Замест 31 сьнежня 2005 г. чэкавая прыватызацыя завершыцца 30 чэрвеня 2007 г. Гэта азначае фактычнае замарожваньне працэсу разьдзяржаўленьня.

Пастанова ўраду №950 зразумелая: чэкамі «Маёмасьць» не скарысталіся амаль два з паловай мільёны чалавек. Так, у 1993 г. было выдадзена 427,6 млн чэкаў «Маёмасьць», зь якіх «па прызначэньні» выкарыстана крыху больш за 50% — 227 600 000. Зыходзячы з кошту аднаго чэка (яго намінальная вартасьць сёньня — 4400 руб.), каб кампэнсаваць нявыкарыстаныя чэкі, ураду давялося б шукаць у бюджэце 710 млрд руб. Сродкі для бюджэту немалыя.

Так, 21 чэрвеня палата прадстаўнікоў адклала па просьбе ўраду ўжо падрыхтаваны законапраект аб дадатках і зьменах у закон аб імянных прыватызацыйных чэках, згодна зь якімі завяршэньне прыватызацыі было б праведзена бяз выплат кампэнсацый за нявыкарыстаныя чэкі. Пакуль жа чэкавая прыватызацыя ня будзе афіцыйна абвешчана завершанай, на абарот акцый, набытых за чэкі, вісіць мараторый. Гэта не дазваляе разьвіцца ў краіне фондаваму рынку.

Нядаўна на прэс-канфэрэнцыі намесьніца міністра эканомікі Тацяна Старчанка падкрэсьліла, што Беларусь нікуды не сьпяшаецца ў сфэры прыватызацыі й «трымаецца ўзважанага падыходу ў гэтым пытаньні». І такую палітыку захавае й надалей. Паводле яе слоў, галоўная задача — у пошуку інвэстара, здольнага выканаць задачы, «якія ставіць дзяржава». Але ў рэальнасьці атрымліваецца, што ў апошнія сем-восем гадоў прыватызацыя ў краіне фактычна замарожаная, бо маёмасьць наагул не пераходзіць да новых уласьнікаў. Прадпрыемствы толькі зьмяняюць арганізацыйную форму праз акцыянаваньне, але дзяржава пры гэтым усё роўна захоўвае ў сябе як мінімум кантрольны пакет. Так што фактычна прыватызацыя працягваецца, так і не распачаўшыся.

Летась форму ўласнасьці зьмянілі 145 дзяржаўных прадпрыемстваў (зь іх 94 — камунальнай уласнасьці, 51 — рэспубліканскай).

Усе прадпрыемствы рэспубліканскай уласнасьці сталі акцыянэрнымі таварыствамі (22 зь іх — прамысловыя, 12 — аграрныя, 7 — гандлёвыя, 5 — будаўнічыя). А з 94 камунальных прадпрыемстваў 84 сталі ААТ, і толькі 10 былі прададзены на аўкцыёнах (палова зь іх — гандлёвыя прадпрыемствы).

Ад пачатку прыватызацыі ў Беларусі зьмянілі форму ўласнасьці 4054 дзяржаўныя прадпрыемствы (1061 рэспубліканскае, 2993 — камунальныя).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0