Беларускія ўлады ў сваёй інфармацыйнай палітыцы ставяцца да замежнікаў, як і да беларусаў. Эўрапейцы ж да беларусаў ніяк ня ставяцца — яны іх не заўважаюць.

Выбух у Віцебску, у выніку якога пацярпелі некалькі дзясяткаў чалавек, выклікаў на дзіва млявую рэакцыю ўладаў. Рада бясьпекі краіны пасьпяшалася заявіць, што інцыдэнт ні ў якім выпадку не тэракт. МУС і КДБ абмежаваліся няўцямнымі тлумачэньнямі. Краўнік дзяржавы ў самым агульным пляне выказаў думку, што міжнародны тэрарызм, усё-ткі, ня можа не закрануць і спакойную сінявокую Беларусь. Праўда, нічога канкрэтнага пра віцебскія выбухі не сказаў.

Прапагандысцкая машына ня здольная працаваць з фактамі — яна можа толькі выдаваць за факты ўласныя інсынуацыі ды прапагандысцкія штампы... Калі факты ня ўкладваюцца ў афіцыйна зацьверджаную схему — тым горш для фактаў!

Генэралы мінулай вайны

Кажуць, што генэралы заўсёды рыхутуюцца да мінулай вайны. Гэта слушна і ў адносінах да войнаў інфармацыйных. У сёньняшняй Беларусі штатныя ды пазаштатныя прапагандысты ўсіх чыноў і званьняў займаюцца тым, што даюць адпор ідэалягічным прошукам Захаду, паколькі гэтым займаліся некалі ідэалягічныя органы ў Савецкім Саюзе. СССР прынята лічыць за ўзор дзяржавы, а яго распад — галоўнай трагедыяй мінулага стагодзьдзя. Пры гэтым чамусьці ніхто не задаецца пытаньнем, чаму ён разваліўся, калі быў такі добры. Зрэшты, сыстэма была пабудаваная акурат на тым, каб ніхто ніякіх пытаньняў не задаваў. На гэтым базуецца й цяперашняя сыстэма ў Беларусі.

Міністэрства замежных справаў, Міністэрства інфармацыі і шэраг іншых, так бы мовіць, зацікаўленых ведамстваў — кожнае паасобку і ўсе разам — устурбаваныя вяшчаньнем на Беларусь з-за яе межаў. МЗС, напрыклад, пашкадавала, што дзяржаўнае радыё не запрасілі паўдзельнічаць у тэндэры на арганізацыю такога вяшчаньня, які быў абвешчаны нядаўна Эўразьвязам. Дарэчы, чаму б і не паўдзельнічаць?

Па-першае, конкурс фармальна ні для кога не зачынены. Па-другое, радыёстанцыя «Нямецкая хваля», напрыклад, якая ўжо выйграла перад тым тэндэр на вытворчасьць паўгадзіннай перадачы для Беларусі, ёсьць, па сутнасьці, дзяржаўнай установай, якая існуе на грошы падаткаплатнікаў. Чаму б беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі празь дзяржаўнае радыё наўпрост не памерацца сіламі ў этэры з палітычнымі прынцыпамі нямецкай дзяржавы? Праўда, у сьвятле апошніх выбараў у Нямеччыне некаторыя прынцыпы яе дзяржаўнай палітыкі, у прыватнасьці, замежнай, застаюцца пакуль не зусім ясныя. У Беларусі ж палітыка ў апошнія дзесяць гадоў застаецца стабільнай і прадказальнай, што несумненна павінны былі б улічыць арганізатары конкурсу ў Брусэлі. Таксама Эўразьвязу трэба было б станоўча ацніць і той факт, што ўсе выдаткі на вяшчаньне пакрываліся б зь беларускага прэзыдэнцкага фонду.

У чаканьні кіно

Калі верыць сумежнаму з МЗС ведамству — Міністэрству інфармацыі Беларусі, у кожным выпадку глушыць замежныя радыёстанцыі ўздоўж беларускіх межаў беларускія ўлады намеру ня маюць. Бо гэта пярэчыла б духу добрасуседзтва, узаемакарыснага супрацоўніцтва і ўвогуле джэнтльмэнства, якім, маўляў, заўсёды вызначаліся беларускія ўлады ў дачыненьнях з суседнімі краінамі. Замест гэтага прапануецца ўзмацніць вяшчаньне на чужую тэрыторыю — у прыватнасьці, выпускаць больш радыёчасопісаў, у якіх будзе праўдзіва асьвятляцца шчасьлівае жыцьцё ў Беларусі. Так і хочацца дадаць — Савецкай Беларусі. У памяці міжволі ўсплываюць кіначасопісы з аднайменнай назвай, якімі за савецкім часам распачыналіся сэансы ў кінатэатрах. Большасьць гледачоў, праўда, старалася падчас паказу тых часопісаў бавіць час у буфэце.

