Улады Беларусі хочуць, каб у краіне не засталося ніводнай арганізацыі, якая прымала б дапамогу ад замежных краінаў. Міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд заявіў, што Варшава і надалей будзе падтрымліваць Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс. Юзаф Лучнік паглядае на начальніка ідэалягічнага аддзелу аблвыканкаму Ўладзімера Амельку.

Перазьезд Саюзу палякаў у Ваўкавыску адбыўся, паводле ацэнак дзяржаўных СМІ і высокіх чыноўнікаў, «у адпаведнасьці з заканадаўствам і ў канструктыўнай атмасфэры». Яго арганізацыяй займаўся ідэалягічны аддзел Гарадзенскага аблвыканкаму. Ад непажаданых візітэраў форум ахоўвала міліцыя. На мерапрыемства не пусьцілі ніводнага журналіста і нячэснага члена СПБ. Варта адзначыць, што многія дэлегаты зьезду не гаварылі па-польску. «Естэм хора», — так адказвалі яны на просьбы журналістаў пра размову. У дадатак да нашай апазыцыі (ЛДПБ), нашых прафсаюзаў (ФПБ) і нашай моладзевай арганізацыі (БРСМ) у кране ёсьць цяпер і канструктыўная нацменшыня пад дахам СПБ.

Апэрацыя «Пошук»

Ні на адно падпольнае мерапрыемства апазыцыі журналісты не дабіраліся з такімі прыгодамі, як на гэты зьезд. 26 жніўня Ваўкавыск ператварыўся ў абложаную фартэцыю: усе дарогі былі перакрытыя супрацоўнікамі ДПС — нібыта з Івацэвіцкай калёніі зьбеглі злачынцы. Праўда, ва ўправе міліцыі Берасьцейскай вобласьці пра зьбеглых злачынцаў нічога ня чулі.

Карэспандэнт «НН» меў няшчасьце паехаць у Ваўкавыск, скарыстаўшыся з паслуг аднае апазыцыйнае суполкі, што наняла аўтобус для «паломніцтва па Гарадзеншчыне». Сярод пілігрымаў былі Вячаслаў Сіўчык, Валер Шчукін, маладафронтавец Зьміцер Дашкевіч, а таксама беларускі жаночы хор. Праўда, як гэта вядзецца ў нашай апазыцыі, кансьпірацыя была настолькі добрая, што адразу па выезьдзе зь Менску аўтобус пачала «пасьвіць» міліцэйская «Шкода-Актавія» з нумарам 0110 МО. На першым пункце ДАІ нас затрымалі, і старшы лейтэнант Ігар Лойка пачаў праверку дакумэнтаў пасажыраў, патлумачыўшы, што шукаюць зьбеглых злачынцаў «па арыенціроўцы». Аказалася, што 12 з 50 пілігрымаў выправіліся ў адказнае падарожжа без дакумэнтаў.

Карацей, зьезд прайшоў у прысутнасьці мінімуму назіральнікаў ад апазыцыі.

Апэрацыя «Перахват»

Нас спынялі на кожным посьце. Паміж другім і трэцім даі-брэйкам прыйшла інфармацыя, што журналістаў Івана Романа і Андрэя Пачобута затрымалі на выезьдзе з Шчучына ў Ваўкавыск і зьвінавацілі ў тым, што яны едуць на крадзенай машыне. А актывістаў СПБ Мечыслава Яскевіча, Стася Пачобута й Ігара Банцара затрымалі проста для высьвятленьня асобы.

На чацьвертым посьце нам патлумачылі, што правяраюць усіх: «Ніхто не павінен пратачыцца» — і завярнулі аўтобус у Стаўпецкі РУУС для высьвятленьня асобаў дванаццаці «бяспашпартных». У райцэнтры коласаўскага краю нас праверылі і міліцыя, і ДАІ, і нават транспартная інспэкцыя. Адпусьцілі. Але пакінуць межы раёну мы не пасьпелі. Здагнала міліцэйская машына і вярнула: прабачце, атрымалі інфармацыю, што ў кіроўцы ня ўсё ў парадку з дакумэнтамі. Як толькі мы пераступілі парог РУУСу, дзяжурны перадаў па рацыі: «Усім пастам ДАІ, я Стоўпцы-4. Адбой па пляне «Перахват». Увесьці ў дзеяньне плян «Пошук». Маўляў, лапайце наступных.

