«Білет на цягнік» («Tickets»)

Італія—Вялікабрытанія—Іран, 2005, каляровы, 115 хв.

Жанр: драма.

Карціна італьянскага пралетарыя Эрмана Ольмі, брытанскага левака Кена Лоача і іранца Абаса Кіярастамі складаецца з трох гісторыяў, што адбываюцца ў цягніку па дарозе ў Рым.

Вядомы фармаколяг сутыкаецца з чужой бядой і зьдзяйсьняе нечаканы ўчынак. Легкадумны хлопец, слуга істэрычнае генэраліхі, сустракаецца з аднавяскоўкаю, якая нагадвае яму пра пакінутую каханку. А шатляндзкія заўзятары стаяць перад выбарам — выдаць паліцыі эмігрантаў ці самім трапіць у непрыемнасьці.

«Бункер» («Der Untergang»)

Нямеччына, 2004, каляровы, 149 хв.

Жанр: вайсковая драма.

Красавік 1945-га. Бункер райхсканцылярыі. Агонія Трэцяга райху. Фільм пастаўлены паводле ўспамінаў Траўдль Юнге, апошняй стэнаграфісткі фюрэра. Глядач усё бачыць яе вачыма.

Ролю Гітлера выканаў выдатны актор Бруна Ганц («Неба над Бэрлінам»), які дзеля гэтага адмыслова вывучаў хворых Паркінсона і, паводле назіраньняў крытыкаў, стварыў вобраз разьвінчанага й шалёнага аўтамата.

Олівэр Хіршбігель вядомы па сэрыяле «Камісар Рэкс», у фільме «Экспэрымэнт» прадэманстраваў зацікаўленасьць экстрэмальнымі сытуацыямі бунту й падпарадкаваньня.

Прэміі кінаакадэміі Нямеччыны за найлепшую мужчынскую ролю й найлепшыя жаночыя ролі другога пляну.

«Харысты»

Францыя—Швайцарыя—Нямеччына, 2004, каляровы, 96 хв.

Жанр: драма паводле стужкі Жана Дрэвіля «Клетка для салаўя».

Адзнака: 7 (з 10).

Настаўнік музыкі Клемэнт Мацье (Жэрар Жуно) трапляе ў інтэрнат для цяжкіх падлеткаў. Дырэктар інтэрнату — халодны й чэрствы чалавек. Клемэнта абурае жорсткасьць, і ён арганізуе зь ліку вучняў хор.

Прэмія «Сэзар» за найлепшую музыку й гук (кампазытар Бруна Купэ). Прыз Эўрапейскай кінаакадэміі за найлепшую музыку. «Залаты глёбус» за найлепшы замежны фільм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0