Сусьветныя тэндэнцыі ў модзе і зьмены ў сьветапоглядзе аналізуе Тэда Лі.

На ноc усяму сьвету села восень. Ночы няспынна халаднеюць, зганяючы даміношна-пладова-ягадных дзядзек глядзець тэлевізар у самоце. Хатнія руплівіцы закатваюць апошнія слоікі сьлівовага сочыва, не стамляючыся паказваць свае шафы, бітком набітыя марынаванымі гуркамі. Студэнты неахвотна спаўзаюцца назад са сваіх заакеанскіх падпрацовак. Іх сябры ў Беларусі пахныкваюць адзін адному і пішуць доўгія электронныя лісты італьянцам, зь якімі пазнаёміліся летам. Жыцьцё вярнулася ад даўжэзных чэргаў пад эўрапейскімі амбасадамі на вуліцы нашых гарадоў.

Здароў, лянота

Гэтай восеньню цывілізаваны сьвет заняты праблемай працагалізму. На зьмену папулярызацыі працы і кар’ернага росту прыходзіць новая тэндэнцыя вяртаньня вечна занятых людзей да сям’і і спакойнага жыцьця. Апошні бэстсэлер, які зьдзівіў і прымусіў задумацца сьвет, — кніга францускай пісьменьніцы Карын Мэер «Здароў, лянота», напісаная праз паўстагодзьдзя пасьля зьяўленьня аповесьці «Здароў, смутак» Франсуазы С. «Здароў, лянота» выклікала імгненную рэакцыю часопісаў і газэт, якія на розных мовах запелі оды і дыфірамбы адпачынку ды вольнаму часу. І нездарма: за апошні час у ЗША і краінах, дзе праца ўзьведзеная ў ранг ледзь не сьвятыні — Нямеччына, Галяндыя, Японія, — крытычна ўзрасла колькасьць клюбаў ананімных працаголікаў. Туды прыходзяць людзі і скардзяцца, што, працуючы 18 гадзін у суткі, страцілі здароўе і сям’ю.

Тым часам самымі багатымі на шчасьлівых і задаволеных працай людзей зьяўляюцца скандынаўскія краіны. Гэта тлумачыцца тым, што іх праца наладжана так, каб яны маглі ўволю пабалбатаць з калегамі, без згрызот сумленьня адлучацца на кававыя перапынкі і заўсёды своечасова палуднаваць. Цікава, што колькасьць працаголікаў зьмяншаецца, калі рухацца на поўдзень. Паўднёвыя людзі ня лічаць беспрацоўе прычынай хвалявацца і сканчаць жыцьцё самагубствам.

У Беларусі праблему працагалізму можна падняць толькі зь іншага боку. Пакуль заходнія людзі захворваюць на бесьперапынную працу з прычыны вечнага жаданьня палепшыць дабрабыт, дабіцца статусу ў грамадзтве і адчуваць сябе патрэбным, сярэднестатыстычны беларускі чалавек марнуе здароўе 8—14 гадзін дзеля таго, каб зарабіць на самыя неабходныя патрэбы. Таму большасьць працуе толькі дзеля заробку.

Бацькаўскі інстынкт

Вярнуўшыся зь летніх вакацый у Менск, я адразу трапіла на вясельле сваёй аднакурсьніцы. Як пасьля растлумачыла 20-гадовая нявеста, ёй раптоўна захацелася сямейнай утульнасьці і… дзяцей. Пазьней я даведалася, што такое адбылося ня зь ёй адной. За лета замуж «павыскокваў» цэлы атрад раўналетак. Празь некалькі месяцаў усе яны пабяруць акадэмічны і трывала засядуць па хатах за тэлеканалам «Телевизионный дамский клуб» і падручнікамі доктара Спока.

Пакуль нашы дзеўкі падтрымліваюць спрадвечныя традыцыі мацярынства, у сьвеце памаднелі хатнія прыдзіцяткавыя таткі. Гарады нашых заходніх суседзяў заклееныя вулічнай сацыяльнай рэклямай: «Бацькоўства руліць!» — а актуальныя ток-шоў абмяркоўваюць заканамерную сьмерць жанчыны-папялушкі. Аўстрыйскі псыхааналітык Мэлані Кляйн заявіла, што «жанчына — гэта сьметніца, у якую дзіця можа выкінуць нэгатыўныя пачуцьці: злосьць, агрэсію». Пасьля гэтага ў сьвеце загаварылі пра тое, што цэлы дзень сядзець зь дзіцем — куды цяжэй, чым сыходзіць на працу і вяртацца да сям’і толькі ўвечары. І чаму цяжэйшае дастаецца «слабейшаму» полу?

