«Расея прагніла. Пуцін зая...аў» — пад такім лёзунгам расейская апазыцыя правяла 17 верасьня акцыю «Антыкапіталізм-2005». І скандавала: «Лукашэнка замест Пуціна!»

Расейскі марш «Антыкапіталізм» — поўны постмадэрн: капіталісты спачуваюць чырвоным, бамжы танчаць з панкамі танец «пога», памяркоўныя беларускія рэвалюцыянэры растуць. «Moscow Times», буржуазнае выданьне, якое чытаюць расейскія япі і клеркі замежных фірмаў, закончыла рэпартаж з акцыі гнеўным наездам на міліцыю. Газэце, бачыце, не спадабалася, што ахоўнікі парадку зьбілі панка, які роў «Мачы сыстэму!».

Расейскі «Марш свабоды»

Пяць гадоў таму група маладых «анпілаўцаў» прыйшла да высновы: маскоўскае «бабіна лета» мусіць абуджаць гармон клясавай барацьбы. Так і ўзьнікла ідэя маршу «Антыкапіталізм» — кожную восень дэфіляваць па Бульварным кальцы, вымагаючы рэстаўрацыі СССР. У першым шэсьці ўзялі ўдзел пару сотняў маладых камуністаў ды панкаў. Апошнім больш падабалася не пэрспэктыва рэанімацыі Саюзу, а абяцаны арганізатарамі халяўны канцэрт з удзелам Летава.

Ньюсмэйкерам «Антыкапіталізм» стаў у 2003 г. — калі нацболы з дапамогай «кактэйляў Молатава» пратаранілі лінію АМОНаўцаў. Цераз год на акцыю выпаўзла ўся леварадыкальная і альтэрнатыўная тусоўка Масквы. Падрыхтавалася тады і міліцыя — карэ вакол калёны дэманстрантаў складалі вершнікі. У такім пачэсным эскорце «антыкапіталісты» прайшлі на прызначанае месца, а паслухаўшы рокераў, мірна разышліся па хатах.

Іх адказ «Нашым»

Марш-2005 чакалі зь нецярпеньнем. Напярэдадні невядомыя атакавалі аргкамітэт на «Аўтазаводзкай». Ды як атакавалі! На акцыі давялося пабачыць адну з ахвяраў налёту — хлопцу бэйсбольнымі бітамі зламалі абедзьве рукі. Журналісты адразу высунулі вэрсію: справа футбольных фанатаў, якіх вэрбуе «Пуцінюгенд». З «чырвонага шабасу» марш сёлета ператварыўся ў акцыю супраць пагрозы пуцінскага аўтарытарызму.

На месца збору ўдзельнікаў маршу задоўга да яго пачатку пачалі зьяжджацца журналісты — самі маніфэстанты яшчэ спалі. І пакуль яны чысьцілі зубы, апраналіся ды трэсьліся ў мэтро, я пасьпеў абмяняцца апошнімі навінамі з калегамі па цэху.

Высьветлілася, што затрыманых фанатаў падчас бойкі на «Аўтазаводзкай» выцягваў зь міліцыі прадстаўнік крамлёўскай адміністрацыі. Хадзілі таксама плёткі, што сёлета марш зафундаваў Дзьмітры Рагозін з «Радзімы», інакш наўрад бы такія раскручаныя гурты як «Приключения электроников» або «Наив» пагадзіліся выступіць на мітынгу.

Паселі ў лужу

Нарэшце апазыцыянэры пашыхтаваліся ў калёну. Тут былі маладыя зюганаўцы (камсамол), моладзевая філія партыі «Родзіма» (гэтыя — яўныя прайдзісьветы), «Авангард Чырвонай моладзі» (АКМ) і нацболы, што праўда бяз Эдзічкі. «У яго цяпер новая каханка, кіназорка і, натуральна, яму не да барацьбы з капіталізмам», — зьедліва іранізавалі ў калёне. Асобны мабільны блёк стваралі панкі і тусоўшчыкі. Яны хаатычна хадзілі туды-сюды. Гэта ўсё было ўпакавана ў ачапленьне міліцыі.