Пачуўшы, што міліцыянты лічаць аўтобус крадзеным і чакаюць групу экспэртаў зь Менску, журналісты аддзяліліся ад пілігрымаў і прадоўжылі шлях дызэлем праз Баранавічы.

Хіба не бывае праваслаўных палякаў?

Таксіст падвозіць па дагледжаных ваўкавыскіх вулачках да Дому культуры. «На зьезд прыехалі?» «Ну так, — адказваем. — А што ў вас кажуць пра яго?» «Як заўжды: выбіраем не таго, каго хочам, а каго трэба».

У Ваўкавыску ўсё спакойна. Знаёмы мне міліцыянт расказвае, што міліцыя працуе ў адпаведнасьці з загадам: «Тых, хто размаўляе па-польску, не чапаць, што б яны ні рабілі». Нешта такое, мусіць, было загадана і 18 кастрычніка мінулага году ў Менску. Фантастычна, як гэтая сыстэма здольная мабілізаваць сотні сілавікоў па краіне дзеля аднаго зьезду СПБ і як умела яна стварае фасад дэмакратыі.

Зьезд прайшоў цалкам дэмакратычна. Дэлегатаў прывезьлі чатырма аўтобусамі пад аховай. Частка зь іх размаўляе міжсобку па-расейску. Польскіх журналістаў асабліва пацешыла, як з раніцы некаторыя дэлегаты пры ўваходзе ў касьцёл (традыцыйна зьездам папярэднічае мша) ня кленчылі, а схіляліся па-праваслаўнаму ў глыбокім паклоне. Але жагналіся ўсе правільна, зьлева направа.

«Ці не маглі б пракамэнтаваць прынятыя рашэньні?» — пытаюцца журналісты ў адной з дэлегатак. «Естэм хора, естэм хора» («Я хварэю»), — мармыча яна. Вядома, якое ўжо тут здароўе, калі арганізацыяй зьезду займаецца ідэалягічны аддзел аблвыканкаму.

Выбары старшыні адбываліся на безальтэрнатыўнай аснове. Тадэвуш Кручкоўскі ўзяў самаадвод. За кандыдатуру сапоцкінскага пэнсіянэра Юзафа Лучніка прагаласавалі 149 дэлегатаў з 174, супраць — 3, астатнія не ўзялі ўдзелу ў галасаваньні. Намесьнікамі абраны Эдуард Калоша, Казімер Знайдзінскі, Яўген Скрабоцкі. Галоўную раду ўзначаліў Канстанцін Тарасевіч.

Сумленны пэнсіянэр

Ці здолее Юзаф Лучнік прымірыць Польшчу й Беларусь?

Новы старшыня СПБ нарадзіўся ў 1936 г., яшчэ за польскім часам. Мае ўзнагароды польскага ўраду. У скандалы апошняга году замяшаны ня быў, у фільмах БТ не выступаў. Таму ягоную кандыдатуру можна разглядаць як па-свойму кампрамісную. «Ні Борыс, ні Кручкоўскі», — як казаў у свой час пасол П.Латушка.

Прапаноўваючы кандыдатуру Ю.Лучніка, беларускія ўлады нібыта робяць крок насустрач Польшчы. Пагатоў, калі ўлічыць заслугі новага кіраўніка перад польскім культурным адраджэньнем і ягоную ролю ў заснаваньні Саюзу палякаў Беларусі. Што будзе вырашаць 69-гадовы пэнсіянэр, аточаны крэатурамі ўладаў?

На прэс-канфэрэнцыі амаль пасьля кожнага пытаньня журналістаў Ю.Лучнік бездапаможна абводзіў вачыма залю, нібы шукаючы падказкі. А ў заднім шэрагу сядзеў Уладзімер Амелька, кіраўнік ідэалягічнага аддзелу Гарадзенскага аблвыканкаму. І то круціў, то ківаў галавою. Ад сябе новаму старшыню заставалася дадаваць, што ён ёсьць і хоча застацца «лёяльным обыватэлем пансьтва бялорускего».

