Роберт Багарад

У Малым Сітне кепская сувязь. Cотавыя тэлефоны маўчаць, як камсамолец на допыце. Для «хіміка», які працуе на лесапункце, магчымасьці зьвязацца зь «вялікай зямлёй» дзьве: або тэлефанаваць ад знаёмых, ставячы іх на праслухоўваньне, або ісьці на пошту. Пошта працуе з 9.00 да 14.00 ва ўсе дні, апроч нядзелі, «хімікі» — з 8.00 да 16.00, маючы толькі адну выходную суботу на месяц. У адзіную «сувязную» суботу, быццам на сьвята, іду на пошту са сьпісам на тузін тэлефонаў.

У рамачцы пад шклом — рэклямка: галоўная вартасьць дзяржаўнай сувязі — ейная якасьць. Віцебск ці Менск тут трэба замаўляць адмыслова праз полацкі кампутар і чакаць ад пяці хвілін да адной гадзіны. Але «можаце не хвалявацца — вас усё роўна наўрад ці пачуюць».

Замаўляю. Чакаю. Чую з Полацку: «Гаварыце!» Далей — як у фільмах пра рэвалюцыю: «Дзевушка, мне Смольны!.. Кажу, Смольны мне!!! Алё, Смольны!..» Безнадзейна. «Гучней!» — крычыць маладафронтавец зь Менску. Здаецца, мы перакрыкваем усю адлегласьць голасам. На трэцім званку лінія абрываецца. Паштаркі з палёгкай уздыхаюць: «На сёньня сувязі больш ня будзе».

Выходжу з пошты, цьвёрда перакананы: у такім гушчары апазыцыянэры павывеліся. Аж вось — на ганку стаіць невялічкі дзядок, гадоў сямідзесяці, у шэрым касьцюмчыку, якія ў вёсцы на сьвяты апранаюць, кепачка…

— Колькі гадоў жыву ў вёсцы, а такой чыстай беларускай мовы ня чуў, — кажа дзядок, пачуўшы, як я крычаў. Мая вера ў народ умомант ажывае. — Вы, пэўна, Павал Севярынец? Я пра вас са «Свабоды» даведаўся.

Дзядка завуць Роберт Багарад. З каталікоў. Карані на Магілёўшчыне, ля Дрыбіна. Жыве на хутары Мураўішча, што за колькісот крокаў ад Малога Сітна. «Свабоду» слухае з пачатку яе вяшчаньня — з 5 сакавіка 1953 г.

— У дзень, калі памёр Сталін, — расказвае ён, — настаўнікі неяк даведаліся, што арганізоўваецца радыё з-за мяжы. У бацькі моцны прымач быў — дык сабраліся ў яго, а мяне, яшчэ малады быў, на варце пакінулі. Але ж як хвалю злавілі, паклікалі мяне ў хату ды выпусьцілі сабаку. Вялікі, белы ў нас такі быў, дык той ужо брахаў, як хто набліжаўся. Глушылі магутна, але словы можна было разабраць. Ціхенька настроім — і слухаем. І так увесь час. Ніхто ня здаў.

Дзед Роберт перасоўваецца па лясных сьцежках са спрытам і хуткасьцю Талаша.

— Пяць кілямэтраў — і ўжо імпэрская Расея, — Роберт Багарад махае рукой на ўсход, — а людзі тут… Несьвядомыя. П’юць. Ні да чога добрага не імкнуцца — і каму яны тут патрэбныя?

Цікава, колькі такіх вось партызанскіх слухачоў «Свабоды» ў Беларусі? Напэўна, ёсьць у кожнай вёсачцы. А вёсак у нас больш за 23 тысячы.

І чаму мы адразу запісваем самую беларускамоўную, самую блізкую да зямлі й самую бедную траціну беларускага народу ў актыў рэжыму? Дзіўна, але апроч Лукашэнкі ды Пазьняка пра гэта ніхто й не гаворыць.

Багарадаў хутар — некалькі абкружаных лесам хатаў. Гародзік, палісаднік, сад. Дзед Роберт разводзіць на палянцы між хвоямі й елкамі яблыні, грушы, сьлівы, парэчкі. Прышчэпвае, абкопвае, чысьціць ад садовых хвароб. Каму дастанецца? А вось, будзе сабе сад сярод лесу.

— Тут, — паказвае Роберт Багарад, — падгнілы плот. І дужа плодзяцца зьмеі. Выпаўзаюць на сьцежку, як ісьці да вёскі, дык я бяру палку і, калі пацэлю, забіваю ды на плот вешаю.

Хата ў дзеда Роберта чыстая, дагледжаная. На галоўным месцы, дзе ў звычайнай сям’і абавязкова стаіць тэлевізар, — вялізны, яшчэ савецкі радыёпрымач (а я спрабаваў знайсьці «Свабоду» аж на трох найноўшых). Вось ён, сапраўдны вузел сувязі на ўсю ваколіцу! Побач — колькі вёдраў брусьніц, на якія тутэйшы лес вельмі багаты. Стол. Зэдлік. Ложак.

— Давайце прынясу вам сьвежых газэт ці кніжак якіх, — аглядаю я пазбаўленае іншых прымет цывілізацыі жытло.

— А, ня трэба, — адмахваецца дзед Робэрт, — вочы ўжо ледзь бачаць, не прачытаю. Я пра ўсё са «Свабоды» даведаюся.

Падумаць толькі: чалавек ужо больш як паўстагодзьдзя сядзіць ля прымача ў глухой беларускай вёсцы і слухае пра пахаваньне Сталіна, Карыбскі крызіс, палёт на Месяц, задушэньне Праскае вясны й перамогі «Салідарнасьці», перабудову, Адраджэньне, здабыцьцё незалежнасьці й яе здачу, рэфэрэндумы ды акцыі апазыцыі… Чалавек прыслухоўваецца да імклівага руху плянэты і бачыць перад сабой адну й тую ж карціну… Асацыятыўны шэраг надзвычай біблейскі: прозьвішча «Багарад», людзі, што не імкнуцца да дабра, сад, зьмеі — і Свабода. Чалавеку вельмі хочацца нарэшце ўбачыць, а ня толькі пачуць вольную, незалежную, адроджаную краіну.

Колькі яшчэ здолее чакаць Роберт Багарад? Дзеля аднаго гэтага ў 2006-м трэба перамагаць.

Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0