Пытаньне было прынцыповым. Адзіны мэдыйны праект для Беларусі, падтрыманы Нямеччынай і Эўразьвязам, — па-расейску.

Пратэст супраць такое «Дойчэ Вэле» зрабіў шмат карысьці. Ён прабіў крыху беларускае мовы ў праект. Ён мабілізаваў супольнасьць на змаганьне за свае вартасьці. Гэта была нармальная рэакцыя здаровага грамадзтва на справу, якая яго кранае. Абарона вартасьцяў заўжды вартая. Стаяньне за вартасьці — гэта той штодзённы плебісцыт, які і робіць супольнасьць супольнасьцю. Стаяньне, якое перадумовай для дэмакратыі.

Аднак нечага важнага не адбылося, для чаго была нагода і на што я спадзяваўся, пішучы два тыдні таму свой адказ сайту «Наша думка».

З аднаго боку, ніхто зь беларусафілаў не задумаўся, чаму масквафілам зь незалежнага грамадзтва так хочацца мець менавіта сваю радыёстанцыю (яны вераць, быццам адчэпны праект Эўракамісіі з часам вырасьце ў сапраўднае радыё). З другога боку, з інтэлектуалаў-масквафілаў ніхто не сказаў: так, мне асабіста было б выгадна, каб радыё вяшчала па-расейску, але я ахвярую сваім інтарэсам дзеля маіх братоў-беларускамоўных. Аднолькава шкада, што не адбылося ні першага, ні другога.

Першага, бо застаёмся безуважнымі да русафілаў, не адсочваем іхнай эвалюцыі, ня лічымся зь іхнымі інтарэсамі. А яны памяняліся! Іхнае жаданьне мець у дадатак да іншых СМІ радыё па-расейску — праз імкненьне мець усе інструмэнты для паўнапраўнага ўдзелу ў незалежным грамадзтве, быць застрахаваным ад магчымага закрыцьця газэтаў. Нам цяжка зразумець, як можа спалучацца масквафільства і жаданьне будаваць незалежную Беларусь. Нам гэта падаецца абсурдам пераходнага пэрыяду. Пакінем гэта. Але запомнім, сябры, што мы мусілі б наступны раз памятаць пра сваіх братоў-масквафілаў. Яны, у прынцыпе, таксама бачаць сябе будаўнікамі Беларусі. Паводле свайго праекту, але Беларусі, не Заходняй Расеі.

Каб дабіцца перамены палітычнага курсу краіны, мусова актывізаваць русафільскую частку грамадзтва. Сілы адных беларусафілаў мала, як паказалі 1991 ці 1996 гады. Як гэта зрабіць? Так, вяшчаньне замежнага радыё на расейскай мове — кепская рада. Але што добрая рада, што магло б зачапіць? Што магло прышчапіць ЭГУ нязломны ліцэйскі дух? — калі вывернуць тое самае пытаньне іншым бокам. Беларуская мова, беларуская ідэя — ужо гаварылася. Што яшчэ, калі гэта немагчыма?

З боку ж масквафілаў не пачулі пакаяньня за культур-расізм (мінулы, але ня ўсімі зжыты). Камусьці пакажацца: ну і хай, нацыянальная, культурная абмежаванасьць калечыць таго, хто сябе абмяжоўвае. Не цікавая камусьці беларуская традыцыя, ягоная бяда. Аднак бяз моманту сымбалічнага раскаяньня перад беларускай мовай цяжка будаваць новую Беларусь як дзьвюхмоўную супольнасьць. Няма салідарнасьці ў фундамэнце.

«Рашэньне пра расейскую мову «Дойчэ Вэле» разбурыла адзінства незалежнага грамадзтва. Для мяне гэтага досыць, каб яно было перагледжанае». Так не сказаў ніхто з маіх апанэнтаў. Нават сымбалічна — вядома ж, рашэньне, што прымалася чатыры гады, двойчы даўжэй будзе пераглядацца. З гэтага маўчаньня я раблю выснову, што салідарнасьць незалежнага грамадзтва не для ўсіх — закон і мэта.

Дыскусія прымусіла мяне ўсумніцца ў грамадзянскасьці маіх апанэнтаў. Немцы дыпляматычна аддаюць нас у расейскую Эўропу, і нацыяналісты (вы ж «расейскамоўныя беларускія нацыяналісты», спадару Дракахруст?) з гэтым пагаджаюцца! Эўразьвяз дэманструюе Расеі, што ён ня будзе ўсур’ёз мяшацца ў беларускія справы, і яны пляскаюць у далоні. Далі 15 манэтаў, дзякуй і за гэта, сказаў бы Колас.

Спадабалася ж стрыманасьць большасьці ўдзельнікаў дыскусіі, сумленнае абдумваньне аргумэнтаў праціўнага боку, інтэлектуальны рост незалежнага грамадзтва.

Нашы дыскусіі пра нацыянальныя інтарэсы ўплываюць на лукашысцкую частку грамадзкай эліты, трэці бок беларускага трохкутніка. Гэтае ўзьдзеяньне на таго, хто побач маўчыць, мо й важнейшае за ўсе астатнія іх вынікі.

Беларускую мову варта аберагаць любымі спосабамі. Гэта наш культурны скарб. Гэта таксама найлепшая гарантыя дзяржаўнай стабільнасьці, як піша Аркуш. Усе нацыі Ўсходняй Эўропы разьвілі і абараняюць свае мовы. Чаму беларусам ісьці нейкай асобнай дарогай?

Але беларускамоўныя, расейскамоўныя — мы адна грамада, незалежна ад мовы. Сіліцкі па-расейску, Вячорка па-беларуску належаць да аднаго перакананьня, таксама як Бондар па-беларуску, Шэйман па-расейску — да іншага. Мы творым сваю нацыю поплеч, а ня побач.

Я б так сфармуляваў карэктную тактыку на сёньня, якая прывядзе да ўмацаваньня дзяржаўнасьці: ніводнага СМІ безь беларускай мовы. Дзе менш, дзе больш, дзе цалкам. Напрыклад, украінцы робяць рэкляму нават у расейскамоўных СМІ толькі па-ўкраінску. Інакш нам не сплаціць гістарычнага доўгу перад беларускай мовай. Ды, імаверна, доўга заставацца каляніяльнай плямай на карце эўрапейскіх аб’яднаных нацый. Чаго ў палітычных і грамадзкіх элітах Беларусі ня хоча больш ніхто. З апошнім вы ня будзеце спрачацца, браты-русафілы?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0