Два кампрамісы, які немагчымы?

«Лучнік і Гавін (першы старшыня Саюзу палякаў, прынцыповы прыхільнік незалежнасьці СПБ ад уладаў) сапраўды былі ў добрых адносінах. Але вось 2 верасьня Гавін выйдзе з турмы — і як яны будуць глядзець адзін аднаму ў вочы?» — пытаецца журналіст Анджэй Пісальнік.

Былы рэдактар «Глосу знад Немна» Андрэй Кусяльчук ня верыць, што дзьве часткі СПБ знойдуць паразуменьне: «Хоць абраны ў Ваўкавыску старшыня сказаў, што ні перад кім не зачыняе дзьвераў, людзі прынцыпу, што падтрымліваюць Борыс, наўрад ці пойдуць на кантакт. Тым больш што Польшча выразна паабяцала Борыс падтрымку». На думку А.Кусельчука, непрызнаны ўладамі СПБ Борыс пасьпяхова працягне сваю дзейнасьць у такім самым рэжыме, у якім функцыянуюць іншыя грамадзкія аб’яднаньні ў Беларусі — у падпольлі: «Яны могуць дзейнічаць як зарэгістраваная за мяжой міжнародная арганізацыя ў рамках ЭРПА. Наўрад ці яны стануць дзейнічаць праз культурна-адукацыйную «Мацеж Польску», бо гэта засталася адзіная польская арганізацыя, якую прызнаюць улады. Думаю, яны не захочуць падстаўляць гэтую арганізацыю».

Калі нават польскія ўлады і пойдуць на маўклівы кампраміс вакол новага кіраўніцтва СПБ, то незалежныя актывісты СПБ прыніжацца не зьбіраюцца. Зрэшты, і ў міждзяржаўных адносінах прымірэньнем пакуль ня пахне. Польскія ўлады заявілі, што кіраўніцтва СПБ, абранае недэмакратычным чынам, ня можа разьлічваць на фінансавую дапамогу Польшчы. Кішэннаму СПБ няма як разьлічваць і на падтрымку польскіх недзяржаўных арганізацыяў. Ясна выказалася Эўрапейская рада польскіх аб’яднаньняў (ЭРПА), якая злучае 41 арганізацыю з 29 краінаў (СПБ уваходзіць у раду з 1996 г.): сход у Ваўкавыску ў заяве гэтай арганізацыі названы «прыватнай сустрэчай дзеячаў СПБ, якія сябе скампрамэтавалі». Рада выказала падтрымку Анжаліцы Борыс. Дарэчы, у дзень зьезду яе выклікалі на чарговы допыт у міліцыю (абвінавачваюць у фінансавых злоўжываньнях), а праз два дні пасьля зьезду кватэру А.Борыс ператрэс крымінальны вышук.

У аўторак у Варшаве ў часе міжнароднай канфэрэнцыі «Ад «Салідарнасьці» да свабоды» міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд заявіў, што Варшава і надалей будзе падтрымліваць кіраўніцтва СПБ на чале з Анжалікай Борыс. Паводле А.Ротфэльда, канфлікт вакол Саюзу палякаў Беларусі, — гэта ня польска-беларуская справа, але ўдар, накіраваны супраць усяго беларускага грамадзтва, частка якога — палякі. Таму Варшава будзе ў гэтай справе і надалей настойваць, каб ініцыятыву ўзяў у свае рукі Эўразьвяз. Ён, дарэчы, дагэтуль ніяк сябе не праявіў у гэтай справе.

А.Ротфэльд падкрэсьліў, што Варшава не пакіне А.Борыс без дапамогі. «Сапраўдная польская грамада зрабіла свой выбар у сакавіку».

Дарэчы, пра Ротфэльда. «Газэта Выборча» апісала, як Тадэвуш Кручкоўскі скардзіўся польскім журналістам, што яго, выхадца з «чыста польскай сям’і», пазбавіў польскай візы «міністар замежных справаў зь няпольскім прозьвішчам».

