Падчас наведваньня на мінулым тыдні сталічнага гіпэрмаркету «Гіпа» Аляксандар Лукашэнка выказаўся на палітычныя тэмы, у прыватнасьці, пра адстаўку кабінэту Цімашэнкі ды правядзеньне Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Прэзыдэнт разыграў шчырае зьдзіўленьне з таго, што гарадзкія ўлады не даюць правесьці зьезд у Менску. Сюрпрызам гэта было і для менскага мэра Паўлава. Раптоўна выявілася, што Кангрэс можна праводзіць у любой сталічнай залі. Прэзыдэнцкія словы былі пачуты: дзьверы для арганізатараў КДС адчыніў Палац культуры МАЗу.

Аляксандар Бухвостаў, старшыня аргкамітэту Кангрэсу, ужо правёў перамовы з кіраўніцтвам Палацу. Акрамя залі на тысячу чалавек, там ёсьць і дадатковыя памяшканьні. Сума арэнды не паведамляецца, але кіраўніцтва Кангрэсу яна задаволіла. Дазвол правесьці КДС у Менску — хітрасьць правіцеля ці «маленькая перамога апазыцыі», як выказаўся А.Лябедзька?

Частка апазыцыі ўздыхнула спакайней — зьявіўся шанец сабрацца ў Беларусі, а не бадзяцца па замежжы. Зрэшты, запасныя варыянты — правядзеньне Кангрэсу ў Расеі ці Ўкраіне — пралічваюцца.

«Гарант яшчэ раз недвухсэнсоўна паказаў электарату, што ён гарант усяго — уключна з Кангрэсам, — адрэагавала на заяву прэзыдэнта прарасейская «Белгазета». — Для поўнага трыюмфу апазыцыі засталося толькі папрасіць дазволу кіраўніка дзяржавы на «каляровую» рэвалюцыю: раптам удасца выклянчыць…» Многія актывісты апазыцыі таксама не сьпяшаюцца ўхваляць прэзыдэнцкую велікадушнасьць.

Беларускія русафілы наракаюць на тое, што апазыцыя гатовая прыняць прапанову Лукашэнкі, абы толькі правесьці сход на «зямельцы роднай». Палітоляг Андрэй Суздальцаў на сайце «Наша думка» выказвае меркаваньне, што Лукашэнка спужаўся прыходу адзінага лідэра з Усходу: «Калі сярод апазыцыі зьявіліся размовы пра тое, што нядрэнна было б правесьці Кангрэс у Смаленску, ва ўладаў здалі нэрвы». На думку Суздальцава, ісьці ў наступ на Лукашэнку з боку Расеі — найбольш эфэктыўная тактыка. Кангрэс у Смаленску — гэта, мяркуе аўтар, асымэтрычны ўдар па рэжыме зь яго ўласнага тылу. Было б добра, каб апазыцыя адкінула прапанову ўладаў і ўсё адно правяла зьезд у Расеі, «але, хутчэй за ўсё, апазыцыя «клюне» на прыманку ўладаў». Паводле Суздальцава, Кангрэс у Менску — гэта легітымізацыя ўдзелу Лукашэнкі ў выбарах, палітычная клаўнада на патрэбу рэжыму.

Расейскі аналітык Іван Сухі ідзе яшчэ далей — ён прадбачыць у Беларусі «малдаўскі варыянт», мяркуючы, што Лукашэнка рыхтуе паварот краіны на Захад. «Беларускі прэзыдэнт задавальняе ўсіх, акрамя Масквы», — піша ён у сваім аналізе беларускай палітычнай сытуацыі на сайце globalrus.ru. Сухі перакананы, што Эўразьвяз не жадае зьмены рэжыму, бо ня мае намеру рабіцца спонсарам яшчэ аднаго беднага ўсходнеэўрапейскага суседа. У сваю чаргу, ЗША сур’ёзна баяцца толькі поўнага ўваходжаньня Беларусі ў склад Расеі — аднак такой небясьпекі цяпер няма. Гэта разумее і апазыцыя: «Па меры таго, як найбольш дасьведчаныя ў «беларускім пытаньні» дзеячы і экспэрты ўсьведамляюць, што Лукашэнка сувэрэнітэт сваёй краіны ня «здасьць» ні пры якіх абставінах, жаданьне тэрмінова яго скідваць прыкметна зьніжаецца».

