Праз многа гадоў беларускія дзеці будуць гуляць у Джэці, чытаючы яе вершы замест лічылак.

Мяркуючы па ўласных малюнках, якімі аформлены ейны першы зборнік «За здаровы лад жыцьця», яна геніяльная, як усе, хто не пераадолеў пяціпрацэнтнага бар’еру выбараў і каму да вывучэньня вершаў Ніла Гілевіча ў сярэдняй школе засталося гады тры.

Джэці — гэта хто? Дзяўчынка ці хлопчык? Дарослы ці дзіця? Мастак ці паэт? А можа, увогуле — яна сьнежны чалавек, ня Джэці, а Еці, што сышоў са скалы, каб даказаць малаверам, што ён — існуе!

Па вялікім рахунку, яе зборнік даказвае, што беларуская паэзія ўсё яшчэ здольна існаваць, што яе не забілі часы позьняга сацрэалізму. Гэта — адкрытая, як пісаў Лермантаў, насьмешка ашуканага сына з транжыра-бацькі:

Паэт (седзячы на ложку сьмяротна хворага Фiнынспэктара, задаволена):

Ў краiне сьветлай, дзе ты ўмiраеш,

Я кнiгу маю, а ты ня маеш.

Фiнынспэктар (памiраючы ад хваробы, сумна):

Ў краiне сьветлай, дзе я ўмiраю,

Ты кнiгу маеш, а я ня маю.

Вось такая «Размова зь фінынспэктарам пра паэзію» — адначасовая пародыя на Маякоўскага і Багдановіча. На Багдановіча настолькі адкрытую пародыю напісаў хіба што Адам Глёбус, чый верш і трапіў у анталёгію «Верш на Свабоду», сур’ёзна прымусіўшы задумацца пра літаратурную якасьць астатніх вершаў зборніка. Але Глёбус — стары літаратурны хуліган, фігура, якая адбылася. А Джэці? Ёй хто даў права так адкрыта зьдзекавацца з усяго сонму нацыянальных і інтэрнацыянальных сьвятыняў?!

Сьмела ў ногу, таварыш Ленiн,

Сьмела ў сэрца, таварыш Сталiн,

Бi фашыстаў, таварыш Жукаў,

Пi гарэлку, Мiхал Сяргеiч.

Вi вяроўкi, таварыш Павiч,

Фрай таварыш i Тэн таварыш…

…Таварыш Качалаў, Калчак i Чкалаў.

Моцны трактар — таварыш Картэр.

Магутны сокал — таварыш Колас.

Вожык бяз рожак — таварыш Мрожак.

Гэта называецца: «І задушыцеся!» Ня ведаю, колькі гадоў Веры Бурлак, але Джэці яўна належыць да «абкормленага пакаленьня» — пакаленьня, якое дасталі ня толькі савецкія прапагандысцкія міты, але і міты культурныя, накшталт «таварыша Павіча» ды «таварыша Мрожака», і міты нацыянальныя, накшталт «таварыша Коласа». Пры гэтым, мяркуючы па наборы імён, выстаўленым на ўсеагульны агляд у цытаваным вышэй вершы, сама Джэці застаецца больш культурнай, чым яе як крытыкі, так і чытачы: Іпаліт Тэн, што патрапіў у надта вясёлы мартыралёг забітых насьмешкай Джэці «таварышаў», у сёньняшнюю эпоху яўна вырадзіўся б у Макса Фрая, што паэтам (паэткай?) і прызнаецца, але да чаго чалавек, не знаёмы з гісторыяй сусьветнай эстэтычнай думкі, проста не датумкае.

Джэці бліскуча гуляе словамі, як жанчыны-лібэрцінкі ў кнігах маркіза дэ Сада гуляюцца мужчынскімі яечкамі, пяшчотна і па-садысцку перабіраючы іх тонкімі, унізанымі дарагімі пярсьцёнкамі пальчыкамі. Верш «Чаканьне», скажам, — увогуле накшталт бахаўскай «Чаконы», музыкальны і пранізьлівы, і гукі яго падмяняюцца адзін другім на вачах (на вушах?) чытача (слухача?).

Цягнiк спазьняецца.

Карэнiна нэрвуецца.

Пэронскi Ўронскi

З гiмназiсткамi цалуецца.

А недзе побач

Парай чмыхаюць вагоны.

Нахабны Ўронскi

Адбывае да Вэроны.

…Вэронскi зьехаў,

Толькi дым

За iм матляецца.

Уронскі-Пэронскі-Вэронскі — як цягнік, што адмовіўся пераяжджаць Ганну Карэніну і застыў на запасным пуці. Ён адмаўляецца выконваць сваю раманную функцыю, зыходзячы са звычайных жыцьцёвых меркаваньняў. На храна яму Ганна, калі ў Вэроне ён стане героем зусім іншага раману, палацавага, зь юнай 14-гадовай Джульетай, дзяўчынкай, кахаць якую герою талстоўскага раману нашмат прыямней, чым гістэрычку Карэніну, што кідаецца пад кожны цягнік! І калі гэтая ўпартая дурніца ўсё-такі перапаўзе на суседні пуць, каб сьлепа выканаць дыктатарскую волю Талстоя, — Уронскі тут прычым?

Але гульня з прозьвішчам, а пазьней, у вершы, прысьвечаным Марату Казею, і гульня з мовамі (беларускай і ангельскай), прыносіць маленькай дзяўчынцы Джэці амаль садысцкую асалоду.

