На маніторы майго кампутара — выява Мірскага замку. Подпіс паведамляе, што здымак узяты з сайту «Радзіма майго духу» (www.radzima.org).

Апрача мноства прыгожых «шпалераў» на рабочы стол кампутара, на сайце можна знайсьці картачкі з усіх куткоў Беларусі, гістарычна-краязнаўчыя артыкулы пра гарады, мястэчкі й вёскі. Для стваральнікаў сайту Беларусь — панятак не палітычны, а геаграфічны й гістарычны. Таму ў пераліку абласьцей пазначаны таксама Браншчына й Смаленшчына.

Ідэя і распрацоўка сайту належаць Віктару Каліноўскаму й Канстанціну Шастоўскаму. Віктар — гісторык па адукацыі, але працуе ў сфэры перавозак. Архітэктар Канстанцін — галоўным мастаком у выдавецтве. Дзякуючы спэцыфіцы сваёй працы Віктар аб’езьдзіў усю Смаленшчыну й Браншчыну.

Ідэя стварэньня краязнаўчага інтэрнэт-рэсурсу зь вялікай колькасьцю краявідаў прыйшла ў галовы адначасова, калі яны яшчэ не былі знаёмыя. Віктар кажа, што падзяліўся сваёй задумай зь сябрам, які зазначыў: «У майго брата такі ж намер». Так і пазнаёміліся.

Сайт Віктар і Канстанцін робяць уласнымі сіламі. Дапамагаюць добраахвотнікі — прысылаюць свае артыкулы, фота. Суаўтары згадваюць, як на пачатку працы адзін знаёмы гісторык выказаўся дужа скептычна: надоўга вашага запалу ня хопіць! Аднак сайт працуе з 2002 г., пастаянна дадаюцца новыя матэрыялы. У гэтым месяцы ўжо зьявіліся ангельская і польская вэрсіі, якія сёньня знаходзяцца ў стадыі напаўненьня і тэставаньня.

Канстанцін Шастоўскі: Пачалося ўсё з «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» — гэта быў «шкілет». А потым ужо шукалі ў архівах і на старых мапах будынкі, пазначаныя крыжыкамі, — цэрквы ці касьцёлы. Потым узяліся за сядзібы, палацы, якія ў гэтых «Зборах» пераважна ўжо не разглядаюцца. Да зьвестак пра мясьціны патроху пачынаем дадаваць зьвесткі пра людзей, якія нарадзіліся ў гэтым месцы. Літаральна сёньня дадалі колькі здымкаў помніка Караткевічу ў Воршы. Летась зрабілі разьдзел «Страчаная спадчына».

Сьпярша мы кінуліся фатаграфаваць тое, што ёсьць. А потым залезьлі ў архівы, убачылі, што шмат якія помнікі проста «праехалі». І вырашылі: спачатку трэба зрабіць усю базу зьвестак. Цяпер яна ўдвая большая за друкаваны «Збор».

«НН»: А кантакты з афіцыйнымі структурамі ў вас ёсьць?

КШ: Ніякіх. Ні мы да іх, ні яны да нас…

«НН»: Ці гатовыя вы да таго, што аўтары артыкулаў могуць выставіць прэтэнзіі за парушэньне аўтарскіх правоў?

КШ: У кнігах «Памяць» бываюць фактычныя памылкі. Іх лёгка заўважыць. Мы іх выдаляем. Але аўтара і крыніцу заўсёды пазначаем.

Віктар Каліноўскі: Шмат хто кажа: калі ласка, калі раскупіцца наклад, бярыце і разьмяшчайце. Вядома, хацелася б больш аўтарскіх матэрыялаў. Хаця скардзіцца нібыта няма на што.

«НН»: Краязнаўцы ці прафэсійныя гісторыкі?

КШ: Прафэсійныя гісторыкі толькі абяцаюць. А краязнаўцы — так! Вось Уладзімер Скрабатун з Глыбокага, Кастусь Шыталь з Докшыцаў. Усяго ўдзельнікаў ужо больш за 150 чалавек. На старонцы «Аб праекце» ў нас пазначаны імёны ўсіх удзельнікаў, і мы ўсім вельмі ўдзячныя. Часта гэта людзі, якія самі даслалі нам свае матэрыялы, даведаўшыся пра існаваньне праекту.