Выгаднасьць пазыцыяў Лукашэнкі для нацыяналістаў аналітык абгрунтоўвае на прыкладзе расейскіх мэдыяў у Беларусі: «Апошнія гады распаўсюджаваньне расейскіх СМІ ў Беларусі няўхільна скарачаецца. Яны выцясьняюцца праўрадавымі, большасьць якіх вылучаецца адчувальнай кандовасьцю. Для нацыяналістаў выгадна, каб расейская мова асацыявалася з дубовым беларускім афіцыёзам і губляла функцыю носьбіткі расейскай культуры. Паводле ацэнак ідэолягаў БНФ, працяг цяперашніх тэндэнцыяў у моўнай і культурнай сфэрах непазьбежна прывядзе да поўнай перавагі беларускай мовы ў асяродку гуманітарнай эліты прыблізна празь дзесяць гадоў, пасьля чаго беларусізацыя захопіць і ўсё астатняе грамадзтва. А тое, што Лукашэнка не дапусьціць зьліцьця з Расеяй, лідэры беларускіх нацыяналістаў зразумелі за некалькі гадоў да Бжазінскага з Валэнсам». Ён адсылае да шэрагу стрыманых у дачыненьні да Лукашэнкі заяваў лідэраў заходняе грамадзкае думкі. Так нэрвова ўспрымаюць у Расеі любыя адступленьні Лукашэнкі ад «патрэбнага курсу».

Кожны нармальны прэзыдэнт кожнай нармальнай краіны мусіў бы зрабіць тое самае, што зрабіў Лукашэнка — не замінаў бы апазыцыі вылучыць свайго кандыдата. Лукашэнка проста зрабіў тое, што мусіў зрабіць паводле закону. Усе настолькі адвыклі ад такіх крокаў, што бачаць за імі падвох — магчыма, небеспадстаўна. Але апазыцыю няможна вінаваціць у тым, што яна прыняла такую прапанову.

Незалежна ад прычынаў, якімі кіраваўся Лукашэнка, прапанаваўшы правесьці Кангрэс у Менску боязі, што апазыцыя разбурыць стэрэатып пра сябе як прарасейскую сілу, правёўшы Кангрэс у Расеі, ці дзеля захаваньня дэмакратычнасьці фасаду, у гэтым ёсьць станоўчы вынік: палітычная барацьба будзе весьціся на беларускім полі, а ўплыў замежных гульцоў будзе апасродкаваны. Мяркуючы па рашэньні дазволіць КДС, дэмакратычная форма наступных выбараў захаваецца. Зьмест жа будзе залежаць ад патэнцыялу апазыцыйнага кандыдата.

Дый што ні кажы, а для менчукоў прагуляцца 1 кастрычніка да Палацу культуры МАЗу будзе прасьцей, чым зьезьдзіць у Смаленск.

Аляксандар Дабравольскі: «Мы гуляем не па правілах Лукашэнкі, а па правілах Канстытуцыі»

Арганізатары Кангрэсу дэмакратычных сілаў намераны правесьці зьезд у любым выпадку. Найлепш — у Беларусі, калі ня ўдасца — у замежжы, — кажа намесьнік старшыні АГП.

«НН»: Ці азначае прапанова Лукашэнкі тое, што Кангрэс пройдзе ў Менску?

Аляксандар Дабравольскі: Канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае. Ёсьць жаданьне правесьці Кангрэс у сталіцы, але запасныя варыянты таксама прапрацоўваюцца.

«НН»: Чым, на Вашую думку, была выкліканая прапанова ўладаў дазволіць правядзеньне Кангрэсу ў сталіцы?

АД: Тым, што Лукашэнка знаходзіўся ў няёмкай сытуацыі. Мы напісалі 50 лістоў у розныя месцыі. Усе адмовілі ў памяшканьнях — і мы зразумелі, што ў Беларусі немагчыма знайсьці залю для Кангрэсу. Пачалі абмяркоўваць варыянты правядзеньня Кангрэсу за мяжой. Замежныя лідэры таксама пачалі думаць пра тое, што адбываецца, мабыць, былі размовы з Лукашэнкам. Наагул ён выглядаў у гэтай сытуацыі як чалавек, які баіцца. Таму быў вымушаны прызнаць, што працэс ідзе і што яму ня трэба перашкаджаць. Але верыць Лукашэнку нельга. Сам знаходзячыся ў няёмкай сытуацыі, ён можа паспрабаваць паставіць у няёмкае становішча нас. Ужо шмат было прыкладаў, калі абяцаньне не выконвалася. Летась АГП праплаціла залю, каб правесьці зьезд у гатэлі «Менск», але на наступную раніцу нас туды не пусьцілі.

«НН»: Ці ня ставіць апазыцыя сама сябе ў няёмкае становішча, пагадзіўшыся на прапанову Лукашэнкі?

АД: Мы гуляем не па правілах Лукашэнкі, а па правілах Канстытуцыі Беларусі, якая дазваляе грамадзянам зьбірацца і вырашаць свае праблемы. Гэтае права павінна быць забясьпечанае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0