Багемны стыль жыцьця заразны.

Менская празнасьць

Антон і Барыс, хоць і паасобку жывуць, перажываюць самыя істотныя моманты разам. На размову яны таксама прыходзяць разам і радасна апавядаюць пра свой багемна-лайдачы, па-нахабнаму безадказны і гэтым вельмі заразны стыль жыцьця.

Антон Кашлікаў — ужо амаль што вядомы пісьменьнік. Зь нядаўніх часоў беларускі. Катацца на іртах беларускамоўнай творчасьці яго навучыў менавіта Барыс, які аднойчы завёў яго ў рэдакцыю часопісу «Студэнцкая думка». Антон хварэе на сучасную літаратуру, асабліва літаратуру для маладых, напісаную маладымі. Ён трэці год вучыцца на журфаку, шануе прыгожых паненак і піша мыльныя апавяданьні зь мядова-рамантычным пачаткам, беларускімі рэаліямі і па-жыцьцёваму абломным канцом. Апавяданьні чытае ўвесь факультэт, але Антон не баіцца крытыкі і не саромеецца сябе самога.

Барыс Мікалайчык жыве па невытлумачальным графіку. Робіць што хоча. Кінуўшы журфак на першым курсе, ён зноў вярнуўся ў шэрагі сёлетніх першакурсьнікаў, тры гады адпрацаваўшы «чорнарабочым». Дзеля вопыту працы, дачыненьняў і «досьведу быцьця лузэрам». Казалі нават, што некаторы час ён зьбіраў алюмін на бабуліных градках ды вёз яго ў Расею. Іншыя расказвалі, што самі бачылі, як ён пасьвіў горных казлоў на Алтаі. Паводле слоў Антона (прамоўленых прыглушаным ад зайздрасьці голасам), Барыс вельмі лёгка сыходзіцца зь людзьмі, а тыя яму давяраюцца. Адным словам, сапраўдны «журык». Ужывае слова «піярыць» бясконцую колькасьць разоў.

Сыквэл

Улетку Антон напісаў бульварны раман па-расейску. Сам кажа, што, нягледзячы на тое, што пісаць раман яго вельмі «перла» і сам працэс вельмі захапляў, усё ж гэта была праца дзеля грошай. Нейкае піцерскае выдавецтва ўжо зацікавілася Антонавай працай, і цяпер Кашлікаў нэрвова пацірае далонькі ў чаканьні свайго першага выданьня. Антон лічыць, што ні ў Расеі, ні тым больш у Беларусі сёньня няма таленавітых маладых пісьменьнікаў. А калі і ёсьць, то іх ніхто не чытае і ня ведае. «Проста іх ніхто не піярыць», — дадае Барыс.

Антон паспрабаваў заняць кавалак гэтай нішы ў Расеі і заадно вывезьці адтуль пару сотняў (тысяч, сотняў тысяч?) дзеля свайго росквіту. Барыс, пачытаўшы твор, як і належыць сябру, пахваліў першыя дзьве часткі і шчыра незалюбіў апошнюю. Антон кажа, што ў жыцьці кожнаму творцу патрэбен свой Барыс, які выклікае давер і ніколі ня схлусіць.

Празь некаторы час хлопцы зьбіраюцца заняцца зусім іншымі справамі. У іх плянах — раман «Сыквэл». Барыс не бяз гонару прызнаўся, што раман выйдзе тарашкевіцай. Канцэпцыя наступная: раман апіша нашу Бацькаўшчыну праз 30 год, сьцёбу і сьцёбных рэалій там будзе настолькі шмат, наколькі гэта патрэбна, каб атрымаць славу, аплядысмэнты ды прызнаньне маладога чытача. Абодва рыхтуюць сябе да таго, што, апроч духоўных узнагарод, з раману нічым узбагаціцца ня выпадзе. Але на тое і ёсьць «старэйшая сястра».