Магчымасьць бацьку сядзець са сваім нашчадкам, атрымліваць дэкрэтны водпуск і грашовую дапамогу ў ЭЗ зьявілася ў 1996 г., аднак як новы стыль жыцьця яна сьцьвердзіла сябе толькі цяпер. Дзіцячыя калыскі люляюць ужо 85% ісьляндзкіх татаў, 34% швэдзкіх, у астатніх эўрапейскіх краінах працэнт татаў-дамаседаў расьце з кожным годам.

Папугаі лятуць на Ібіцу

У цёплы пэрыяд году мы робімся папугаямі, палохаючы чорна-белых буслоў цыганскімі колерамі сваіх спадніц. Буслы адлятаюць у цёплы сьвет, і надыходзіць час нам хаваць свае яскравыя папугайскія ўборы да Крымаў і ібіц, якія будуць ужо праз год. Самы час зьняць ружовыя акуляры і перагледзець свой гардэроб да новага сэзону творчасьці, мэлянхоліі і творчай мэлянхоліі.

Гэтай восеньню адыходзяць у нябыт бранзалеты ўсіх мадыфікацый. Але гэта — цалкам летні аксэсуар. Таксама па-за модай застаюцца каўбойскія боты, швэдрыкі, што адкрываюць пуп усяму сьвету, і кароткія пінжачкі. У новым сэзоне пінжакі мусяць падкрэсьліваць лінію таліі, не пакідаючы голых «дзірак». Усё яшчэ актуальныя бліскучыя, расшытыя рознымі ўзорамі пінжакі, самыя топавыя тканіны — аксаміт ды вэльвэт.

Усё маднейшымі для жанчын робяцца нагавіцы мужчынскага крою, хаця ўсё яшчэ модныя і вельмі вузкія, якія аблягаюць нагу ад лытак да пятак. А вось брыджы і іншыя кароткія штаны час адвезьці на лецішча ці вёску (хто яго ведае, можа, і зручна ў іх бульбу капаць).

Камяні, як і тканіны, восеньню мусяць быць стрыманых, «прыглушаных» колераў, самы загадкава-экзатычны — камень «тыгровае вока». Галоўныя ювеліры плянэты назвалі два эпітэты для моднага восеньскага ўпрыгажэньня: «гладкае» і «чорнае».

Калі няма магчымасьці адмовіцца ад абцасаў (малы рост ці іншыя комплексы), няхай яны, прынамсі, будуць шырокімі. Больш ніякіх «шпілек», а тым больш з завостранымі насамі! Паколькі самае істотнае гэтай (можа быць, як і ўсялякай іншай) восеньню — стылёвая зручнасьць, то наймаднейшыя цяпер высокія боты з прыемнай скуры з пляскатымі падэшвамі.

Ізноў на самым піку моды доўгія, нават даўжэзныя завушніцы і каралі — як водзіцца, у некалькі шэрагаў. Пярэстыя плеценыя шалікі сусьветныя дызайнэры раяць замяніць на футравыя. І цёпла, і раскоша.

Восень у падарунак

Восень — самая пара для такіх, як мы з вамі. Рамантычная казка рамантычных герояў. Пакутнікаў і сусьветных тужліўцаў. Зьедзеных і праглынутых ілюзіямі. Тых, якія ненаўмысна чуюць «жыве» перад зьвярыным рыканьнем «Бе-ла-русь!» чырвона-зялёных футбольных фанатаў, асуджаных бязрадасна пакідаць стадыён «Дынама». Чырванеючы і зелянеючы на гэты раз ад сораму.

Тым, каго не прыняў жорсткі сьвет са сваімі жорсткімі правіламі, была падорана восень. Любіце яе, халодную і плаксівую. Гладзьце яе па доўгай сьпіне, пакуль яна сядзіць у вас на носе.

Моды восені-2005

Вопратка

У новым сэзоне выйдуць з моды кароткія швэдры і пінжакі. Модныя будуць пінжакі, што падкрэсьліваюць лінію таліі. Актуальныя бліскучыя, расшытыя рознымі ўзорамі пінжакі, самыя топавыя тканіны — аксаміт ды вэльвэт. Пярэстыя плеценыя шалікі сусьветныя дызайнэры раяць замяніць на футравыя.

Усё маднейшымі для жанчын робяцца нагавіцы мужчынскага крою, а таксама вельмі вузкія, якія аблягаюць нагу ад лытак да пятак. Брыджы і іншыя кароткія штаны пакіньце ў мінулым сэзоне.

Біжутэрыя

Камяні мусяць быць стрыманых, «прыглушаных» колераў. Самы загадкава-экзатычны — камень «тыгровае вока». Галоўныя ювеліры плянэты назвалі два эпітэты для моднага восеньскага ўпрыгажэньня — «гладкае» і «чорнае». На піку моды доўгія, нават даўжэзныя завушніцы і каралі — у некалькі шэрагаў.

Абутак

Страцяць актуальнасьць каўбойскія боты, «шпількі», завостраныя насы. Наймаднейшыя цяпер высокія боты з прыемнай скуры з пляскатымі падэшвамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0