Першы фатаздымак Гітлера
А што гэта за немаўлятка ў паўзункох?
Дык гэта ж Адольфік, сын пана й пані Гітлераў!
Можа, стане доктарам права?
Альбо будзе тэнарам у венскай опэры?
А чыя гэта ручка, чыё вочка, вушка, носік?
Чый жывоцік, поўны малака? Яшчэ не вядома —
друкара, службоўца, гандляра, ксяндза?
А куды гэтыя сьмешныя ножкі зойдуць, куды?
Да садка, школы, кабінэту, да шлюбу
мо з дачкою бурмістра?
Дзіцятка, анёлік, сынулька…
Калі год назад зьяўляўся на сьвет,
не было недахопу ў знаках на небе й зямлі —
вясновае сонца, герань у вокнах,
на падворку круціць катрынку музыка,
шчасьлівае прадказаньне на ружовай паперцы,
тут жа перад родамі прарочы сон маці:
голуба ўбачыць у сьне — радасная навіна,
злавіць яго — госьць зьявіцца доўгачаканы.
Тук, тук, хто там? Гэта стукае сэрцайка Адольфіка.
Дунда, пялюшка, сьліняўчык, бразготка,
хлопчык, хвала богу, здаровы,
падобны да бацькоў, да коціка ў кошыку,
да дзетак зь іншых радзінных альбомаў.
Ну, ня будзем жа мы зараз плакаць —
пан фатограф пад чорнай раднінай зробіць пстрык.
Атэлье Клінгер, Грабэнштрасэ мястэчка Браўнаў,
а Браўнаў — гэта невялічкае, але вартае места.
Салідныя фірмы, пачцівыя суседзі,
смурод рашчыннага цеста і старога мыла.
Не чуваць скавыту сабак і крокаў лёсу.
Настаўнік гісторыі папраўляе каўнерык
І пазяхае над сшыткамі.
Пераклаў Сяргей Прылуцкі