Пачаўся сапраўдны дождж. Ужо рушылі, як узьнік інцыдэнт, які і стаў кульмінацыяй усяго мерапрыемства. АКМаўцы выкінулі расьцяжку «Расея прагніла. Пуцін зая..аў». Мянты апэратыўна канфіскавалі транспарант. У адказ кіраўнік «Авангарду» Карчагін заявіў, што марш не стартуе, пакуль яму ня вернуць «прыватнай уласнасьці». Найбольш радыкальныя адмарозкі паселі на зямлю (у лужы!), счапіўшыся рукамі. Мянты забегалі, у іх мазгах пачалі пракручвацца сюжэты рэпартажаў навінаў: «Марш не адбыўся, бо міліцыя канфіскавала ва ўдзельнікаў транспарант «Расея прагніла. Пуцін зая…аў». Расьцяжку вярнулі з умовай, што маніфэстанты ня будуць яе дэманстраваць.

Наступным разам у Кіеве

Урэшце, марш пачаўся. Дождж залупіў яшчэ мацней, і шэсьце набыло цікавы фармат. Удзельнікі, а таксама міліцыянты й «таптуны» час ад часу забягалі наперад, каб знайсьці нейкую кавярню ды сагрэцца гарбаткай — продаж алькаголю ў квартале забаранілі. Пасьля зноў вярталіся ў палітычны працэс. У пунктах грамадзкага харчаваньня панавала незвычайная атмасфэра. За адным столікам размаўлялі пра тое, ці ісьці на штурм прыёмнай прэзыдэнта, за суседнім — пра тое, каго і як «вязаць».

Цераз гадзіну дзіўнае шэсьце дасягнула мэты — пляцу Кірылы і Мятода. Прайшоўшы праз працэдуру асабістага кантролю, маніфэстанты зрабілі людзкое паўкола вакол сцэны. «Приключения электроников» скончылі граць гіт 1980-х «Цудоўнае далёка», аддаўшы мікрафон аратарам. Дождж ліў як зь вядра.

Выступы народных трыбунаў былі стэрэатыпныя — у духу адвечных пытаньняў «Хто вінаваты» (улады, Пуцін), «Што рабіць» (рэвалюцыю і адраджаць СССР). Рабочы квартал засьпяваў «Ленін, партыя, камсамол». Панкі і бамжы, бязь іх ніяк, зьліліся ў брутальным танцы «пога». Час ад часу біямасу танцораў заносіла ў бок, і яны чаплялі створаны плот з бар’ераў. Адубелыя ад холаду і дажджу міліцыянэры ахвотна частавалі іх дубіналам. Арыштавалі 20 чалавек. Па сканчэньні акцыі ў кавярні «Кітайскі лётчык» ад багемнай браціі даведаўся цікавую навіну: маскоўскія паліттэхнолягі быццам кінулі вялікія грошы, каб арганізаваць выезд расейскіх нацболаў 24 верасьня на «Антыкапіталізм» у Кіеў. Аплацяць дарогу і пражываньне. Сэнс зразумелы — падгадзіць Юшчанку.

Мы расьцём

Падчас маршу я пабачыў «закат над балотам» у калёне АКМ. Час ад часу зь нетраў «Авангарду» скандавалі: «Лукашэнка замест Пуціна!». Шчыра кажучы, больш эфэктнага антыпіяру беларускага кіраўніка я ня бачыў. Буржуа глядзелі на аматараў ракіроўкі Пуцін—Лукашэнка як на вар’ятаў, мянты — як на заклятых ворагаў.

Пасьля акцыі ўзяў у нацболаў-суайчыньнікаў, што прыехалі падтрымаць расейскіх таварышаў, экспрэс-інтэрвію.

— Наколькі вы блізкія з «расейскімі таварышамі»?

— У нас падобныя задачы. Такія ж праблемы існуюць і ў Беларусі. Калі мы будзем адзіныя, мы пераможам, і ўсё ў нас атрымаецца.

— Расейскія нацболы падтрымалі Аранжавую рэвалюцыю, а ў нас наадварот займаюцца барацьбой з апазыцыяй.

— Яны падтрымалі ня Юшчанку, а парыў народу да пераменаў. Як сказаў Лімонаў, рэвалюцыянэр мусіць любіць эвалюцыі.

— Але вы лічыце сябе рэвалюцыянэрамі, аднак да пануючага рэжыму ляяльныя.

— Мы ў памяркоўнай апазыцыі. У нас ёсьць і супярэчнасьці з Лукашэнкам. Напрыклад, мы змагаемся зь бюракратыяй, чыноўнікамі.

— Як канкрэтна?

— У акцыях, якія мы праводзім. Намагаемся наладзіць супрацоўніцтва з рознымі палітычнымі сіламі. Пакуль што расьцём.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0