Барсэлёнскія сУчасьнікі
2005. Каталёнка і ліфт
У барсэлёнскіх музэях хораша, зацішна і халаднавата. У музэйных кавярнях вусьцішна і ўрачыста. У кавярні фундацыі Міро я люблю замовіць простую халаднаватую ваду і каву. Пасядзець. Адпачыць. Паглядзець наведнікаў… Ёсьць людзі, што і ў трохпавярховым будынку езьдзяць на ліфце, і не абавязкова гэта робяць інваліды. Вось каталёнка-ліцэістка выклікала сабе празрыста-шкляную кабіну. Прыйшоў ліфт, а ў ім пяць тоўстых ліцэістак. Тая, што выклікала ліфт, уціснулася ў кабіну, і ўсе шэсьць ліцэістак памахалі мне на разьвітаньне. Толькі ліфт паспрабаваў быў зачыніцца і ня змог — відавочны перагруз. Маладзенькія таўстухі паўсьміхаліся, пашчабяталі і выпіхнулі на пляцоўку самую тоўстую, і зусім ня тую, што выклікала ліфт. Ліцэісткі зьехалі. А таўстусе давялося калываць пешкі. Мне нават зрабілася крышку шкада пакрыўджанай каталёнскай ліцэісткі, якая пакінула мне ніякавата-сарамлівую ўсьмешку.
2005. Баск і выбуховае рэчыва
Баск падарваў кавярню ў Барсэлёне. Зацішную кавярню ў «Цэнтры італьянскай культуры», непадалёк ад «Paseo de Gracia», дзе стаіць дом-бутэлька, выштукаваная Гаўдзі. Калі быць паліткарэктным, трэба напісаць асуджэньне абстрактным экстрэмістам, тэрарыстам, бамбістам з групоўкі ЭТА і г.д, і да т.п. Але ж усе ведаюць, што канкрэтны баск заклаў рэальную бомбу, зробленую са звычайнай кававаркі, і выбухам цяжка параніў паліцыянта. Не тэрарыст, не экстрэміст, а баск. Чаму баск выказаўся такім чынам? Чаму не пайшоў на перамовы? Чаму трэба было выкладаць свае думкі ў форме бомбы? Можа, варта даць магчымасьць баску выказацца ў іншай форме? Даць баску свабоду слова на радыё і тэлебачаньні? Дапускаю, што ў гішпанца аргумэнтаў на перакананьне баска няма. Гішпанец апошнія гадоў пяцьсот гаварыў з баскам толькі з пазыцыі моцы і гвалту. Толькі ў Эўропе, акрамя гішпанца, ёсьць шмат іншых перамоўцаў. Хай паміж гішпанцам і баскам стане вугорац ці датчанін. Тады, спадзяюся, перамовы пойдуць без выбуховых рэчываў.
2005. Кітаянка і сон
Самае глупства летняга дня, муча калёр — страшэнная гарачыня. Сіеста. У Сытчазе, на плошчы Індустрыі, на белай лаўцы сьпіць маладая кітаянка. Напэўна, кітаянка сьніць Кітай і кітайскага матылька. Кітаянка надзіва сьветласкурая, яна ўся ў белым, яна ўся нібыта з парцаляны. Яна сьніць свайго белага кітайскага матылька… А можа, гэта белы кітайскі матылёк сьніць сваю кітаяначку ў далёкай-далёкай Каталёніі? Можа, і я толькі маленькі фрагмэнт у сьне вялікага кітайскага матылька? Хто скажа?
2005. Галяндзец і самбрэра
У барсэлёнскім аэрапорце ўбачыў знаёмага галяндзкага хлопчыка ў зялёным самбрэра. Хлопчык быў зь сям’і тых галяндцаў, што жывуць на выспах. Гэта ня тыя вялікія і мудрыя галяндцы з амстэрдамаў-ратэрдамаў, якіх апявалі на сваіх палотнах Рэмбрант з Гальсам, і не малыя галяндцы, услаўленыя Вэрмэерам з Дэльфту. Гэта галяндцы Вінцэнта Ван Гога, аматары кроснаў ды бульбы. Хлопчык за тыдзень угаварыў-такі маці набыць яму шыракаполае мэксыканскае самбрэра. Як я пазайздросьціў яму зялёнай зайздрасьцю! У дзяцінстве я таксама хацеў такую выдатную шапку насіць… А тата, хоць і любіў Ван Гога, яе мне не купіў — давялося мне хадзіць пад пальмамі ў чырвонай цюбецейцы.
P.S. Вярнуўшыся з Барсэлёны, я расказаў маці пра пяшчотна-зялёнае самбрэра. «Ды што ты, сынок, было ў цябе самбрэра, жоўтае з чорным. Хіба ты забыўся?» І ўспомнілася, сапраўды ж самбрэра было!
2005. Гішпанка з крыжамі
У Беларусі веры ў крыж у мяне ўдвая меней, чым у Барсэлёне. У Гатычным квартале я штогод купляю срэбныя крыжыкі. Купляю не сабе, а камусьці ў падарунак: маці, дачцэ, нявестцы… Везьці крыжыкі лёгка, і падарунак містычны. Гішпанцы спрадвеку любілі і шанавалі крыж, адпаведна, і рабіць навучыліся добра. Вось і прызвычаіўся я ў невялікіх крамках крыжыкі выбіраць. На адзінаццаты год заўважыў, што дзяўчына, у якой купляю крыжы, зусім не старэе. Маладзенькая гішпанка як была маладою, так маладою і засталася. Вось баск — гандляр барэтамі — пасівеў, зусім састарэў цыган з надзьмутымі балёнікамі і цацкамі, сагнуўся ў крук каталёнец у вінным лёху, а гішпанка з крыжамі не зьмянілася. Можна сказаць праўду, што гэта ня тая гішпанка, якая прадавала крыжы ў мінулыя разы, але мне лёгка верыцца ў вечную маладосьць гандляркі гішпанскімі крыжамі, верыцца, што і адзінаццаць, і сто адзіннаццаць гадоў таму срэбныя крыжы прадавала адна і тая ж дзяўчына.
