У ХХ стагодзьдзі зь Беларусі выяжджалі ў пошуках лепшай долі ня толькі ейныя сыны і дочкі. Закранула краіну і эміграцыя баброў.

Што праўда, ніхто іх — чорных, эўрапейскіх — не пытаўся: іх сілком вывозілі для расьсяленьня ў Варонеж, Сібір, Літву; самі яны вандравалі на захад, у Польшчу. Беларускімі бабрамі заселена і Эўропа, і Азія (дзе іх раней ніколі й не было). Дасьледаваў Адам Воршыч.

«Бабровы люд упадае ў смутак»

На пачатку ХХ стагодзьдзя бабры захаваліся толькі ў Беларусі. У Эўропе цягам стагодзьдзяў іх мэтадычна вынішчалі — забівалі дзеля футра, бабровага струмяня, мяса. Бабёр шмат часу бавіць у вадзе, таму ў сярэднявеччы лічыўся рыбінай — малюнак скуры на хвасьце дужа нагадвае рыбную луску — і яго дазвалялі есьці ў пост. Але на смак мяса бабра нагадвае зайчаціну, безь ніякага рыбнага прысмаку: бабёр харчуецца толькі расьлінамі. Страва з бабровых хвастоў не абмінула ўвагі Ўладзімера Караткевіча — ён згадвае яе як вялікі далікатэс.

Бабровае футра й струмень сталі ці ня першымі экспартаванымі з нашых земляў таварамі: імі гандлявалі яшчэ старажытныя славяне. Пазьней «бабровыя гоны» (месцы паселішча баброў) трывала ўвайшлі ў дзяржаўныя дакумэнты, а ў Літоўскім статуце 1588 г. нават згадваюцца захады па ахове гэтага зьвера.

Чорныя бабры сустракаліся куды радзей. Зь іх футра шылі шапкі для сэнатараў Рэчы Паспалітай. У сярэднявеччы хадзілі нават легенды, што чорныя ў бабрынай герархіі стаяць вышэй за рудых. У ХV стагодзьдзі італьянец Пампоні Лэт, што наведаў ВКЛ, пераказваў у сваіх нататках нашы легенды. У іх гаварылася, што чорныя бабры пануюць над рудымі, як шляхта над сялянамі: «У баброў тры пароды — сяляне, баяры й магнаты. Яны адрозьніваюцца колерам футра. У сялянаў сьпіна звычайна без валасоў і абдзёртыя вушы; футра іх вельмі таннае. Баяры чорна-рудога колеру; іх футра больш каштоўнае. Ім аздабляюць дзеля раскошы краі вопраткі. Магнаты, якіх ловяць надзвычай рэдка, зусім чорныя… Яны ніколі не выходзяць са сваіх нораў; калі паказваюцца, дык у суправаджэньні цэлага статку: яны раздаюць сабраныя «сялянамі» запасы. Калі магнат трапіць у рукі паляўнічых, просты бабровы люд упадае ў вялікі смутак, які выражае хадой і абліччам».

Беларуская віягра

Не апошняе месца ў вынішчэньні баброў адыграў бабровы струмень, якому прыпісвалі лекавыя магчымасьці. У нашых продкаў ён лічыўся панацэяй ад шматлікіх хвароб: боляў у галаве і вушах, глухаты, ікаўкі, гістэрыі, колік у страўніку, бяссоньніцы і... санлівасьці — ды супрацьядзьдзем ад укусаў скарпіёнаў і сродкам ад блох. Толькі пры канцы ХІХ стагодзьдзя мэдыцына даказала няслушнасьць вераваньняў.

Да нашых дзён дажыло перакананьне, што бабровы струмень — выдатны сродак для павышэньня мужчынскай патэнцыі. Пісьменьнік Алесь Масарэнка знайшоў рэцэпт «бабрыну» (настойкі на бабровым струмені) у старадаўняй кнізе і потым частаваў ім сяброў. Для прыгатаваньня бабрыну струмень трэба высушыць, сьцерці ў парашок, засыпаць у сьпірт і настойваць ня менш за 2—3 тыдні. Сьпірт атрымліваецца густога каньячнага колеру («А смуродзіць чортам», — дадае А.Масарэнка). Калі настой будзе гатовы, зьявіцца жоўты асадак. Прымаць бабрын трэба так: 25 кропляў (прыблізна з дэсэртную лыжку) перад сном.

