Гарантыя дзяржаўнай стабільнасьці
Прачытаўшы матэрыялы моўнай дыскусіі, якая разгарэлася на сайце «Наша думка», я сумеўся. Не чакаў, што праблема — хутчэй, трагедыя — беларускай мовы можа выклікаць у расейскамоўнай эліты такія развагі й пасажы. Згадалася мэмарыяльная дошка Якубу Коласу, што замацавана на прыватным доме на вуліцы ягонага імя ў Полацку. Шыльда паведамляе: «Улица названа в честь Якуба Коласа — народного поэта Белорусской ССР, одного из основоположников новой белорусской литературы». А вуліца тая — хутчэй, маленечкі завулачак у раёне прыватнай забудовы Запалоцьце, з тупікамі з абодвух бакоў. Маўляў, якія могуць быць прэтэнзіі — мы шануем вашага клясыка, вось і вуліцу назвалі яго імем, і нават шыльду адпаведную прыкруцілі. Толькі ад такога шанаваньня моташна робіцца.
Неяк гасьцяваў у мяне былы няўдалы палітык, які таксама апантана даводзіў, што беларусізацыя ў Беларусі прывядзе да трагедыі, бо людзі, і прыклад у яго ёсьць — моладзь у краінах Балтыі, адарвуцца ад расейскай мовы, а айчынная навука з тае прычыны наагул загіне. Аднак ці можна ўявіць такое, каб беларус не зразумеў расейскай мовы? Каб, знаходзячыся ў мэдыйнай прасторы Расеі, страціў веданьне вялікай і магутнай? І ніхто ж не патрабуе гвалтоўнай беларусізацыі.
Беларуская мова мусіць быць проста дзяржаўнай, як тое зафіксавана ў Канстытуцыі. Мовай улады і нацыянальнай культуры. І гэта абсалютна не датычыць выбару мовы для прыватнага карыстаньня. Але калі чалавек зьбіраецца ў палітыку, веданьне мовы краіны мусіць быць бездакорным. Гэтаксама і СМІ ў краіне (тыя, што фінансуюцца зь дзяржбюджэту) мусяць быць беларускамоўнымі. Перш за ўсё тэлебачаньне. Прыватную ж газэту выдавайце хоць на мове эвэнкаў.
Таму большасьць беларускіх палітыкаў, дзеячаў культуры і навукі абсалютна адэкватна прарэагавала на навіну пра тое, што «Нямецкая хваля» зьбіраецца рабіць беларускі блёк па-расейску. Нечакана адбылася кансалідацыя людзей з розных палітычных лягераў і сотні іншых вядомых у краіне людзей. Яны выступілі ў абарону прынцыпаў будучай беларускай дзяржаўнасьці. Пратэст прагучаў наступным чынам: калі гэта такая дапамога, дык нам яе ня трэба. Гэта апанэнты з «Нашай думкі» папрыдумлялі русафобію.
Сёньня ўжо відавочна, што краіна Беларусь можа адбыцца толькі зь вяртаньнем у паўнацэнны ўжытак беларускай мовы, як Літва — зь літоўскай, а Ўкраіна — з украінскай. Інакш наш дзяржаўны карабель бясконца будзе «штарміць» на хвалях «саюзнай інтэграцыі» і «пачуцьця меншых братоў». Беларуская мова — гэта ня толькі культурны скарб (спадчына), але і гарантыя дзяржаўнай стабільнасьці, самакаштоўнасьці і годнасьці. Інакш у найлепшым выпадку застанёмся з расейскамоўнымі бутафорскімі шыльдамі на завулках з тупікамі.
Алесь Аркуш, Полацак
▶
Разьвялі на грошы
Толькі прачытаўшы заяву нямецкай амбасады, робіцца зразумела, што «Нямецкая хваля» спэцыяльнага вяшчаньня для Беларусі рабіць увогуле не зьбіраецца і не зьбіралася.
Журналісты ня будуць ствараць тэкстаў перадач для Беларусі. Здаецца, гэтага ня толькі я, а і большасьць нашых людзей ня ведаюць.