Справа Ціцянкова жыве

Саюз палякаў быў самай багатай з грамадзкіх арганізацыяў Беларусі, непадкантрольных уладзе. Ацаніць маштабы нерухомасьці Саюзу палякаў можна па тым, што на ўтрыманьне толькі Дому Польскага ў Горадні штомесяц выдаткоўвалася 4000 даляраў. «Верагодна, на вялікія Дамы польскія ў Магілёве, Віцебску ці Баранавічах ішло яшчэ больш грошай», — адзначае актывіст арганізацыі Андрэй Пачобут. Цяпер улада возьме пабудаваную за грошы Польшчы маёмасьць пад свой кантроль.

Ужо сёньня частка маёмасьці знаходзіцца пад кантролем «афіцыйнага» СПБ, а фактычна — пад апекай улады. «Сцэнар з штурмам АМАПам і КДБ гарадзенскай сядзібы можа быць паўтораны ў любым рэгіёне», — кажа А.Пачобут. «Польскай дзяржаве варта ўзьняць дамовы на кожны аб’ект — пад якімі ўмовамі выдаваліся грошы, ці ёсьць магчымасьць выставіць фінансавыя прэтэнзіі», — працягвае яго думку А.Пісальнік.

Улады ў розных рэгіёнах ужо цікавяцца, у якую суму абыдзецца ўтрыманьне таго ці іншага Дому польскага. Юзаф Лучнік выказаў спадзяваньне, што цяпер арганізацыя будзе існаваць за дзяржаўныя датацыі. А.Пачобут успамінае, як Тадэвуш Кручкоўскі ў свой час прамацваў варыянты перадачы нерухомасьці на балянс Міністэрства культуры.

У Горадні й Ваўкавыску працуюць польскія школы. Няясна, на якую дапамогу Польшчы ім цяпер разьлічваць. Ні СПБ, ні польскія ўлады даўно ўжо ня мелі ніякага ўплыву на дзейнасьць гэтых навучальных установаў. «Школы былі пад кантролем уладаў даўно, яшчэ да зьезду, і незалежна ад асобы Кручкоўскага, — кажа актывіст, блізкі да Анжалікі Борыс. — Школы ня раз адмаўлялі Саюзу палякаў у памяшканьні пад надуманымі прычынамі, проста каб паказаць, хто насамрэч тут кіруе. Вы ж разумееце, дырэктар школы — чалавек паднявольны…»

Захаваць вольнасьць, захаваць польскую самаарганізацыю, незалежную ад уладаў — такія задачы ставяць сабе тыя палякі, якіх у залю зьезду, насуперак статуту арганізацыі, не пусьцілі. Яны правялі дзень на прыступках перад Домам культуры.

Тэлеканал АНТ назваў зьезд у Ваўкавыску «апошняй і найважнейшай баталіяй у польска-беларускай інфармацыйнай вайне». У нядзельнай праграме «Контуры» АНТ паінфармавала, што Юзаф Лучнік грошай ад афіцыйнай Варшавы выпрошваць ня будзе, а гэта азначае, што ён будзе самастойны ў прыняцьці рашэньняў.

Улады Беларусі хочуць, каб у краіне не засталося ніводнай арганізацыі, якая прымала б дапамогу ад замежных краінаў. Гэтым патрыятычным мэтам служыць новы дэкрэт прэзыдэнта аб выкарыстаньні замежнай дапамогі. Пасьля ваўкавыскага зьезду ўлады могуць ганарыцца сваёй чарговай перамогай. Грамадзяне Беларусі кантралююць уладу ўсё менш, яна іх — усё больш.

Марэк Бэлька: «Беларусь — палітычны скансэн»

Прэм’ер Польшчы Марэк Бэлька на спатканьні прэм’ераў краінаў Вышаградзкай групы ў Будапэшце адкамэнтаваў апошнія падзеі вакол Саюзу палякаў такім чынам: «Гэта апошняя дыктатура Эўропы, палітычны скансэн. Праз год выбары. Уражаны вынікамі Аранжавай рэвалюцыі ў Кіеве, Лукашэнка імкнецца ўзяць пад кантроль усе грамадзкія арганізацыі. У Беларусі адбываецца не канфлікт паміж беларусамі й палякамі. У краіне спрабуе ўзмацніцца дыктатура».

