Паўночны Каўказ няўхільна рухаецца да аддзяленьня ад Расеі. Аналіз Сяргея Богдана.

Замах на прэм’ер-міністра Інгушэціі прадэманстраваў, што расейскія ўлады не кантралююць сытуацыі на Каўказе. Губляючы Закаўказьзе на тле вываду войскаў з Грузіі і прагрэсу ў армяна-азэрбайджанскіх перамовах, Масква пачынае баяцца за Паўночны Каўказ.

Яшчэ не вайна, але ўжо ня мір

Прадвесьнікам фіналу расейскага панаваньня на Каўказе сталі падзеі канца 1990-х. Масква ўжыла сілу, раздушыўшы ісламісцкія джамааты (грамады) Дагестану й напаўнезалежную Чачэнію. Але супраціў чачэнцаў зламіць не ўдалося, а джамааты зьявіліся на ўсім Каўказе. Найбольш дапякае расейцам Дагестан. Колькасьць палітычных забойстваў тут вырасла ўтрая з 80 на працягу 2003-га і першай паловы 2004 г. да 80 за першае паўгодзьдзе 2005 г.

Пра бясьсільле ўладаў у гэтым рэгіёне сьведчаць высновы прадстаўніка У.Пуціна па Паўднёвай фэдэральнай акрузе Дзьмітрыя Козака, які канстатуе: маскоўская палітыка на Каўказе пацярпела паразу: «Далейшае ігнараваньне сацыяльна-палітычных і эканамічных праблем у найбліжэйшым часе можа прывесьці да рэзкага росту колькасьці акцыяў пратэсту, некантраляванага разьвіцьця падзеяў, лягічным заканчэньнем чаго будуць адкрытыя сацыяльна-групавыя, міжэтнічныя і канфэсійныя канфлікты». Высновы пацьвярджаюць вынікі апытаньняў. Паводле Ўсерасейскага цэнтру дасьледаваньняў грамадзкай думкі, больш за палову дагестанцаў гатовыя браць удзел у дазволеных акцыях пратэсту (у сярэднім па Паўднёвай фэдэральнай акрузе — 34%) і ня менш за 29% — у несанкцыяваных (па ПФА — 10%). 15% жыхароў «гатовыя да экстрэмісцкіх дзеяньняў»: 8% гатовыя захопліваць будынкі дый перакрываць дарогі і 7% — прымяняць зброю.

Рост антымаскоўскіх настрояў вымушае Крэмль рабіць адэкватныя захады. Пуцін ужо абвесьціў пра стварэньне ў Дагестане і Карачаева-Чаркесіі дзьвюх вайсковых базаў і разьмяшчэньне там дзьвюх новых брыгадаў, а зона контратэрарыстычнай апэрацыі пашыраная на тэрыторыю ўсіх каўкаскіх рэспублік.

Фінансавы чыньнік

Рост нестабільнасьці афіцыйная Масква традыцыйна тлумачыць нізкім узроўнем жыцьця, беспрацоўем ды карумпаванасьцю мясцовых элітаў. Але ня ўсё тут так проста. Так, у Дагестане зафіксаваны самы нізкі намінальны заробак па Расеі (каля $100), але на рэспубліку прыпадае самы буйны аб’ём апэрацый па абмене валюты. За апошнія два гады выдаткі насельніцтва на набыцьцё замежнай валюты павялічыліся з 1,6 млрд руб. да 8,8 млрд руб., а за мінулыя чатыры гады ўклады ў замежнай валюце ў Ашчадбанку павялічыліся ў 17,5 разу! Аб’ём грашовых пераказаў у Дагестан несупынна расьце.

Фармальна бюджэт патэнцыйна неспакойных рэгіёнаў Каўказу моцна залежыць ад датацыяў цэнтру (у Дагестане сродкамі Масквы забясьпечваюцца 84% краёвага бюджэту). За апошнія чатыры гады фінансавая дапамога зь бюджэту Фэдэрацыі павялічылася ў разьліку на аднаго жыхара Каўказу ў 3,5 разу. Але кіруючыя кланы прысабечваюць сродкі, якія не даходзяць да насельніцтва. Такім чынам, Крэмль фактычна купляе ляяльнасьць мясцовых баронаў, насельніцтва жыве ў іншай эканамічнай сыстэме.