Гэта ж, аказваецца, будзе паўтор перадач (расейскіх і зробленых для Расеі) расейскай рэдакцыі «Нямецкай хвалі», якія яны палічаць (ці не палічаць) цікавымі і для беларускага слухача. Расейская рэдакцыя такім чынам проста дадатковыя грошы сабе выдурыла ў Эўразьвязу. Павелічэньня працазатрат у супрацоўнікаў радыёстанцыі, за што звычайна грошы плацяць, тут ніякіх няма.
Тое самае, калі расейская газэта публікуе артыкул пра падзеі ў Беларусі ці адносіны зь ёй, разьлічаны на расейскага чытача, а беларусы ім таксама зацікавяцца — што там сусед пра нас думае? — і пачынаюць купляць газэту, чытаць артыкул ці нават перадрукуюць яго ў свае газэты. Толькі расейскія газэты не даўмеліся пакуль грошай у Эўразьвязу за артыкулы пра Беларусь прасіць.
Напэўна, для простага павелічэньня этэрнага часу на Расею шляхам дадатковага паўтору перадачы Эўразьвяз бы грошай ня даў, дык яны дапялі «паклапаціцца аб дэмакратыі ў Беларусі». Ну хто толькі не карыстаецца з лукашэнкаўскага рэжыму… Як, напрыклад, часам расейскія эмігранты, каб атрымаць за мяжой дазвол на жыхарства, называюць сябе беларусамі, што зьбеглі ад перасьледу.
Перадачы расейскай рэдакцыі «Нямецкай хвалі» ў Беларусі і так добра чуваць, і той, хто ў Беларусі іх слухае, сам у стане вызначыць, што яму цікава, а што не. Рэдакцыйнае сіта тут не патрэбна.
Няўжо Эўракамісія не разумее, што іх проста «разьвялі на грошы»?
Таіса Мішчанка, Масква
▶
Прыярытэт беларускаму
Далучаю свой подпіс да закліку аб байкоце «Нямецкай хвалі», аб зьмяненьні яе моўнай палітыкі. Аднак адначасова хачу зрабіць некалькі заўваг да артыкулу сп.Сіліцкага «Дзе выгадуеце новых Быкавых» («НН» №31). Але чаму мы ня можам абысьціся без расейскае мовы? Прыбалты могуць абысьціся, украінцы, грузіны, а мы ня можам. Параўнаньне моўнай сытуацыі Ўкраіны і Беларусі (хоць і ў Інтэрнэце) — увядзеньне ў зман чытача: ва Ўкраіне ўсе дзяржаўныя асобы — ад прэзыдэнта да простага чыноўніка — размаўляюць па-ўкраінску.
Расейскамоўнаму нацыяналізму беларуская мова не патрэбна, як не патрэбны і беларускамоўныя пісьменьнікі. Наагул «расейскамоўны беларускі нацыяналізм» — паняцьце штучнае, кабінэтнае, і ніякі ён ня наш паратунак. Нельга адной рукой пісаць за расейскую мову, а другой за беларускую, трэба быць на нейкім адным баку, а не пасярэдзіне. А калі выступаць і за нашых, і за вашых, то нічога з гэтага не атрымаецца. Калі хочаце, каб у краіне была адна дзяржаўная мова (беларуская), каб была адукацыя на дзяржаўнай мове на ўсіх узроўнях. Будзе адукацыя — будзе будучыня.
В.Шаўроў, Горадня
▶
От, гэтыя немцы
Нямеччына і немцы вачыма беларуса — цікавая тэма, вартая газэтных артыкулаў і цікавых аповедаў. Асабліва цяпер, калі не сьціхае абурэньне нязграбнасьцю і недальнабачнасьцю «Нямецкае хвалі» зь яе ігнараваньнем беларускае мовы. Нямеччына — загадка, якую можна адначасова любіць і ненавідзець, але немагчыма дарэшты спасьцігнуць. Таму варта проста дзяліцца асабістымі ўражаньнямі.
