Лінкальн Шэсьць-Эха (Юэн Макгрэгар) жыве ў прыязна-таталітарным грамадзтве, дзе ўсе носяць аднолькавае адзеньне і мараць трапіць на выспу — адзіную чыстую тэрыторыю на Зямлі.
Герой, аднак, высьвятляе, што выспа — падман, і ўсе яны толькі целы-клоны для забору органаў. А тут падасьпела чарга яго дзяўчыны (Скарлет Ёхансан). Героі ўцякаюць, каб сустрэцца са сваімі заказчыкамі.
У карціне Майкла Бэя ўсяго патроху. Салодка-таталітарнае грамадзтва — ад «Уцёкаў Логана» і «Матрыцы», павучкі-«вокалюбы» — з «Асаблівага меркаваньня» Сьпілбэрга; а бойка са злым доктарам-богам — намёкі на «Бегуна па лязу брытвы».
Але рэжысэр «Армагедону» і «Пэрл-Харбару» асаблівы акцэнт робіць на экшане — бесьперапынны лёт гелікоптэраў, перакуленыя машыны ды штангі на дарогах у якасьці «выбуховага» сродку. Пасьля нудна-стэрыльнага пачатку кадры зь перасьледамі, падзеньнямі і перастрэлкамі ідуць адзін за адным, і менавіта яны галоўныя ў фільме.
Сацыяльна—палітычны складнік карціны прыцішаны, сустрэча героя з «арыгіналам» — дызайнэрам з цырозам печані — прадказальная і шчасьлівая; любоўная лінія паміж Макгрэгарам і Ёхансан стрыманая (некаторыя нават абураліся, што Ёхансан так і не распранулася). Гераіня, праўда, так і не сустрэлася са сваёй «заказчыцай», але прадэманстравала, што валодае пісталетам.
Бюджэт карціны ў $122 млн і здольнасьці Майкла Бэя зрабілі яе нясумнай.
▶
Выспа(The Island)
ЗША, 2005, каляровы, 136 хв.
Жанр: фантастычны трылер, баявік.
Адзнака: 5,5 (з 10).