасьня пакінуць памяшканьне. Памяшканьне зьбіраюцца тэрмінова перадаць іншаму наймальніку.
Зьдзек у Магілёве
У Магілёве ўначы 29 жніўня бяз дай прычыны затрымалі актывіста незарэгістраванай арганізацыі «Зубр» Яўгена Суворава: міліцыянты, як паведамляе сайт арганізацыі, проста пазналі хлопца, якога ўжо затрымлівалі два месяцы таму. У 1-м аддзяленьні Ленінскага РУУС Магілёва хлопца, паводле інфармацыі сайту, закавалі ў кайданкі, зрабілі «ластаўку». Дакумэнты пра затрыманьне не складалі.
Штраф за партсход
Актывіст ПКБ А.Новік 29 жніўня аштрафаваны Берасьцейскім раённым судом на 40 б.в. (1 млн 20 тыс.) за «правядзеньне несанкцыянаванага сходу». Гэткім чынам быў кваліфікаваны сход суполкі ПКБ 9 ліпеня па вылучэньні дэлегата на Кангрэс дэмсілаў, што адбываўся па яе юрыдычным адрасе.