11 верасьня ў Нью-Ёрку завяршыўся адкрыты чэмпіянат ЗША па тэнісе, апошні турнір году з сэрыі «Вялікага шлема». Беларускія заўзятары мелі надзеі на тое, што Максу Мірнаму ўдасца атрымаць першую перамогу на гэтым турніры ў парным разрадзе.

Таксама меліся і некаторыя спадзевы, што на кортах Флэшын Мэдоўз адбудзецца чароўнае адраджэньне вялікага байца Ўладзімера Ваўчкова. Аднак ні першага, ні другога не адбылося. Піша Андранік Антанян.

Уладзімер Ваўчкоў ня здолеў прабіцца церазь сіта кваліфікацыйнага адбору, і выглядае, што кар’ера гэтага тэнісіста, аўтара самага значнага дасягненьня ў гісторыі беларускага мужчынскага тэнісу — выхаду ў паўфінал адзіночнага разраду на турніры ва Ўімэблдане — няўмольна ідзе да завяршэньня. Тое, што яго дасягненьні будуць паўтораны ў найбліжэйшай будучыні кім-небудзь зь беларускіх спартоўцаў, выглядае малаімаверным.

Мірны, які сёлета паказвае стабільную гульню, саступіў у трэцім раўндзе пэрсанальнага разраду ў чатырох сэтах фіну Ярка Ніемінэну. Вынік сустрэчы нельга назваць нечаканым. Хоць фінскі тэнісіст ня ходзіць сярод лідэраў і летась Макс яго двойчы рашуча перамагаў, тым ня менш ляўшун, што лепш пачуваецца ў абароне і контратаках, зьяўляецца тэнісістам такога тыпу, у гульні зь якімі прыхільнік жорсткай атакі Мірны не адчувае сябе ўпэўнена.

Куды большыя надзеі ўскладаліся ў нас на пару Б’ёркман—Мірны. Беларуска-швэдзкі дуэт, які склаўся сёлета, дэманструе ўпэўненую гульню і ўжо перамагаў на кортах «Ралян Гаросу», а таксама на турнірах сэрыі «Мастэрз» у Маямі, Гамбургу і Цынцынаці лічыўся адным з фаварытаў у мужчынскіх парных спаборніцтвах. Свой статус яны і пацьвердзілі выхадам у фінал, дзе сустрэліся з амэрыканскай парай, складзенай з братоў Браянаў. Калясальная згулянасьць каліфарнійцаў, якія ўсю ўвагу канцэнтруюць на выступе менавіта ў гэтай дысцыпліне, прынесла вынік — 6:1, 6:4. Беларуска-швэдзкая пара здолела правесьці ўсяго некалькі прыгожых розыгрышаў, за якія хаця і не даюць дадатковыя балы (ці грошы), але якімі тэніс і прыцягвае да сябе ўвагу гледачоў.

У жаночай палове спаборніцтваў ніхто зь беларусак ня здолеў прабіцца ў асноўны турнір. Пэўную падставу для радасьці прынесла перамога Вікторыі Азаранкі ў юніёрскім турніры. Аднак тым заўзятарам, якія ўжо пачалі лічыць дні да часу, калі таленавітая беларуска пачне граміць суперніц на вялікіх турнірах для «дарослых», варта ўсё ж паберагчы свой запал. Пераход зь юніёрскага ў прафэсійны тэніс не заўсёды бывае гладкім ці такім, якім ён бачыцца трэнэру і (або) бацькам тэнісісткі. Тое, што ты граміш сваіх аднагодкаў у падлеткавым узросьце, зусім не гарантуе таго, што ў цябе атрымаецца весьці на роўных размову зь людзьмі, якія ведаюць пра тэніс усё і свае веды могуць яшчэ рэалізаваць на корце. Але як жа без надзей жыць заўзятарам?

