А я думаў, у нас сын

У пярэднім пакоі нас ужо чакала тая самая пара. Аж да белі сівы дзядок у касьцюме-тройцы і бабуля ў пярэстай хустачцы, зь ярка-чырвонымі вуснамі і тлуста падкрэсьленымі алоўкам вачамі. Чорна-сінія палосы ішлі наўскос і паверх сівых брывоў, але на экране мусілі глядзецца добра.

Мы ўчацьвярох прыселі ў студыі. Вераніка агрэсіўна пачала.

— Так. Мікалай Фёдаравіч, — дзед важна кіўнуў, — і Вольга Рычартаўна, — бабуля элегантна павяла брывом. — Вы сёлета адзначаеце залатое вясельле. Так? — Мікалай Фёдаравіч і Вольга Рычартаўна ўсьміхнуліся адно аднаму і нам. — Цудоўна. Мы вельмі вас віншуем.

— Дзякуй.

— Вы не хвалюйцеся, у нас будзе з вамі самая звычайная размова, так бы мовіць, па-сямейнаму. Раскажаце нам, як вы пазнаёміліся, што болей за ўсё запомнілася з вашага сямейнага жыцьця. Ну і, вядома, у чым рэцэпт такога доўгага саюзу! — Вераніка ярка засьмяялася. Мікалай Фёдаравіч сарамліва паціснуў плячамі: «Ну-у, што мы тут скажам асаблівае…»

— А нам асаблівае ня трэба, расказвайце нам усё як ёсьць. Давайце парады маладым са свайго, так бы мовіць, узросту, і абавязкова раскажыце нам пра ўсе свае самыя значныя падзеі ў жыцьці.

— А што мы раскажам, у нас нічога асаблівага не было — засьмяялася Вольга Рычартаўна.

— Ну ня трэба, ня трэба вам так ужо хаваць і ўтойваць. Ва ўсіх нас ёсьць і шкілет у шафе, і нешта запамінальнае.

Я ўступіў у размову:

— Раскажыце нам пра сваіх дзяцей.

— А, гэта добра, — супакоілася Вольга Рычартаўна.

А Мікалай Фёдаравіч спытаў:

— Ну, спачатку, канечне, трэба будзе сказаць некалькі словаў пра сябе?

— Пра вас, — паправіла Вераніка.

— Добра. Гэта добра.

— Ну што ж, хадземце на наша, так бы мовіць, месца.

Пудра, удзяваньне пяцелькі, халадок, пачатковая застаўка.

— Добры дзень, добры дзень усім нашым тэлегледачам, сёньня панядзелак, гэта праграма «Справы сямейныя», і ў студыі Алесь Коцюбаў…

— …і Вераніка Дрын, — падхапіў я і падумаў, што з такім прозьвішчам Вераніка лепш бы вяла аналітычныя праграмы на БТ.

— А размова наша сёньня пойдзе пра шлюб. І ня просты шлюб, а з залатой пробай, так сказаць. У нас у гасьцях — Мікалай Фёдаравіч…

— …і Вольга Рычартаўна Чаркасавы адпаведна, — падхапіў я.

— Добры дзень, Мікалай Фёдаравіч і Вольга Рычартаўна.

— Добры дзень. — гледзячы ў камэру, павітаўся Мікалай Фёдаравіч. Я прыгадаў, што мы забылі іх папрасіць не глядзець у камэру.

— Мікалай Фёдаравіч і Вольга Рычартаўна — незвычайная пара, — працягвала Вераніка. — Ім удалося тое, што так рэдка сустракаецца ў сучасных сем’ях. Ім удалося захаваць каханьне, адданасьць і вернасьць адно аднаму на доўгія гады.

— А дакладней, роўна на пяцьдзясят, — падхапіў я. — І сёлета, літаральна днямі, яны будуць адзначаць залатое вясельле.

— Віншуем вас, Вольга Рычартаўна і Мікалай Фёдаравіч! — засьмяялася Вераніка.

— Дзякуй, — уступіў у гутарку Мікалай Фёдаравіч і крыху падаўся наперад. — Толькі я павінен вас паправіць. У нас залатое вясельле будзе ня днямі, як вы сказалі, а праз два тыдні, бо ажаніліся мы роўна пятнаццатага чысла. Гэта мы спачатку хацелі ажаніцца трыццаць першага, а потым перанесьлі вясельле на два тыдні, бо захварэла Любоў Еўдакімаўна Скварцова, дырэктар нашага ЗАГСу: у яе быў грып, паколькі яна праскразілася. І такое бывала. А шлюбы рэгістравала толькі яна ў нашым гарадку.

— Так. А пачнём давайце нашу размову…

Вераніку перапыніла Вольга Рычартаўна.

— Ты памыляесься нешта, Коля, — Вераніка з гатоўнасьцю спынілася і шчасьліва заківала галавой: «Так, так, Вольга Рычартаўна?» — Мы ажаніліся дванаццатага, бо чакалі, пакуль з Порт-Артуру прыедзе мой бацька. Ён быў ваенны, і яго, адпусьцілі на два тыдні ў Беларусь на маё вясельле. Адзін тыдзень ён ехаў сюды, павіншаваў мяне, і потым адзін тыдзень ехаў назад. Яго потым у Віетнаме ракетай зьбілі амэрыканцы. У тым жа годзе.