Немцы заўсёды ведаюць усё лепей за ўсіх. Дзе якая краіна, дзе хто як размаўляе, хто да каго належыць. У іх усё расстаўлена па палічках. А калі яны нечага і ня ведаюць, пытаюцца ў таго, хто ведае ўсё. Пытаньне мовы ў Беларусі заблытанае і для саміх беларусаў. А ў немцаў зь іхняй прагай да пэўнасьці і адназначнасьці яно выклікае алергію. Вось яны, відаць, і вырашылі спытацца, што рабіць, у «адказнага» за рэгіён — у Масквы. Тая параіла.
Наагул немцы любяць Маскву і Расею. Гэтая любоў глыбокая і мае прыметы захапленьня ўласнай процілегласьцю. Там, на ўсходзе, ёсьць нешта такое вялікае, нелягічнае і магутнае! А тут мы, немцы. А тое, што знаходзіцца паміж намі і гэтым магутным, неяк траціць сваю значнасьць. А яшчэ была грандыёзная ганьба, пра якую немцы ня вельмі жадаюць размаўляць. Яны проста любяць Расею за тое, што яна выйграла ў іх вайну!
Немцу цяжка давесьці, што ты беларус. Для іх гэтага панятку проста не існуе. Усё, што на ўсход ад Польшчы, — гэта Расея, прычым прыкладна за Менскам пачынаецца Сібір зь мядзьведзямі. Для іх Расея — гэта звышпаняцьце, якое ўключае ў сябе шмат кавалкаў, але ж гэтыя кавалкі ня вартыя таго, каб разглядаць іх асобна. Дый клопатна гэта. Трэба ж тады завучваць новыя нязручныя для нямецкай назвы краін, моваў... Таму, хоць ты і кажаш, што ты — беларус, ты для іх — усё роўна Russisch. Гэтая схема настолькі глыбока і непахісна сядзіць у нямецкай сьвядомасьці, што немцы не цураюцца апантаных спрэчак і нават пагаршэньня асабістых адносін, каб толькі давесьці, што для іх гэта ўсё роўна Расея. Нельга сказаць, што яны зусім ня здольныя да навучаньня. Прыкладна праз год гарачых дыскусій, тлумачэньняў і вывучэньня геаграфічнае мапы яны паступова пачынаюць разумець шматаблічнасьць Усходняе Эўропы і прымаюць, што ты — не расеец. Але ж гэта для іх — найглыбейшае расчараваньне. Таму што расейцаў у іх вачах ёсьць за што паважаць (ды хаця б за мінулую вайну). А паляка, чэха ці, яшчэ горш, якога беларуса паважаць, канечне, няма за што. Тут табе ні экзотыкі, ні велічы, ні вайсковае славы, ні ядзернае зброі, ні Пуціна. Таму, калі немец нарэшце ўцяміць, што ты як бы не зусім расеец (або расеец другога гатунку), інтарэс да твае асобы і паходжаньня рэзка падае.
Зрэшты, гэтая нязграбнасьць немцаў у нацыянальных пытаньнях тычыцца ня толькі Ўсходняе Эўропы. Для немцаў, напрыклад, Шатляндыя — гэта таксама Англія, бо там размаўляюць па-ангельску! (Пазнаяце аналёгію?) А Аўстрыя — увогуле гістарычная недарэчнасьць і найлепшы аб’ект кпінаў ды анэкдотаў. Прыгадваецца такі. Нямецка-аўстрыйская мяжа. На нямецкім баку баварскі памежнік кліча свайго аўстрыйскага калегу і кажа яму:
— Ведаеш, хто самы дурны ў сьвеце?
— Не, — адказвае аўстрыяк.
— Ты і твой брат! — баварац корчыцца ад сьмеху.
Аўстрыяк засмучаецца і пачынае румзаць. Але баварац яго суцішае:
— Ня плач, схадзі да швайцарскае мяжы і раскажы тое самае швайцарцу!
Аўстрыяк так і робіць. Ідзе да швайцарскае мяжы, кліча памежніка і пытаецца:
— Ведаеш, хто самы дурны ў сьвеце?
— Не, — адказвае швайцарац.
— Я і мой брат!
Сяржук Вінаградаў, Лёндан