Асноўнай інтрыгай мужчынскага турніру было пытаньне, ці здолее хто-небудзь спыніць пераможны поступ швайцарца Роджэра Фэдэрэра, які ў гэтым сэзоне правёў 74 матчы і ў 71 зь іх сьвяткаваў перамогу. Вынік ашаламляльны. Швайцарскі тэнісіст упэўнена рухаўся па турнірнай сетцы і найбольшыя праблемы меў хіба ў 1/8 фіналу ў гульні супраць нямецкага тэнісіста Нікаласа Кіфэра. У астатніх выпадках лідэр сэзону гуляў на парадак вастрэй і пры гэтым стабільней за сваіх апанэнтаў. Яго супернікам у фінале стаў легендарны Андрэ Агасі, чыё выступленьне на турніры ў Нью-Ёрку стала дваццатым у кар’еры. Жывая легенда тэнісу, адзін з найстарэйшых гульцоў у прафэсійным туры цягам усяго свайго шляху да фіналу не паказваў той гульні, якая дазволіла яму на працягу доўгай і плённай кар’еры атрымаць перамогі ва ўсіх чатырох турах з сэрыі «Вялікага шлему», аднак калясальны досьвед дазваляў амэрыканцу ў самыя адказныя моманты гульні праводзіць розыгрышы на абсалютнай канцэнтрацыі і перамагаць над супернікамі, якія паказвалі больш прывабны і, здавалася, больш выніковы тэніс. Менавіта такім чынам былі ім атрыманы перамогі ў пяці сэтах над бэльгійцам Ксав’е Малісам і земляком Джэйсам Блэйкам, які па ходзе турніру паказваў сьпелую і адначасова азартную гульню.

Надзеі тых, хто спадзяваўся, што досьвед вэтэрана тэнісу дазволіць знайсьці дзейсныя сродкі супраць швайцарца, былі апраўданы часткова — у першых трох сэтах фінальнай сустрэчы. Але пасьля тай-брэйку трэцяга сэту, які ўпэўнена ўзяў Фэдэрэр, стала зразумела, што калі і ёсьць на сёньняшні дзень тэнісіст, здольны перамагчы гэтага спартоўца, то яго прозьвішча не Агасі. 6:3, 2:6, 7:6 (1), 6:1 — такі вынік зафіксаваны ў афіцыйным пратаколе матчу, і Роджэр Фэдэрэр другі раз запар стаў пераможцам Адкрытага чэмпіянату Амэрыкі.

На спаборніцтвах сярод жанчын перамогу сьвяткавала бэльгійка Клім Клістэрз, якая ўпэўнена перамагла ў двух сэтах францужанку Мэры Пірз.

Адметнасьцю гэтага турніру, відавочна, стала тое, што ў фіналы ў мужчынскім і жаночым разра-дзе выйшлі тэнісісты, чый узьлёт спартовай кар’еры прыпаў на пачатак-сярэдзіну 1990-х. А калі дадаць яшчэ выхад у паўфінал у парным разрадзе Марціны Наўрацілавай, якой неўзабаве споўніцца 49 (!) гадоў і чыя яскравая прафэсійная спартовая кар’ера пачалася ў першай палове 1970-х, то вымалёўваецца даволі парадаксальная карціна: гады ідуць, зьмяняецца інвэнтар, месца тэнісу ў масавай сьвядомасьці, урэшце, мэтодыкі падрыхтоўкі атлетаў, а Андрэ Агасі і Марціна Наўрацілава яшчэ ў стане прадэманстраваць маладым пакаленьням спартоўцаў сваю сілу на корце.

Турнір у Нью-Ёрку зьяўляецца кульмінацыйным у календары прафэсійнага туру. Аднак беларускіх аматараў праз два тыдні чакае яшчэ адна важная падзея. 23—25 верасьня ў Таронта павінен прайсьці матч на Кубак Дэвіса паміж мужчынскімі зборнымі Беларусі і Канады за права вярнуцца ў Сусьветную групу гэтага прэстыжнага спаборніцтва. Канадзкія тэнісісты не заўважаны нават сярод сотні мацнейшых тэнісітаў плянэты, і асаблівых посьпехаў у Кубку Дэвіса ў апошнія дзесяцігодзьдзі гэтая каманда ня мела.

Аднак усё вышэйпералічанае не зьяўляецца гарантыяй таго, што паездка ў Таронта стане лёгкай прагулкай для беларускай дружыны. Толькі М.Мірны відавочна пераўзыходзіць клясам сваіх будучых апанэнтаў. У.Ваўчкоў ужо ня першы сэзон ня можа знайсьці сваю гульню і вывесьці сябе на калісьці заваяваныя рубяжы (праўда, гэта зусім не замінае яму часам бліскуча выступаць за нацыянальную зборную). Але за сьпінамі гэтых безумоўных лідараў беларускага тэнісу за апошняе дзесяцігодзьдзе так і ня вырасла спартоўцаў, здольных выступіць годна на турнірах падобнага ўзроўню, што робіць канчатковы вынік вельмі залежным ад таго, у якой форме падыдуць да гэтага матчу Макс Мірны і Ўладзімер Ваўчкоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0