Мікалай Фёдаравіч заклапочана зажаваў губамі.

— Я памятаю. Што твой бацька быў адвакат.

Пакуль Вольга Рычартаўна паварочвала да Мікалая Фёдаравіча свой зьдзіўлены твар, у размову ўварвалася Вераніка.

— Так, Мікалай Фёдаравіч і Вольга Рычартаўна, у любым выпадку, я думаю, што самыя сьветлыя вашы ўспаміны — гэта ўспаміны пра тое, як вы пазнаёміліся. А потым прыгадаем і само вясельле.

Мікалай Фёдаравіч асьцярожна паглядзеў на Вольгу Рычартаўну і стаў адказваць першым.

— Ну я ж і кажу. Яе бацька быў адвакат.

— Што я, ня ведаю, кім быў мой бацька? — Вольга Рычартаўна адвярнулася ад Мікалая Фёдаравіча. У голасе яшчэ адчувалася пяшчота, але ўжо з гнільцой.

— Ён быў адвакат і абараняў мяне ў судзе. Мяне хацелі пасадзіць за хуліганства, таму што я разьбіў бутэлькай віна галаву аднаму прайдзісьвету, які расказваў мне ўсякую лухту, што Дастаеўскі пісаў «Ідыёта» зь сябе. Ён толькі страсеньне атрымаў, а яе бацька быў маім адвакатам. Потым, калі выйшаў, я наведаўся да яго ў госьці і там сустрэў Вольгу. Яго звалі Рычарт Адамавіч. Паляк.

— Літовец, — паправіла Вольга Рычартаўна. — Рычарт Адонісавіч правільна.

— Так, ну вы сустрэліся ў доме Вольгі Рычартаўны, і што было далей? — Вераніка разьвярнула ўсьмешку ад Вольгі Рычартаўны да Мікалая Фёдаравіча.

— Я ня ведала, што ты сядзеў, — прамармытала Вольга Рычартаўна. — І доўга?

— А потым, — Мікалай Фёдаравіч зноўку асьцярожна паглядзеў на Вольгу Рычартаўну, — мне ўдалося запрасіць яе ў бібліятэку пачытаць Герцэна разам.

Я ўставіў:

— Я думаю, што гэта вельмі рамантычна — прызначаць першае спатканьне ў бібліятэцы. Гэта вельмі правільна нават.

— Мы, хлопцы і дзяўчаты, зусім іначай тады ставіліся адно да аднаго, чым цяпер, — заківаў Мікалай Фёдаравіч.

На гэта Вольга Рычартаўна грэбліва павяла рукой:

— Пасьля першага спатканьня мы ўжо і павінны былі ажаніцца, бо я засталася начаваць у Колі. А вярталіся мы з кіно, а не зь бібліятэкі.

— У кіно ты хадзіла з Васькам са свайго пад’езду. Я цябе ў яго адбіў пасьля таго, як ён уцёк на Ўрал.

— Не было ў мяне ніколі Ваські-суседа. У Крыме я толькі з адным Васем была знаёмая, у санаторыі, але гэта ўжо калі мы былі дваццаць гадоў як жанатыя.

— Дык хіба ты ў Крым калі езьдзіла? Мы ж толькі ў Сочы бывалі, і заўсёды разам, усёй сям’ёй.

Вераніка, ярка-пунсовая пад пудрай, зь ціхай трывогай і нават тугой у голасе спытала:

— Як вы лічыце, Мікалай Фёдаравіч, езьдзіць заўсёды на летні адпачынак разам з усёй сям’ёй, зь дзецьмі — гэта можна назваць адной са складовых доўгага і шчасьлівага шлюбу?

Вольга Рычартаўна зноўку адвярнулася:

— Заўсёды разам? А як ты з масквічкай той загуляў, калі ў Абхазіі адпачываў, — забыў ужо? Потым два гады ёй начамі званіў.

Мікалай Фёдаравіч упіўся позіркам у самае вуха Вольгі Рычартаўны і затрос вуснамі. Потым справіўся з хваляваньнем і ўскрыкнуў:

— Я ніколі! Ня здраджваў табе.

— Ага, і на старане ў цябе няма дачкі, якая ў Ізраіль потым зьехала з мужам? Ты сам расказваў майму брату.

Я нарэшце пераадолеў агульную слабасьць і выдушыў:

— Так, канечне, жыцьцё — складаная штука.

Мікалай Фёдаравіч апусьціў галаву, потым падняў яе, паглядзеў на нашага апэратара ў студыі, на акно, за якім віднеліся рэжысэр і гукарэжысэр. На самога сябе на маніторы. Павярнуўся да Вольгі Рычартаўны:

— У цябе ёсьць брат? Як яго завуць?