Мандарыны і салодкі пах халявы

Барыс і Антон часта наведваюцца на прэс-канфэрэнцыі, дзе ёсьць халяўныя пірожныя, бутэрброды, напоі. У самы апошні раз Антон частаваўся на фуршэце ў гонар прэзэнтацыі першай песьні гімнасткі Натальлі Пальчэўскай, якая, адсьпяваўшы праграму, у адзіноце паядала мандарынкі. Пасьля яны з Барысам наведаліся на прэзэнтацыю новага кампакта гурту «Куклы». «Толькі не халява дзеля халявы, — у два галасы крычаць хлопцы. — Менавіта так зьбіраецца новы матэрыял. Апроч таго, калі ты галодны, ты не павінен ісьці ў кавярню і траціць грошы. Заўсёды можаш завітаць і паесьці, заадно налавіць патрэбнай інфармацыі».

Мандарынкі вабяць хлопцаў, але альтэрнатывы шмат, і, калі падвернецца якая цікавая прапанова, абодва ня супраць паспрабаваць сябе ў розных сфэрах дзейнасьці. «Існуе думка, што варта выбіраць ношу па сабе, — філязофствуе Антон. — Але гэта поўная лажа, бо браць трэба як мага больш і цягнуць як мага далей. Калі гэта будзе звальвацца зь цябе, то так яно і трэба. Нешта ўсё роўна дацягнеш да канца». Барыс больш паспрабаваў за жыцьцё, і яго не палохае ніякая праца. «Кліч, калі што-небудзь падвернецца. Нам усё цікава».

У краіне пад шэрым небам

Барыс называе Беларусь «краінай забароненых учынкаў», паколькі забараняецца так шмат, што не парушаць забарон не выходзіць і ў тых, хто хоча іх не парушаць. У прынцыпе, хлопцы ня чыняць аніякага крыміналу. Піць гарэлку ў нас у краіне можна (модна?), а калі яна яшчэ й дапамагае зрабіць інтэрвію на пару градусаў шчырэйшым, дык увогуле цаны ёй ня знойдзецца. У журналістыцы шчырасьць — гэта вельмі важна, і яшчэ важна — правакацыя. Нягледзячы на тое, што забаронаў больш за дазволы, правакаваць трэба і трэба ўмець.

«Ці зьбіраецеся вы ліняць адсюль, хлопцы?» — пытаюся я.

Не, яны не зьбіраюцца. Ні на захад, ні на ўсход. Маўляў, што мы там забылі… Ім утульна тут.

Антон кажа, што трэба ўсяго дасягнуць дома, а пасьля ўжо можна кудысьці ехаць, глядзець на інакшы сьвет. Дасягнуць — гэта значыць пэрыядычна выдавацца і атрымліваць нармальныя грошы за гэта. Зарабляць тым, што табе ў радасьць. Так банальна і так слушна.

Сваім розумам

Антон не зусім сябруе з роднай мовай. Пішучы артыкул, адным вокам сядзіць у слоўніку. Гэта ўсё сьмешна і кранальна. Таму што рана ці позна гэты чалавек панапісвае модных бэстсэлераў, і мы перастанем пакутаваць ад нэрвовага ціку, праходзячы міма беларускіх стэляжоў у кнігарні.

Барыс сталее незалежна ад органаў сталеньня. Ён набіраецца таго вопыту, які яму цікавы, які сам лічыць патрэбным. Калісьці ён марыў працаваць у «СD», а цяпер піша для гэтага часопісу. Цяпер ён таксама шмат пра што марыць. І празь нейкі час мы пра гэта пачуем.

Адзінае незвычайнае ў гэтых хлопцах — гэта жаданьне жыць сваім розумам. Гэта і ёсьць самая забароненая рэч, якую яны робяць. Вы ж разумееце, сёньня «жыць сваім розумам» — гэта ўжо цэлы стыль жыцьця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0