Сумленная мэдсястра Караліна (Кейт Гадсан) з Новага Арлеану наймаецца сядзелкай да паралюшнага старога. Бурклівая жонка хворага дае гераіні ключ ад усіх дзьвярэй, і на гарышчы цікаўная Караліна знаходзіць патаемны пакой з прадметамі магічнага культу. Хворы (Джон Гёрт) дае зразумець, што стаў ахвярай злых сілаў, і гераіня распачынае вышук…

Рэжысэр Ян Софтлі акуратна ўзнаўляе ў карціне прыметы страшнага месца. Стары дом, багністыя сажалкі Луізіяны, шэры дождж, рэчы, укрытыя пылам, гніеньне, забабоны й нэгрыцянская магія. Актрысы Кейт Гадсан і Джына Роўландс (старая гаспадыня дому) ствараюць прафэсійны тандэм. Гаспадыня фанабэрыстая, з падціснутымі вуснамі, абыякавая, ветлівая й злая; гераіня — заклапочаная, сумленная, маладая.

Але карціна заставалася б вялай стужкай, калі б не энэргічная, нечаканая і непаліткарэктная канцоўка, трапна прыдуманая сцэнарыстам Эрэнам Кругерам (драматург амэрыканскіх «Званкоў» і «Крыку-3»). Старыя байкі набываюць жыцьцё, калі ключ, які вам даюць, аказваецца ключом ад пасткі.

«Ключ ад усіх дзьвярэй» («Skeleton Key»)

ЗША, 2005, каляровы, 104 хв.

Жанр: містыка.

Адзнака: 5,5 (з 10).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0