З 20 найлепшых ВНУ сьвету 17 — амэрыканскія. 70% усіх сучасных ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі працуюць у ВНУ ЗША. Як атрымаць амэрыканскую адукацыю?

Справа ня танная

Са ста найлепшых унівэрсытэтаў сьвету большасьць — амэрыканскія. У сьвеце таксама асабліва каціруюцца амэрыканскія асьпіранцкія праграмы. Менавіта ў ЗША нарадзілася ступень MA (магістар гуманітарных навук).

Каб паступіць у амэрыканскі ўнівэрсытэт, трэба на добрым узроўні валодаць ангельскай мовай, якую вам давядзецца здаваць яшчэ ў Беларусі. Па-другое, адукацыя тут не бясплатная, а кошт яе можа складаць і 50 тыс. даляраў у год (у залежнасьці ад спэцыяльнасьці, унівэрсытэту і праграмы). Больш падрабязна пра цэны, праграмы і стыпэндыі можна дазнацца на сайце vco-edusa.net, які мае на мэце дапамаць жыхарам Беларусі ды суседніх краінаў, якія хочуць вучыцца ў ЗША.

Па-трэцяе, за кватэру давядзецца плаціць даляраў 300—500, але месца ў інтэрнаце ва ўнівэрсытэцкім гарадку будзе каштаваць яшчэ даражэй. І калі нехта зь Беларусі думае, што я шыкую, здымаючы на пару з хлопцам трохпакаёвую кватэру, ён памыляецца. Апроч эканоміі, жыцьцё на кватэры дае больш свабоды, больш рэальнай Амэрыкі, менш тлуму.

Шукайце стыпэндыю

Зарабіць на навуку ў ЗША на радзіме цяжка, таму найбольш аптымальны варыянт — пошук стыпэндыі. На ступень бакаляўра яе атрымаць цяжэй, на навучаньне на вышэйшым узроўні (магістар, доктар) — прасьцей. Але ў гэтым выпадку трэба ўжо мець вышэйшую адукацыю й прадэманстраваць дастатковыя веды ў сваёй галіне.

Я выйграў амэрыканскую ўрадавую стыпэндыю імя сэнатара Маскі. Дзеля гэтага трэба было здаваць экзамэны TOEFL, GRE, праходзіць гутарку, пісаць некалькі эсэ. На першым этапе мне таксама давялося сабраць вялікую колькасьць дакумэнтаў і рэкамэндацый.

Я трапіў ва ўнівэрсытэт Паўночнай Караліны ў Чэпэл-Гіле. Школа журналістыкі тут лічыцца адной з найлепшых у краіне. Тут жа знаходзіцца і знакамітая бізнэс-школа, а таксама юрыдычная школа, дзе чытае лекцыі Джон Эдвардз, што балятаваўся ў віцэ-прэзыдэнты разам з Керы.

Стыпэндыя сэнатара Маскі — вядомая й прэстыжная праграма ў краінах былога Саюзу. Сярод яе знакамітых атрымальнікаў — прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі. Праграма магістарскай адукацыі пакрывае ўсе асноўныя выдаткі, улучна з аплатай навучаньня і мэдстрахоўкай. Адмініструе яе IREX, некалькі год таму выкінуты зь Беларусі ўладамі. Тым ня менш, праграма працягвае існаваць, а новы конкурс традыцыйна абвесьцяць увосень. Умовы можна паглядзець на сайце амбасады ЗША ў Беларусі. Ёсьць і іншыя праграмы стыпэндый, але калі вас цікавіць нейкі канкрэтны ўнівэрсытэт, мае сэнс шукаць стыпэндыі на афіцыйным сайце навучальнай установы.

Ёсьць яшчэ адзін варыянт. Пасьля паступленьня ў асьпірантуру можна атрымаць працу памочніка выкладчыка ці памочніка ў дасьледаваньнях. Вам давядзецца правяраць тэсты, пісьмовыя заданьні студэнтаў, капіяваць літаратуру для прафэсара ці займацца дасьледчай дзейнасьцю ў лябараторыі. Такім чынам, працуючы на ўнівэрсытэт, у большасьці выпадкаў вы вызваляецеся ад платы за вучобу, а таксама маеце неблагую капейку на жыцьцё. Такі варыянт актуальны для тых, хто хоча атрымаць PhD — ступень доктара філязофіі.

