Глеб — гулец месяца
Наведвальнікі афіцыйнага сайту лёнданскага «Арсэналу» прызналі Аляксандра Глеба найлепшым гульцом каманды ў жніўні. Як паведамляе сайт www.arsenal.com, дэбютант «кананіраў» ужо здабыў павагу партнэраў па камандзе і заўзятараў клюбу: «Дрыблінг Аляксандра, кантроль мяча і бачаньне поля надалі «кананірам» новае вымярэньне пры пераходзе ў атаку, што яўна назіралася ў першых матчах сэзону». За Глеба аддалі галасы 37% тых, хто прагаласаваў тады як форвард зборнай Францыі Т’еры Анры набраў толькі 20%.
Дзьве «бронзы»
На чэмпіянаце сьвету па дзюдо ў Эгіпце, беларускія дзюдаісты заваявалі два бронзавыя мэдалі. Андрэй Казусёнак заняў трэцяе месца ў вагавой катэгорыі да 90 кг, а Юры Рыбак — у абсалютнай катэгорыі. У агульным мэдальным заліку зборная Беларусі заняла 17-е месца. Першае месца — у каманды Японіі (тры залатыя, пяць срэбраных, тры бронзавыя). Алімпійскі чэмпіён Атэнаў Ігар Макараў у чэмпіянаце сьвету ўдзелу ня браў.
Горад над Бугам — у Лізе чэмпіёнаў
Берасьцейскі гандбольны клюб імя Анатоля Мяшкова трапіў у групавы турнір Лігі чэмпіёнаў. У кваліфікацыйным раўндзе БГК двойчы абыграў чэмпіёнаў Нарвэгіі «Сандэф’ёрд» — 31:27, 26:21.
У групавым турніры беларусы згуляюць зь нямецкім «Кілем», дацкім «Колдынгам» і плоцкай «Віслай». Першы матч 1—2 кастрычніка БГК правядзе ў гасьцях супраць «Кіля», праз тыдзень у Менску — супраць датчан.
У наступны раўнд трапляюць па дзьве лепшыя каманды. Летась берасьцейцы дэбютавалі ў асноўнай сетцы Лігі чэмпіёнаў, але занялі ў сваім квартэце апошняе месца.
АР, belapan.com, football.com