З пазьнейшых часоў успамінаюцца фільмы «Дзеці хлусьні» ды «Найноўшая гісторыя». Гэтыя творы ў адукаванага гледача (скажам, у братняй Польшчы) выклікаюць гамэрычны рогат. У менш адукаванага — пазяханьне. Праблема ў тым, што беларускія ўлады, у прыватнасьці ідэалягічныя работнікі, ставяцца да грамадзянаў замежных краінаў як да грамадзянаў краіны ўласнай. Іншымі словамі, трымаюць іх за дурняў. Такая звычка, выпрацаваная дзесяцігодзьдзямі савецкай улады, у Беларусі ўспрымаецца як цалкам натуральная. Бо цягам дзесяцігодзьдзяў тэлевізійнае, радыйнае, газэтнае ды іншае начальства ніякім чынам не адказвала за прадукт, які зьяўляўся ў этэры або ў друку. Бо кіраўнікі СМІ ўсіх узроўняў падпарадкоўваліся ня рынку, не жаданьням чытача, але адзінаму Богу — начальству. У канчатковым выніку ня проста начальству, а пэрсанальна галоўнаму слухачу (чытачу, гледачу) прызначаліся ўсе творы, сюжэты й сюжэцікі. Усе астатнія начальнікі, кожны на сваім узроўні, намагаліся даведацца або адгадаць, якім чынам можна патрафіць вышэйшай асобе.

Нельга забываць, што журналісцкі корпус недзяржаўных СМІ сфармаваўся, у асноўным, у тых самых умовах, што і дзяржаўнай. І таму ня проста самацэнзура, але звычка пісаць не для чытача, а для рэдактара або заснавальніка ці спонсара (альбо для таго, хто на думку журналіста зьяўляецца мусіць зьяўляцца спонсарам) застаецца невыкараняльная. Калі чытаеш тэксты нават у найбольш прафэсійных, сучасных, інфармацыйна насычаных беларускіх выданьнях, цяжка пазбавіцца ўражаньня, што многія зь іх напісаныя на заказ. Ня ў тым сэнсе, што напісаныя за грошы — хто ж адмовіцца ад ганарару! Але ў тым сэнсе, што матэрыялы, здаецца, не цікавяць ні аўтара, ні тым больш чытача, але ж яны патрэбныя з гледзішча так званай палітычнай каньюнктуры. Зьяўленьне партыйнай прэсы ці хаця б адной партыйнай газэты было б, насамрэч, рэальным крокам да свабоды слова ў параўнаньні зь беспартыйнымі выданьнямі, палітычныя прыхільнасьці якіх залежаць ад асабістых упадабаньняў рэдактара. Але напачатку, праўда, трэба было б мець рэальныя партыі...

Свабода ўнутранага карыстаньня

Дзесяцігодзьдзе Беларускай асацыяцыі журналістаў, сьціпла адзначанае вузкай грамадзкасьцю, засьведчыла, сярод іншага, што журналісцкая салідарнасьць калі яшчэ і засталася, дык толькі не ў асяродку выдаўцоў і галоўных рэдактароў незалежных мэдыяў. Бо аб якой салідарнасьці можа ісьці размова, калі розныя выданьні маюць часам адны і тыя ж крыніцы фінансаваньня? У такой сытуацыі, нават застаючыся фармальна на агульных дэмакратычных пазыцыях, тыя выданьні будуць непазьбежна канкураваць паміж сабой. І хай бы толькі паміж сабой! Пачынаюцца канкурэнтныя войны за цэлыя галіны СМІ. Так, адны даводзяць, што сёньня нельга стварыць незалежныя беларускае радыё, бо, бачыце, у Беларусі не засталося здольных радыёжурналістаў! Другія пярэчаць, што непатрэбныя, акурат, друкаваныя выданьні, паколькі наклады ў іх маленькія. Трэція даводзяць, што радыё і друк нішто ў параўнаньні з мажлівым уплывам тэлебачаньня.