Валодаць мовай

Каб паступіць у амэрыканскі ўнівэрсытэт, вам найперш неабходна давесьці, што вы валодаеце ангельскай мовай. TOEFL — тэст, прыдуманы менавіта для таго.

Існуюць тры варыянты іспыту — пісьмовы, кампутаровы і анлайнавы. Зь нядаўняга часу можна здаваць іспыт у Інтэрнэце, але спрабаваць гэта варта, толькі калі маеце неблагую і стабільную хуткасьць злучэньня. І памятайце: тэст не бясплатны. Пазнаёміц- ца з патрабаваньнямі, а таксама папрактыкавацца можна на афіцыйным сайце — toefl.org. Кошт іспыту — 140 даляраў.

Для атрыманьня ступені бакаляўра ў Канадзе ці ЗША вам давядзецца таксама здаваць SAT — Scholastic Aptitude Test — тэст на здольнасьць да навучаньня, які ацэньвае агульныя веды па літаратуры, матэматыцы і гісторыі.

SAT бывае двух відаў — праверка агульных здольнасьцяў мысьленьня (SAT I, reasoning test) і праверка ведаў па канкрэтным прадмеце (SAT II, subject test). На тэст SAT I даецца тры гадзіны, на SAT II — адна.

Вынікі вам паведамяць недзе празь дзён дзесяць пасьля здачы. ETS, Служба адукацыйных тэстаў — няўрадавая арганізацыя, якая адмініструе ўсе тэсты, што апісваюцца ў гэтым артыкуле, — можа сама даслаць вашы вынікі ва ўнівэрсытэты, куды жадаеце паступіць. Праводзіцца тэст у траўні—чэрвені. Рэгістравацца трэба да сакавіка. Іспыт каштуе 38 даляраў.

GRE i GMAT

Калі вы зьбіраецеся паступаць у асьпірантуру, замест SAT вам давядзецца здаваць асьпіранцкі іспыт GRE (для гуманітарыяў) ці GMAT (для MBA), дзе правяраецца лягічнае мысьленьне, разуменьне мовы, а таксама матэматычныя здольнасьці. Ня толькі беларусам, але і амэрыканцам цяжка даецца моўная частка тэсту, бо правярае яна разуменьне акадэмічнае лексыкі, якая ў гутарковым маўленьні сустракаецца вельмі рэдка.

Здаючы GRE, таксама давядзецца пісаць два эсэ. Раю — сачыце за структурай, хай ваш твор будзе ня надта доўгі, але каб усё было лягічна. Каштуе тэст 120 даляраў, GMAT — 195 даляраў.

Але не лічыце, што ўсё гэта немагчыма. Галоўнае — паставіць перад сабой мэту. Для пачатку раю падысьці ў «Амэрыканскі цэнтар», што знаходзіцца на сталічным праспэкце Скарыны (Незалежнасьці), 169 — «Бізнэс-цэнтар «XXI ст.» паўднёвае крыло, офіс 512. Там ёсьць неблагая бібліятэка на тэму адукацыі ў Амэрыцы, дзе ёсьць і дапаможная літаратура па здачы вышэйпералічаных іспытаў.

Ці варта спрабаваць?

Калі вы жадаеце атрымаць незабыўны досьвед жыцьця за мяжой, павысіць веды, завесьці новых сяброў, а таксама акунуцца ў чароўны сьвет амэрыканскае ўнівэрсытэцкае адукацыі — адназначна трэба спрабаваць паступаць. Узважце ўсе плюсы і мінусы, ацаніце рэальна свае здольнасьці і, галоўнае, рыхтуйцеся. Паступленьне ў амэрыканскую ВНУ можа заняць год, два, нават тры. Але амэрыканскі дыплём дае выдатныя шанцы на працаўладкаваньне як у Беларусі, так і практычна ў любой краіне. Студэнтам быць цікава. Тым больш студэнтам у Амэрыцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0