5 ліпеня ў «Фальварку «Добрыя мыслі» (вуліца Магілёўская, 12) адкрылася выстава графікі вядомага беларускага мастака Міколы Купавы «Постаці зямлі беларускай», прысвечаная 125‑годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У экспазіцыі прадстаўлена 25 графічных твораў (лінарыт і каляровая літаграфія) — партрэты Купалы і Коласа, ілюстрацыі да іх твораў, а таксама выявы тых мясцаў, што звязаны з іх жыццём і дзейнасцю. «За 27 гадоў работы над гэтай тэмай створана каля 50 работ, прысвечаных народным паэтам Беларусі. Для мяне яны з’яўляюцца бацькамі нацыі, апосталамі беларускай культуры, якія сфарміравалі самасвядомасць нацыі і стаялі ля вытокаў беларускага адраджэння. З іх імёнамі і творчасцю нараджаецца і памірае кожны сапраўдны беларус. Юбілей з’яўляецца штуршком для таго, каб яшчэ раз перачытаць класікаў, сказаць пра іх добрае слова і штосьці зрабіць у гонар іх. Купала і Колас і сёння дапамагаюць нам змагацца і жыць», — зазначыў М.Купава.

Паводле яго слоў, з пачатку гэтага года выстава дэманстравалася ў адной з вясковых школ Дзяржынскага раёна і ў горадзе Стоўпцы (Мінская вобласць), а затым у Нью‑Йорку (ЗША) у царкве Святога Кірылы Тураўскага. Прычым у Амерыцы мастак прадставіў пашыраны варыянт экспазіцыі, уключыўшы ў яе работы, прысвечаныя выдатным дзеячам беларускай гісторыі і культуры — Усяславу Чарадзею, Кірыле Тураўскаму, Еўфрасінні Полацкай, Францыску Скарыне і Канстанціну Астрожскаму, а таксама знамянальным гістарычным падзеям, у тым ліку Аршанскай бітве 8 верасня 1514 года паміж войскамі Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы. «Гэта было зроблена свядома, бо Купала і Колас у сэрцы насілі гэтыя падзеі і месцы, а таксама пісалі аб дзейнасці сваіх вялікіх продкаў», — сказаў мастак.

Выстава будзе працаваць у Мінску да 12 ліпеня. Затым мастак плануе паказаць яе ў Оршы і Віцебску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?