Узьнікае пытаньне: якога ўплыву, уплыву зь якой мэтай? Кіраўнікі мэдыяў спрабуюць гуляць у вядомую гульню: «так» і «не» не гаварыць, чорнага й белага не апранаць. Але ўлады ім усё адно ня вераць ды падазраюць, што мэтай СМІ, якія фінансуюцца з-за мяжы, ёсьць дэстабілізацыя грамадзтва і адхіленьне ад улады існага рэжыму. Але ж нідзе, ні ў адной краіне сьвету дыктатура яшчэ ня рынула, дзякуючы выключна прэсе. Даводзіцца нагадваць усім вядомы прыклад. У Савецкім Саюзе замежныя радыёгаласы слухалі нават у самыя лепшыя для гэтых станцыяў часы некалькі адсоткаў слухачоў. Аўдыторыя іх была непараўнальна меншая за аўдыторыю, напрыклад, Цэнтральнага тэлебачаньня і дзяржаўнага радыё. І што, гэта ім дапамагло? А ці дапамаглі ў пазьнейшыя часы Беларускаму тэлебачаньню рэпартажы, у якіх выкрываўся нейкі апазыцыйны кандыдат у прэзыдэнты?

Іншая справа, што на пераломе, у самы момант змаганьня, калі яшчэ не вядома, хто каго — СМІ могуць адыгрываць вельмі важную ролю. Так гэта было ў Баўгарыі ў 1997-м, у Югаславіі ў 1999-м, ва Ўкраіне ў 2004-м. У Беларусі падобнага змаганьня, відавочна, няма і ў бліжэйшай пэрспэктыве не прадбачыцца. Ці азначае гэта, што Беларусі непатрэбная вольная прэса? Вольная прэса таму й завецца вольнай, што ні ў кога не пытаецца дазволу на сваё існаваньне. І на гэтым можна было б паставіць кропку — маўляў, каму патрэбная свабода слова, няхай той за яе і змагаецца. Можна было б, калі б гэта тычылася толькі Беларусі.

Калі свабода слова патрэбная толькі краінам Эўрапейскага Зьвязу, так бы мовіць, для ўнутранага карыстаньня — дзеля таго, каб прыносіць даход уладальнікам прэсы, рэклямадаўцам й задавальняць амбіцыі кіраўнікоў буйных карпарацыяў ды палітыкаў, тады сапраўды няма праблемы. Тады тэндэр на радыё для Беларусі, абвешчаны ЭЗ, ёсьць вяршыняй палітычнай і юрыдычнай думкі. Беларусь поводле гэтага тэндэру папросту ад праекту адсякаецца, разам зь беларускай мовай. Умовы сфармуляваныя так, быццам у Беларусі даўно пануюць дэмакратыя й рынкавыя адносіны. А новая радыёстанцыя павінна ўсяго толькі ўпісацца ў гэты рынак, заняць на ім сваю нішу і прыносіць дывідэнды — прынамсі, палітычныя. Такое ўражаньне, што кіраўніцтва ЭЗ, гэтаксама, як і беларускае кіраўніцтва, жыве верай у сьветлую будучыню, якая абавязкова наступіць ці тое ў 2007-м ці ў 2010-м годзе. Наступіць само сабой, бязь лішніх намаганьняў...

Хто там, пад бел-чырвона-белым сьцягам?

Няма чаго крыўдаваць на тое, чаго няма. Не змагла беларуская апазыцыя дагэтуль ясна сфармуляваць, чаго яна хоча ад аб’яднанай Эўропы і ад ЗША — простага спачуваньня ці чагосьці большага. Нават у адносінах да Саюзу палякаў Беларусі не была выпрацаваная агульная стратэгія. Калі не лічыць стратэгіяй пазыцыю неўмяшаньня. Як можна разьлічваць на сапраўдную салідарнасьць і падтрымку Польшчы, калі асобныя беларускія апазыцыйныя палітыкі раздумвалі — а ці варта ўвогуле падтрымліваць палякаў? Сваіх праблем у беларусаў хіба не хапае?

Многія, напэўна, памятаюць яскравы эпізод, пра які пры канцы жніўня пісалі нават замежныя газэты. На сьвяточным канцэрце ў Варшаве, прысьвечаным юбілею польскай «Салідарнасьці», на сцэне зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг — сьцяг «вольнай Беларусі». Гэтыя словы вядучага пайшлі ў жывы этэр на шматмільённую аўдыторыю.

Парадаксальным чынам для таго, каб у Беларусь прыйшло вольнае слова, трэба, каб беларусаў спачатку пачулі ў Эўропе, каб яны гаварылі ва ўвесь голас, гаварылі на сваёй роднай мове, у абарону сваіх правоў і правоў нацыянальных мяншыняў. Гаварылі ня толькі аб Беларусі, але і аб Эўропе ў цэлым. Так, сёньня яны адно аднаму неабходныя. Толькі ані ў Беларусі, ані ў Эўропе многія гэтага пакуль так і не ўсьвядомілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0