Эўразьвяз мосьціць добрыя намеры

Але абяцаецца накіраваць свайго прадстаўніка ў Беларусь для азнаямленьня з сытуацыяй з правамі чалавека, заявіў старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу ў аўторак. Толькі хто ж яго прыме? Барозу таксама ў чарговы раз выказаў намер «пачаць прамое фінансаваньне беларускіх грамадзкіх рухаў і арганізацый». Пакуль сумную вядомасьць набыло толькі вылучэньне Эўракамісіяй грошай на расейскае вяшчаньне «Нямецкай хвалі» ў рамках беларускага праекту.

Юзаф Лучнік: «Не адчуваю страху, бо не адчуваю віны»

Пасьля зьезду Юзаф Лучнік, абраны старшынём СПБ паводле вэрсіі беларускіх уладаў, адказаў на пытаньні журналістаў.

— Як Вы мяркуеце дзейнічаць надалей?

— Ні перад кім не зьбіраюся зачыняць дзьверы. Ні з кім ня буду ў канфлікце. Я ня меў ворагаў, не належаў ні да чыіх прыхільнікаў. Я толькі заўсёды выконваў статутныя мэты і задачы.

— Польскія палітыкі заявілі, што не прызнаюць вынікаў гэтага зьезду…

— Я ня ведаю стаўленьня польскага ўраду да мяне і іншых сяброў Галоўнай рады. Лічу недэмакратычным забараняць палякам уезд у Польшчу. Я не адчуваю страху, бо не адчуваю віны.

— Як ставіцеся да таго, што прыхільнікаў А.Борыс з надуманых прычынаў садзяць у турмы?

— Я ня ведаю, за што яны сядзяць.

— Ёсьць зьвесткі, што выбары дэлегатаў на зьезд ішлі пад прымусам.

— Усе пратаколы выбараў правярала камісія: ніякіх парушэньняў ня выяўлена.

— Як мяркуеце будаваць дачыненьні зь беларускімі ўладамі?

— Я ня меў ніякіх канфліктаў з уладамі. Мне ніхто не замінаў у маёй дзейнасьці ў Саюзе палякаў, у арганізацыі фэстаў, перазахаваньні парэшткаў польскіх салдатаў, у доглядзе магілаў паўстанцаў 1863 году ў Сапоцкіне. Думаю, у мяне ня будзе канфліктаў.

— Як Вы ставіцеся да таго, што ваш былы паплечнік у стварэньні Саюзу палякаў Тадэвуш Гавін цяпер сядзіць у турме?

— Гавін дзейнічае згодна з сваімі поглядамі. Я не нясу адказнасьці за ягоныя погляды і ўчынкі. Я з сакавіка не ўваходжу ў новаабраную Галоўную раду, і ні з кім сустрэчаў ня меў. Я нідзе не выступаў, і ў палітыку я не мяшаюся.

— Чаму пагадзіліся заняць гэтую пасаду?

— Я пагадзіўся, толькі каб выратаваць арганізацыю. Пасьля заўваг Мін’юсту стала зразумела, што бязь зьезду выратаваць арганізацыю немагчыма.

— Як Вы ставіцеся да выказваньня аб Польшчы як прастытутцы, якое прагучала на Беларускай тэлевізіі?

— Дужа прыкра мне было. Але польская й беларуская дыпляматыя не ўваходзяць у кампэтэнцыю Саюзу палякаў.

ЮЗАФ ЛУЧНІК

былы настаўнік гісторыі й польскай мовы, дырэктар вясковай школы. Скончыў Ленінградзкі пэдынстытут. 16 гадоў настаўнічаў у Літве, потым — на Гарадзеншчыне. Адраджэньнем польскай культуры й самасьвядомасьці на Гарадзеншчыне займаецца з 1987 — пасьля сустрэчы Гарбачова зь Ярузэльскім, калі ў СССР дазволілі засноўваць польскія культурніцкія таварыствы. Заснаваў у Гарадзенскім раёне 15 суполак СПБ. Сваёй задачай на новай пасадзе Лучнік назваў уздым аўтарытэту Саюзу палякаў, справу школьніцтва («каб у школах вучылі польскую мову не факультатыўна, а пастаянна»), культурнага адраджэньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0