Ражэ Фэдэрэр

Швайцарац Ражэ Фэдэрэр (Roger Federer) пяты раз запар перамог на Уімблдонскім турніры. У фінале ён перамог гішпанца Рафаэля Надаля зь лікам 7:6 (9:7), 4:6, 7:6 (7:3), 2:6, 6:2.

Такім чынам швайцарскі тэнісіст паўтарыў унікальнае дасягненьне Б’ёрна Борга. Атрымаўшы перамогу на Ўімблдоне, Фэдэрэр умацаваў пазыцыі ў сусьветным рэйтынгу, апошняе абнаўленьне якога адбылося сёньня.

Паводле рэйтынгу тэнісістаў-прафэсіяналаў, які ўлічвае дасягненьні апошніх 52 тыдняў, швайцарац займае першае месца, маючы 7290 балаў, у Надаля — 2-е месца і 5225 балаў. Макс Мірны зьляцеў аж на 28 пазыцый і займае 85-ы радок. Уладзімер Ваўчкоў — 820-ты з 15 баламі, ён наадварот падняўся на 135 месцаў.

А вось у чэмпіёнскай гонцы 2007 г. лідзіруе Надаль з 886 баламі, Фэдэрэр займае другі радок (801 бал). Макс Мірны знаходзіцца на 71-м месцы з 48 баламі.

У рэйтынгу найлепшых парных тэнісістаў Макс Мірны застаецца на трэцяй пазыцыі (4425 балаў) на 75 балаў апярэджваючы свайго напарніка Ёнаса Б’ёркмана. Лідзіруюць браты Браяны, што маюць па 5 925 балаў.

У рэйтынгу пар Мірны / Б’ёркман зьляцелі на сёмую пазыцыю. Прычына — параза ў першым крузе Ўімблдону.

Наогул беларусы ў Лёндане выступілі ня надта пасьпяхова. У адзіночным разрадзе Мірны выбыў у другім крузе, Вікторыя Азаранка. Парадаваў толькі юніёр Уладзімер Ігнацік, які ў фінале прайграў амэрыканцу Доналду Янгу — 5:7, 1:6. Але ў ягоным посьпеху нічога дзіўнага няма. Ігнацік быў пасеяны ў сваім разрадзе пад першым нумарам, а ў чэрвені ён перамог на «Ралян Гарос».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0