Дэмаграфічны і рэлігійны чыньнікі

Ад пачатку 1990-х на Каўказе адбываўся працэс нацыянальнага і неаддзельна зьвязанага зь ім рэлігійнага адраджэньня. Калі ў 1983 г. у Дагестане было 27 мячэтаў, зараз іх налічваецца 1595. Дзейнічае ў рэспубліцы 422 рэлігійныя навучальныя ўстановы.

Зьмянілася і структура насельніцтва. Доля расейскага насельніцтва скарацілася ўдвая (у Дагестане яно цяпер складае 4,7%). На тле агульнага скарачэньня колькасьці насельніцтва Расеі (на 400 тыс. штогод), на Паўночным Каўказе назіраецца ягоны рост. Напрыклад, чаркесаў, паводле перапісу 1989 г., было 50,8 тыс. чалавек, а паводле перапісу 2002 г. — 61 тыс.; чачэнцаў, нягледзячы на вайну, — 957 тыс., стала — 1361 тыс. Рост насельніцтва дазваляе каўкаскім народам больш упэўнена разважаць пра сваю будучыню. Падставы для аптымізму дае і незалежнае разьвіцьцё Паўднёвага Каўказу, што вызваляецца ад расейскіх уплываў. Трубаправод ад Баку да Джэйхана пахаваў апошнія расейскія спадзяваньні на сваё вяртаньне ў Азэрбайджан. Дагестанцы ж захоплена назіраюць станаўленьне новых незалежных дзяржаваў побач з сабой.

Паміж ісламізмам і Масквой

Рэгіянальная і фэдэральная ўлада амаль трацяць сваю легітымнасьць. Любое зьмяненьне ў кіраўніцтве выклікае барацьбу за перадзел сфэраў уплыву. Так, у Дагестане паўнамоцтвы кіраўніка краю, 75-гадовага Магамэдалі Магамэдава, скончацца наступным летам. І дэстабілізацыя абстаноўкі непазьбежная, як пры захаваньні ўлады клану Магамэдава, так і пры яго замене. Каб выратаваць сваю ўладу, Маскве трэба стварыць сыстэму кіраваньня, заснаваную не на кланавасьці, а на эфэктыўнасьці. Але гэта могуць зрабіць толькі самастойныя лідэры, якіх так ня любіць Масква. Кіраваныя, але ня здольныя кіраваць толькі пагаршаюць становішча.

Прыклад — Інгушэція, калі ў Назрань замест самастойнага Аўшава быў прыведзены паслухмяны Крамлю кагэбіст Зязікаў. Вынік несуцяшальны — рэспубліка жыве ад тэракту да тэракту.

Але ёсьць і зацікаўленыя ў захаваньні крызіснай сытуацыі. Гэта дзейныя рэспубліканскія ўлады, якія бачаць у напружанасьці падставу, каб захаваць на няпэўны тэрмін сваё становішча гаспадара, а таксама — унутраная апазыцыя, якая ўспрымае кожны канфлікт як магчымасьць зганьбіць існуючы рэжым.

Падпольная дзяржава

На тле эканамічнае дэпрэсіі і татальнага крызісу даверу да ўлады адбываецца прыхаваная сэпарацыя каўкаскіх рэспублік ад астатняе Расеі. Мясцовае насельніцтва толькі імітуе вонкавую ляяльнасьць да дзяржаўнай улады, насамрэч жа расьце адчужэньне ад цэнтру. На Каўказе фармуецца паралельная сацыяльна-палітычная і праўная прастора, што толькі фармальна знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Масквы.

Адміністрацыйная мяжа Дагестану, Чачэніі і Інгушэціі з Стаўрапольскім краем і Асэтыяй ахоўваецца амаль як дзяржаўная, а ў мове жыхароў гэтых рэспублік любая вандроўка на поўнач называецца «паездкай у Расею».