Вераніка нейкім жывёльным намаганьнем волі падняла свой голас на танальнасьць вышэй і завішчала:

— Вольга Рычартаўна, скажыце, калі ласка, а вы зможаце падзяліцца з намі мале-енечкай таямніцай? Вы ўжо вырашылі, што вы падорыце на ваша залатое вясельле вашаму мужу? — і выразна дадала: — МІКАЛАЮ ФЁДАРАВІЧУ!

Ані Вольга Рычартаўна, ані Мікалай Фёдаравіч не адазваліся на Веранічын віскат, таму падхопліваць прыйшлося мне. Сярод сваіх папер у папцы я не адразу знайшоў неабходны лісток. На адно імгненьне прасьвідраваў яго позіркам, каб не патрапіць на які-небудзь новы падман, і нахіліўся да Вольгі Рычартаўны:

— У размове з нашымі рэдактарамі вы, Вольга Рычартаўна, у прыватнасьці, зазначылі, што апошнія некалькі гадоў пішаце песьні і адну зь іх прысьвяцілі спэцыяльна свайму мужу, Мікалаю Фёдаравічу.

Пэўны час Вольга Рычартаўна глядзела ў адну кропку, аднак на мае апошнія словы павярнулася і паглядзела на мяне. Доўга, нерухома, моўчкі.

— Гэта так, Вольга Рычартаўна? — дадаў я нарэшце і ўсьміхнуўся, пераводзячы вочы ўніз на папку, бо пад гэтым позіркам хацелася круціцца на месцы і зарывацца з галавой у пясок.

Стала чуваць, як ціўкае стрэлка гадзіньніка на сьцяне. Вольга Рычартаўна маўчала, але ці працягвае яна глядзець на мяне, я ўжо баяўся правяраць.

Мікалай Фёдаравіч ня вытрымаў першы.

— Я нарадзіўся ў 1940-м годзе ў сям’і простага рабочага чалавека, працаўніка Мсьціслаўскага мэталюргічнага заводу, і настаўніцы школы нумар адзін. Гэта былі шчырыя і добрыя людзі, якія навучылі мяне шмат чаму добраму, чаму і я заўсёды вучыў свайго сына і буду вучыць сваіх унукаў. Я з самага дзяцінства любіў прыроду сваёй роднай зямлі і вельмі паважаў клясыкаў нашай беларускай літаратуры. Якуб Колас і Янка Купала заўсёды мной высока цаніліся, хоць расейскіх аўтараў я таксама вельмі люблю. Асабліва мне падабаецца Леў Талстой. Яго раман «Вайна і мір» я перачытваў некалькі разоў, і з кожным разам адкрываў для сябе нешта новае і новае.

Я нарэшце вынырнуў са сваёй папкі:

— Мікалай Фёдаравіч, вы ж хутка сьвяткуеце залатое вясельле з Вольгай Рычартаўнай? Так?

— Так, малады чалавек, — ён глядзеў некуды ўбок ці міма мяне. — Гэта адпавядае рэчаіснасьці.

— Тады растлумачце мне, калі ласка, чаму вы нарадзіліся ў 1940-м годзе?

— А чаму я не павінен быў нараджацца ў 1940-м годзе?

— Выходзіць, што калі цяпер 2005 год і вы сьвяткуеце залатое вясельле, то вы ажаніліся ў пятнаццаць год?

Вольга Рычартаўна нарэшце закруціла галавой, і цяпер ужо яна ўтаропілася ў Мікалая Фёдаравіча.

Мікалай Фёдаравіч зноўку зажаваў губамі. Ён паглядзеў глыбока ўніз, і складкі ахапілі ўсю ніжнюю частку яго твару. Нарэшце ён праскрыгатаў з гэтых складак:

— Выходзіць, што так.

— Коля, — Вольга Рычартаўна плакала. Гэта была, аднак, халодная і адзінюткая сьляза на каменным твары, так што ні ў мяне, ні ў Веранікі ня ўзьнікла жаданьня ўскрыкнуць: «Ой, што вы, Вольга Рычартаўна, ня плачце!» — Коля, — яна паўтарыла гэта яшчэ двойчы, хоць Мікалай Фёдаравіч глядзеў прама на яе. — Коля, у нас з табою толькі адна дачка, Марыя. У яе двое дзяцей. Таксама дзьве дзяўчынкі, Сашанька і Хрысьціна. Хрысьціна ходзіць у школу.

Мікалай Фёдаравіч апусьціў галаву зноў і раўнамерна затрос усімі сваімі складкамі.

— А Саша?

— Саша? — цяпер задумалася Вольга Рычартаўна. — Саша? — гнятлівая і задушлівая паўза. Толькі цяпер я заўважыў, што ярка-бэзавая пасма выбілася ў яе з-пад хусьцінкі і закрыла палову твару. — Саша?

— Саша, Саша. — паўтарыў Мікалай Фёдаравіч.

Вольга Рычартаўна паглядзела ў пошуках падтрымкі на мяне, потым на Вераніку.

— Ня памятаю.

Мікалай Фёдаравіч уздыхнуў:

— А я думаў, у нас сын.

АЛЯКСЕЙ БАЦЮКОЎ — пісьменьнік. Жыве ў Магілёве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0