Мабыць, і сэксуальную.

Такога ў беларускай паэзіі не было з часоў Генадзя Бураўкіна, які здолеў узнавіць эмоцыі палавога акту ў пошчаку і прысьвістваньні салаўя. У Бураўкіна, калі вы памятаеце, Цімох трахаў Аўдоцьцю ва ўсе застаўкі, пасьля чаго ўцёк.

Джэці не ўцякае, а наадварот — гераічна застаецца на месцы. Ёй уцякаць няма куды. Свой лёс яна ведае і нават не спрабуе апраўдацца.

МЫ АДНО ЦАЛАВАЛIСЯ,

але ўсiм здавалася,

што мы робiм нешта горшае —

недазволенае i грэшнае;

МЫ АДНО АБДЫМАЛIСЯ,

але ўсе так абуралiся,

быццам мы плявалi

на магiлы тых, хто iм мiлы;

МЫ АДНО КАХАЛIСЯ,

але нас прысудзiлi да расстрэлу.

Напэўна, за тое,

што нас было трое.

Але нават дурніцы Карэнінай Госпад дараваў — бо кахала яна многа. Дык за што ж усе гэтыя старыя пердуны і паўпердуны, цытуючы клясыка сусьветнай літаратуры Гашка Я., праклінаюць новыя пакаленьні? Моладзь — яна ж таксама кахала многа! І бескарысьліва!

Бег, запыхаўся Данка

Са сваёй валянцiнкай.

Ды паслала каханка.

Ды паслала крэтынка.

Каб зашыць тую дзюрку,

Каб забыць тую дзеўку,

Даў бы хабар хiрургу —

Брат, папраў неспадзеўку!

Толькi подлае сэрца

Ўсё згарэла дашчэнту.

I хiрург адкладае

Свае iнструмэнты.

Праз тое, што сэрца прыпадабняецца да «валянцінкі», боль ня робіцца меншым. Проста баліць па-іншаму і ў іншых — у новага пакаленьня. Закаханы вырваў сваё сэрца з грудзей для каханай, а яна падумала, што гэта — усяго толькі кавалачак кардону. Гэта — Горкі, прачытаны тымі, чые бацькі стаміліся сьпяваць Акуджаву («…Ведь был солдат бумажный» — памятаеце?).

І гэтае пакаленьне — пакаленьне людзей, якія мысьляць і шмат чыталі. І ня толькі Горкага, але і Дастаеўскага.

У двары на вулiцы Калiноўскага

Для дзяцей паставiлi шыбенiцу,

Якую сьпiсалi з турмы,

Бо яна састарэла маральна.

I адразу прыбеглi дзецi,

Каб гайдацца на ёй i падцягвацца,

Каб поўзаць па ёй i караскацца

I займацца карыснай гiмнастыкай.

Людзі, што чыталі «Братоў Карамазавых», памятаюць пра сонца, замест якога на арбіту вывелі сякеру, і сякера пачала круціцца вакол зямнога шара, і людзі прывыклі да сякеры настолькі, што нават занесьлі час узыходу ды час захаду сякеры ў каляндар.

Трохі жудасная карціна. Накшталт дзяцей, якія гойсаюць па «маральна састарэлай» шыбеніцы. І бацькі перажываюць,

I крычаць iм: «Хутчэй дахаты!»,

I хвалююцца: што зь iх вырасьце? —

Баючыся вымавiць «шыбенiкi».

Ды, здаецца мне, лепей шыбенiкi,

Так, я думаю — лепей шыбенiкi,

Лепей, лепей дакладна шыбенiкi,

Лепей шыбенiкi,

Чым каты.

Націск, зразумела, на першым складзе — не пра кошак гаворка, а пра карнікаў.

Фантасмагорыя абсалютна жыцьцёвая. Дзеці, што вырастаюць побач з шыбеніцай, ператвараюцца ў Мураўёвых — ці ў тых, хто вешае, ці ў тых, каго вешаюць. А мяркуючы па падручніках пана Трашчанка, рэкамэндаваных да друку яшчэ ў тыя часы, калі міністар Радзькоў быў рэктарам Радзьковым, беларуская дзяржава аддае перавагу «таленавітым адміністратарам», якія ўмеюць добра намыльваць вяроўку.

Але вернемся да Джэці. Дзяўчынка апалітычная і самадастатковая.

Вы чулi, як сьпяваюць коцiкi,

I асаблiва — удваiх?

Iм непатрэбныя наркотыкi,

Iм дастаткова iх самiх.

I сэрца поўнiцца пяшчотаю

Й красою навакольных зьяў,

I мкнецца за кацiнай нотаю,

I разам зь iмi кажа:

МЯЎ!

Гэта маніфэст новага паэтычнага пакаленьня, маніфэст, які для Скоблаў наступнага стагодзьдзя будзе мець значэньне куды большае, чым Багдановічаў «Вянок». Гэтае самае «Мяў!» Джэці — маніфэст паэтаў, якія выступаюць за здаровы лад жыцьця — без наркотыкаў і БРСМ. Яе зборнік — як пояс шагідкі, зь якім паэт (паэтка?!) падкраўся (-лася?!) да поўнага збору твораў Ніла Гілевіча, каб узарваць яго разам з сабой.

Дай божа, выйдзе!

Джэці. За здаровы лад жыцьця. — Менск: Логвінаў, 2003.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0