«Адзін год павесілі ў хаце сушыць, прыходзім — няма: мама ўсё павыкінула, так смуродзіў… Яго куплялі францускія і ангельскія фірмы. Паляўнічаму 250 рублёў давалі за кіляграм высушанага струменю», — прыгадвае пісьменьнік.

Міты й праўда

Алесь Масарэнка ведае пра баброў усё. Па ягоных кнігах вучыліся паляваць на баброў... браканьеры. Так, у Белавескай пушчы затрымалі зладзея, у якога знайшлі затрапаную кнігу «На бабровых тонях». «Я па ёй навучыўся пасткі ставіць», — сказаў браканьер.

Доўгі час у СССР бабры былі пад строгай аховай — з 1920-х іх было забаронена лавіць. І бацька пісьменьніка, Герасім Масарэнка, стаў адным зь першых, хто ў Беларусі адраджаў старадаўняе майстэрства баброўніцтва. Перад адпраўкай баброў кальцавалі.

«Канадзкія бабры падобныя чымсьці да выдры. Наш, эўрапейскі бабёр большай вагі — да 30 кг і больш бываюць. А тыя — у сярэднім па 15 кг».

Масарэнка знаецца на бабрах лепш за якога паляўнічага ці лясьнічага. Нездарма яго запрашалі адлоўліваць баброў ня толькі ў Беларусі, але й Літве. Там ён сутыкнуўся з рознымі паданьнямі. «Тамтэйшая супрацоўніца, доктар навук, расказвала: «Бабры ў Літве запруду робяць так: адзін стаіць камандуе, а астатнія цягаюць дрэвы». Я парырую: «Я бачыў, як яны на хатку гразь цягаюць у нас на балоце — дык там ніхто не камандаваў. Адзін цягне гразь туды, другі палку прыносіць, тыркае, пасьля гразёй замазвае — як людзі…»

Тамсама пачуў Масарэнка гісторыю пра баброў і «лясных братоў». У 1955 годзе прывезьлі нашых баброў у Літву (хоць у іх былі й свае. Гэтак літоўцы дбалі, каб ня страціць папуляцыю). Выпускалі баброў у нейкае балота, а там навукоўцаў абстралялі з кулямётаў «зялёныя браты», якія адседжваліся ў лесе. І давялося навукоўцам перабірацца паўзком. Выпусьцілі баброў, і тыя ўжо самі плёхаліся ў возера.

У Беларусі з Масарэнкам здарылася падобная гісторыя. Ловячы з бацькам баброў на Нёмане ў 1950-х, у адной хатцы знайшлі склад: гранаты, агнястрэльную зброю, кажух… Хуценька сплылі назад — далей ад граху. А ўначы да вогнішча прыйшоў незнаёмец. Пасядзеў пагутарыў, а на разьвітаньне сказаў бацьку: «Тваё шчасьце, Герасім, што ты інвалід, а то плыць бы табе ўначы па Нёмане…»

«Мяккае золата»

У Канадзе XVII—XIX стагодзьдзяў эканоміка была заснаваная на бабровым промысьле. І ў Беларусі бабры давалі немалы прыбытак. Найдаражэйшымі былі бабры-альбіносы. Але іх перабілі — не засталося ніводнага.

Злоўленага бабра карысталі практычна без адкідаў. Высока цаніўся тлушч — за тое, што ніколі не замярзае (нават у цяперашніх халадзільніках). З тоўстай скуры бабровага «гарба» здавён рабілі падэшвы, якім не было зносу. Шэрсьць і пух пры гэтым з «гарба» вычэсвалі й здавалі асобна — на капелюшы. З поўсьці рабілі ніткі, а пух валялі — як на лямец. Касторавыя шапкі (на латыні бабёр — castor) нібыта лекавалі ад галаўнога болю.