21.08.2005, 00:32
2005. Гішпанка і жахлівасьць
Гішпанская жанчына бывае жахлівая, яшчэ трапляецца жахлівейшая за жахлівую ды пачварнейшая за самую жахлівую. Зрэдку можна ўбачыць зграбную гішпанку, але, гледзячы на яе, пачынаеш сумнявацца… Ці гішпанка яна? Можа, яна і не жанчына зусім? Мо якая вядзьмарка? Так пачынаеш разумець вялікіх гішпанскіх інквізытараў… Гэта адразу па прылёце ў Барсэлёну, а потым прывыкаеш да чужынскага аблічча гішпанак і забываесься на інквізыцыю.
21.08.2005, 11:09
2005. Гішпанка і пакіданьне
Гішпанка пакідае каля крамы мапэд, сабачку і дзіця. Яны натомлена сумуюць. У гэтай стоме, у гэткім суме ёсьць непадробная любоў да жанчыны-маці, жанчыны-карміцелькі.
21.08.2005, 11:10
2005. Гандляр гадзіньнікамі й прасьвятленьне
Цікаўнасьць — неабходны элемэнт для азарэньня. Азарэньне — найвышэйшая кропка на шляху цікаўнага. Вось я й зацікавіўся вітрынаю з антыкварнымі гадзіньнікамі. Адзін залаты гадзіньнічак каштаваў 2000 эўра. Астатнія былі таньнейшыя: 1970, 1930, 1950… Каб удакладніць цэны ды расчытаць назвы гадзіньнікаў, я нахіліўся і ўдарыўся лобам у чыстае, да нябачнасці, вітрыннае шкло. У нетрах крамы загула сыгналізацыйная сырэна, і мільгануў цень гандляра. Якраз у момант удару на мяне і сышло прасьвятленьне. Я зразумеў, што лічбы азначаюць ня цэны, а даты нараджэньня механізмаў. Пагладзіўшы пабіты лоб, я спакойна перагледзеў наноў усе гадзіньнікі. Гандляр так і ня выйшаў з крамы, напэўна, ён адчуў, што купляць старыя рэчы я не зьбіраюся.
21.08.2005, 11:16
2005. Нудыстка і дракон
Паўнацелая, з малочнай скураю і чорна-смаляным хвастом густых валасоў нудыстка легла на бок так, каб усе прысутныя на пляжы змаглі любавацца і зачароўвацца ня толькі вытатуіраваным, вялізным і шматколерным, драконам, які віўся вакол яе цела, але і цёмнымі вуснамі выгаленай похвы. Гледачы, збольшага мужчыны, зь непрытоенай цікаўнасьцю разглядалі зялёна-блакітную луску старанна зробленага малюнку, разглядалі і сакаўную похву, але пажада ў іх вачах не зіхацела. Пэўна ж, юр не зьяўляўся праз малінавы фурункул з гніласна-жоўтай галоўкаю. Фурункул важна сядзеў на незататуіраванай дупе разьняволенай нудысткі і ўшчэнт нішчыў экзатычную эратычнасьць.
21.08.2005, 11:20
2005. Каталёнка і лёд
Сівагаловая каталёнка, якой далёка за семдзесят, лякіраванымі кіпцямі драпае рэстарацыйнае паветра. Так дзярэ, ажно скрыгат чуваць. Гэтак старая каталёнка кліча маладзенькага чарнабровага афіцыянта, каб замовіць шклянку пустой вады зь лёдам.
21.08.2005, 11:27
2005. Італьянка й Бураціна
Назіраю за афіцыянткай-італьянкаю і думаю, што Бураціна мог быць старанна прыхаванай жанчынкаю, а ягонае каханьне да прыгажуні Мальвіны мела лесьбійскі калярыт. Тутака зьяўляецца афіцыянт-італіец, і мне робіцца відавочным: Бураціна — мужчынка, самец, італіец.
21.08.2005, 11:28
2005. Амэрыканка і абнова
Вяртаюся з гораду ў гатэль. Паперадзе шыбуе амэрыканскае сямейства. Гучная размова. Залівісты сьмех, мёртвага з труны падыме. Іх чацьвёра: бацька з маці і дочкі, гадоў пятнаццаці й сямнаццаці. У руках яны нясуць рознапамерныя пакеты з бутыкаў. У малодшай у дупу заехалі шорты. Яна спыняецца, выцягвае іх, разгладжвае на непамерных клубах, робіць пару-тройку крокаў, і наравістыя шорты зноўку ў дупе. Таўстуны ажно прысядаюць ад сьмеху. Пасьля чарговай спробы паправіць шорты дзяўчына вырашыла зьмяніць хаду. Яна раскірэчваецца, выгінае сьпіну, адстаўляе дупу і робіць колькі крокаў інваліднай хадою. Наравістыя шорты лезуць у дупу. Якраз мінаем могілкі. Амэрыканцы рагочуць на ўсе клады. Прысьпешваю хаду і пакідаю амэрыкосаў ззаду.
21.08.2005, 11:32