У рэгіёне імкліва разьвіваюцца паралельныя ўладныя структуры ў выглядзе пабудаваных па рэлігійных прынцыпах джамаатаў. Гэтыя грамады вернікаў зусім не абавязкова схільныя да радыкальнага фундамэнталізму, але яны ствараюць асаблівую сацыяльную прастору, дзе расейскія сацыяльныя і праўныя нормы ўжо ня дзейнічаюць. Няздольнасьць дзяржавы забясьпечыць на сваёй тэрыторыі вяршэнства ўласных законаў азначае страту сувэрэнітэту. А гэта выразны прадвесьнік хуткай страты кантролю над гэтай тэрыторыяй.

Пры ўсёй адрознасьці мэтаў ісламскія джамааты, мясцовыя карумпаваныя кланы і арганізаваная злачыннасьць на Каўказе займаюцца сёньня тым самым — яны пасярэднічаюць у адсутнасьць дзяржавы. Паралельная ўлада запаўняе паўсталую пустэчу, бярэ на сябе выкананьне функцыяў, што некалі належалі расейскай уладзе. Яна культывуе свае кодэксы гонару, варожыя ня толькі афіцыйнай дзяржаве, але і расейскаму мэнталітэту.

Няўдалае ўтаймаваньне ісламу

Калі ўлічваць закрытасьць дыскрэдытаваных мясцовых элітаў і адсутнасьць сацыяльнай мабільнасьці, джамааты валодаюць вялізнымі рэсурсамі для росту як носьбіты паралельнай улады. На пачатку 1990-х іслам разглядаўся расейскай уладай як сіла, што можа спрыяць інтэграцыі этнічнай мазаікі Дагестану. Аднак іслам так і ня стаў чыньнікам стабільнасьці, хаця дзяржава давала немалыя грошы на мячэты. У часе адраджэньня выявіліся падставовыя разыходжаньні паміж прадстаўнікамі «рэальнага», традыцыйнага для Дагестану, суфійскага ісламу і ўсё больш шматлікімі так званымі «вагабітамі» (салафіты).

На думку расейскага ўсходазнаўцы Дз. Макарава, «вагабізм і суфійскі іслам знаходзяцца ў розным становішчы адносна існуючага ў Дагестане сацыяльна-палітычнага ладу, заснаванага на традыцыйных кланавых сувязях». Су-фійскі іслам структурна ўпісаны ў сыстэму гэтых сувязяў. Адмаўляючы суфізм, вагабізм адмаўляе і санкцыяваны ім сацыяльны лад. Дагестанскія вагабіты асновай сваёй прапаганды і агітацыі зрабілі крытыку прадажнай улады.

Масавыя злоўжываньні чыноўнікаў, закрытасьць улады і яе неадчувальнасьць да патрэбаў насельніцтва сталі галоўнымі чыньнікамі, што спрыялі ўздыму джамаатаў. Вагабіты высоўваюць альтэрнатыву існуючаму становішчу, фактычна прапанаваўшы новы ўнівэрсалісцкі праект. Гэта — мадэль «справядлівага грамадзтва», у якім няма месца кланам, тэйпам ды вірдам, г.зн. перавазе па этнічнасьці. Таму салафізм можа быць вельмі папулярны ў шматэтнічным Дагестане.

Для Масквы вельмі важна захаваць стабільнасьць і дзеля рэалізацыі новых эканамічных праектаў на Касьпійскім моры, найперш будаўніцтва трубаправодаў. Дагестан для Масквы — гэта брама Касьпію, бо акурат у дагестанскіх партах базуецца Касьпійская ваенная флятылія — важны інструмэнт вайскова-палітычнага ўплыву Масквы на Касьпіі.

Дагестанскае ўзьбярэжжа і яго інфраструктура — гэта сур’ёзны рэсурс расейскага ўплыву на цэнтральнаазіяцкія краіны. Трацячы Дагестан, Расея адступіць ня толькі з Каўказу, але і з Цэнтральнай Азіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0