А.Масарэнка згадвае пра бацькавага знаёмца — Мэера з Прапойску: ён скупляў бабровыя скуркі, шэрсьць і прадаваў на міжнародным рынку. «Дык яго дыскваліфікавалі і адабралі міжнароднае пасьведчаньне гандляра пушнінай, — прыгадвае пісьменьнік. — Ягоны брат пайшоў на хітрасьць: лавіў чорных катоў, выскубваў пух і мяшаў з бабровым. І яго выкрылі, забралі ліцэнзію…»

Так сурова з махляром абышліся нездарма. «Пушніна — гэта мяккае золата. У Ждановічах і на Камароўцы гандляры прадаюць бабровыя шапкі. Кажуць — зь Літвы… Брэшуць! Калі пачнецца зіма, прайдзіся па праспэкце — кожны трэці ў бабровай шапцы».

Масарэнка лічыць, што дзяржава ня дбае пра ўласны «залаты запас». Не займаецца як сьлед бабрамі. І таму ён прапануе свой варыянт выйсьця: «Цяпер аддалі баброў лясгасам, а гэта ж першыя браканьеры. Дзе зброя — там і браканьерства. Трэба іх аддаць таму ведамству, якое зброі ня мае, — хаця б рачному».

«Плача як бабёр»

Паляваньне на баброў пачыналася позна ўвосень — калі ляжа першы сьнег. «Бабра страляць нельга. Капканамі лавілі. Застрэліш, а ён нырнуў ці куды-небудзь яго аднесла — і дзе шукаць?» — раіць А.Масарэнка.

З паляваньнем зьвязана прыказка «плакаць як бабёр» — гэта значыць зь вялікай скрухай. Кажуць, што бабёр — істота сумленная і разумная — верыць у свой лёс. Калі бачыць пастаўленую на сябе пастку, дык з жалю плача, але ўсё ж лезе ў яе — праз наканаванасьць. Паводле іншага варыянту легенды, у пастку бабёр сам ня лезе, а плача, калі бачыць немагчымасьць уратавацца. Сьлёзы ў бабра насамрэч цякуць — вялікія, як боб…

У А.Масарэнкі больш рацыяналістычнае вытлумачэньне гэтага фэномэну. Плача бабёр, таму што не трывае дзённага сьвятла, празьмерна яркага для яго, — зьвер жа вядзе начны лад жыцьця: «Таму мы, калі зловім бабра, адразу пастку накрываем якім-небудзь брызэнтам. Ён і сьцішваецца».

Тыповы беларус

Ляцеў бабёр цераз двор,

На ём сукенак дзевяць пар,

На ём шапачка баброва,

Загарэлася дуброва…

У фальклёры бабра згадваюць часта. Прымаўка кажа: «Як заб’еш бабра, ня будзеш мець дабра». Магчыма, нашы продкі любілі яго за рысу, блізкую сабе, — працавітасьць.

«Бабёр — самаўпэўнены, як беларус: думае, «вось я ведаю, што прайшоў нядаўна. Я гэты ход сам капаў. А тут нейкая сетка стаіць, ёлкі зялёныя! Я гэтую сетку разьнясу — у мяне ж такія зубы!» І лезе ў гэтую сетку. Залез, а тады бачыць, што ні туды ні сюды, і давай церабіцца. І аж зубы свае крышыць аб яе», — прыгадвае лавецкія прыгоды Масарэнка.

Зрэшты, на сёньня бабровая гісторыя па-ранейшаму застаецца tabula rasa: няма ні адмысловага музэю, ні раскручанага міту. Не лічыць жа адзнакай апошняга двух баброў на колішняй трохрублёвай купюры. Але сапраўдная беларуская бабровая сага яшчэ толькі пачынаецца.

Бабёр можа знаходзіцца пад вадой да 15—20 хвілін, праплываючы пад ёй 700—800 м. У спакойных жа ўмовах сядзіць пад вадой ля дзьвюх хвілін.

Узімку ў сьпячку не кладзецца. Жыве бабёр у норах са шматлікімі хадамі й адноркамі або ў збудаваных хатках.

Сёньня бабра можна ўбачыць у Бярэзінскім запаведніку, на Сажы і Нёмане. Прычым паміж розными групамі ёсьць свае адрозьненьні. Так, у нёманскай папуляцыі часьцей сустракаюцца бабры з чорным футрам, на Бярэзіне і Сажы — з буравата-рудым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0