«НН»: Колькі наведнікаў бывае на вашым сайце?

КШ: За дзень 120—150. Спадзяюся, што хутка запусьцілі вэрсіі на польскай, расейскай і ангельскай мовах, — тады наведнікаў будзе значна больш. Цяпер большая частка ідзе з замежжа — Польшча, ЗША, Расея і невялікі адсотак іншых краін. Паводле зьвестак «Акавіты», атрымліваецца 117 краін. Гэта пры тым, што інфармацыя падавалася па-беларуску.

ВК: Гэта пытаньне далейшага разьвіцьця: напаўненьне ангельскай, польскай старонак… Ня ведаю, праўда, ці магчыма на аматарскіх умовах зрабіць самі пераклады.

«НН»: Вы самі робіце сайт, выбіраце ілюстрацыі, артыкулы. Гэта ж велічэзная праца…

КШ: Так, гэта вымагае шмат часу. Але ж да нас ніхто не надумаўся яе рабіць. Ёсьць праект «Глёбус Беларусі». Фатаздымкаў у іх болей, чым у нас, але ў нас база паўнейшая. Мы супрацоўнічаем з «Глёбусам»: калі ім патрэбны нашы здымкі, мы даём з пазнакай «radzima.org», калі нам трэба — мы пазначаем, што гэта зь іх сайту.

«НН»: Калі распрацоўвалася ідэя сайту, ці арыентаваліся вы на нейкія ўжо наяўныя рэсурсы? Ці ўсё ад пачатку да канца было цалкам самастойна?

КШ: Ад пачатку да канца! Потым ужо, праз год ці колькі, знайшлі сайт польскіх замкаў. Нешта падобнае ёсьць у Літве, але там збольшага ідзе інфармацыя без фатаздымкаў. У іх краіна маленькая, то яны ўжо склалі цалкам базу зьвестак па помніках.

«НН»: А якім будзе далейшае разьвіцьцё праекту?

КШ: Галоўнае цяпер — запусьціць іншамоўныя старонкі. Мясьцін у базе — амаль 3000, помнікаў — больш за 6000. І кожны артыкул трэба перакласьці на польскую і ангельскую.

«НН»: Зьбіраецеся зрабіць і фатаздымкі ўсіх помнікаў?

ВК: Гучыць як праграма-максымум!

КШ: Але пакуль яны зьявяцца, гадоў 10 пройдзе… Прайшло тры гады — і толькі працэнтаў 10, можа, удалося разьмясьціць. Потым у нас у плянах Віленшчына, Беласточчына, Латгалія.

Праект «Радзіма майго духу»

сыстэматызуе і абнаўляе краязнаўчую інфармацыю. Ён уяўляе сабой даведнік, а ў далейшым і энцыкляпэдыю краязнаўчых ведаў. На сайце багата арыгінальнага фотаматэрыялу, гістарычных зьвестак пра рэгіёны, дзе пражывае беларускі этнас.

Сайт існуе ў інтэрактыўным рэжыме. Кожны наведнік можа даслаць свой матэрыял, які будзе прагледжаны і апублікаваны. На старонцы дзейнічае сэрвіс электронных паштовак.

Прычыны стварэньня:

Новае інфармацыйнае асяродзьдзе патрабуе новых падыходаў да існуючай інфармацыі, рэалізацыі новых сродкаў яе перадачы карыстальніку, а таксама дае магчымасьць цэнтралізацыі інфармацыі з шэрагу незалежных крыніц. Для Беларусі пытаньне цэнтралізацыі намаганьняў у гісторыка-культурнай сфэры застаецца адным з асноўных. Культурная спадчына на сёньняшні дзень зьяўляецца тым маркёрам, па якім адрозьніваюцца народы й людзі адзін ад аднаго.

Геаграфія праекту

Берасьцейшчына

Гарадзеншчына

Віцебшчына

Невельшчына

Магілёўшчына

Гомельшчына

Меншчына

Менск

Смаленшчына

Браншчына

У плянах:

Віленшчына

Беласточчына

Латгалія