Беларуская палітыка Варшавы стане больш жорсткай.

На парлямэнцкіх выбарах у Польшчы перамаглі правыя партыі — кансэрватыўная «Права й справядлівасьць» і лібэральная «Грамадзянская плятформа». Яны й сфармуюць парлямэнцкую большасьць. З агульнай колькасьці месцаў у сойме (460+100) «Права й справядлівасьць» узяла 155 мандатаў, лібэралы з «Грамадзянскай плятформы» — 133, партыя «Самаабарона» папуліста Анджэя Лепэра — 56, «Дэмакратычны саюз левых» — 55 левая «Сялянская партыя» — 25, Партыя нямецкай меншасьці — 2.

Ліга польскіх сем’яў — ў сойме адзіны беларус

Урад мае ўзначаліць экспэрт па эканамічных пытаньнях «ПіС», колішні настаўнік фізыкі, Казімеж Марцінкевіч. Яму 46 гадоў, і ён мае чатырох дзяцей. Лідэр партыі Яраслаў Качыньскі адмовіўся ад вакансіі прэм’ера, каб не замінаць свайму брату Леху ў прэзыдэнцкай гонцы. Прайшоў у парлямэнт і адзіны беларус — Яўген Чыквін, кандыдат ад польскай «лявіцы».

Сёлета ў Польшчы ўпершыню склалася так, калі ў адзін год выбіраюць і прэзыдэнта, і абедзьве палаты парлямэнту. Паўнамоцтвы прэзыдэнта доўжацца 5 гадоў, парлямэнту — 4. Пяць год таму ў першым туры перамогу атрымаў кандыдат ад аб’яднаных левых Аляксандар Квасьнеўскі. Цяпер аб’яднаных левых няма. А прэзыдэнта зноў жа, магчыма, выберуць у першым туры. Пасьля выбыцьця з гонкі Ўладзімежа Цімашэвіча і перамогі «ПіС» на выбарах мэр Варшавы Лех Качынскі скараціў адрыў ад Дональда Туска, лідэра лібэралаў.

Пераменлівыя палякі

Палітыкі ў Польшчы, як і ўсюды, любяць сварыцца. Таму ад першых свабодных выбараў 1989 году на палітычнай сцэне за Бугам адбылося шмат падзелаў і перадзелаў. Ні разу не было такога, каб палякі прагаласавалі двойчы запар за адну партыю. Усе яны дыскрэдытуюць сябе пры ўладзе.

Першы парлямэнт пратрываў да 1991 году. У 1990-м на прэзыдэнцкіх выбарах перамог зь вялікай перавагай Лех Валэнса. У 1991-м на парлямэнцкіх выбарах перамаглі партыі пост-«Салідарнасьці». Тагачаснае заканадаўства спрыяла існаваньню дробных партый, таму іх было некалькі дзясяткаў. Гэты парлямэнт пратрываў да 1993 году, калі на датэрміновых выбарах перамагла посткамуністычная левая партыя. У 1995-м Л.Валэнсу на пасадзе прэзыдэнта зьмяніў лідэр посткамуністаў Аляксандар Квасьнеўскі.

Трэба адзначыць, што посткамуністы ў Польшчы перажылі неймаверныя сьветапоглядныя мэтамарфозы, і сёньня яны сталі сацыял-дэмакратамі, якія прызнаюць дэмакратычныя ўстановы, вяршэнства закону, інстытуты вольнага рынку.

У 1997-м на парлямэнцкіх выбарах людзі зноў выбралі правых. Гэта была кааліцыя партый «Выбарчая акцыя «Салідарнасьць» і лібэральная «Унія свабоды». Правыя былі замяшаныя ў столькіх скандалах, што на выбарах 2001 году іх папулярнасьць зьменшылася да 5%, і ўжо ў 2000-м Квасьнеўскі зноў трыюмфальна перамог на прэзыдэнцкіх выбарах, а ў 2001-м зноў сфармавалі парлямэнцкую большасьць. Вось тады на руінах перасваранай правіцы паўстала сёньняшняя партыйная канфігурацыя ў выглядзе «Грамадзянскай плятформы» і партыі «Права й справядлівасьць» братоў Качыньскіх.

Качыньскія на пачатку 1990-х былі паплечнікамі Валэнсы, а потым зь ім разышліся. Шмат хто з знаўцаў польскага «палітычнага рынку» параўноўвае Качыньскага з нашым Зянонам Пазьняком за ягоную рэзкасьць меркаваньняў і кансэрватызм. Нарэшце ў 2001 годзе ў Польшчы зьявілася яшчэ больш радыкальная каталіцкая ультранацыяналістычная партыя «Ліга польскіх сем’яў».

Лешак і Ярак

Кіраўнікі «ПіС» у размове з карэспандэнтам «НН» падкрэсьлівалі, што эканамічная праграма ў іх «цэнтралісцкая», бо яны не прымаюць сыстэмы лінейнага падаходнага падатку. Яны лічаць, што «багатыя павінны плаціць у бюджэт болей», выступаюць за падатковыя льготы й дзяржаўную дапамогу бедным. «Грамадзянская плятформа», наадварот, агітуе за памяншэньне ролі дзяржавы, увядзеньне эўра й адзінай стаўкі падатку 15% для усіх.

Падтрымка левых за апошнюю пяцігодку зьнізілася з 40% да 11% па стане на мінулую нядзелю. Што паказальна, столькі ж узяла «Самаабарона», ці «Партыя аматараў Лукашэнкі», як называюць яе польскія палітолягі.

Хто б мог сказаць некалькі дзясяткаў гадоў таму, калі два прывабныя сьветлавалосыя хлапчука Лешак і Ярак ігралі ў дзіцячым кіно накшталт савецкіх «Прыгод Электроніка», што яны будуць кіраваць усёй Польшчай? А між іншым, магчымасьць гэтага ня выключана. Да выбараў яшчэ тыдзень. Дарэчы, публікацыя вынікаў сацыялягічных апытаньняў у Польшчы ўжо забаронена.

Паводле дамоўленасьці між партыямі, калі на прэзыдэнцкіх выбарах пераможа Лех Качыньскі, дык кандыдатура прэм’ера павінна будзе перайсьці да прадстаўніка «Плятформы». Так што Ян Ракіта яшчэ можа патэнцыйна сесьці ў прэм’ерскае крэсла.

Качыньскі цырымоніцца ня будзе

Як бы ні склалася канфігурацыя ў польскай уладзе, для Беларусі вынік выбараў ужо азначае пахаладаньне адносін з заходнім суседам. Бо і Качыньскія, і Туск займаюць у дачыненьні да Беларусі больш жорсткія пазыцыі, чым Квасьнеўскі. І пазыцыя «крытычнага дыялёгу» ў дачыненьні да нашай краіны, якую праводзіў папярэдні ўрад, калі пры пазьбяганьні кантактаў з вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі польскія ўлады падтрымлівалі стасункі з прадстаўнікамі нізавых структураў, можа саступіць месца больш актыўнай падтрымцы палітычнай і культурнай альтэрнатывы.

Польшча імкнецца адыгрываць важную ролю ў эўрапейскай усходняй палітыцы, таму ўвага да Беларусі павялічваецца і тэма Беларусі апошнім часам канчаткова аддзялілася ад расейскай праблематыкі. І лідэры «ПіС», і кіраўнікі «Плятформы» заяўляюць, што цікавасьць да Беларусі знойдзе сваё ўвасабленьне ў адпаведных захадах. Гэта й адкрыцьцё беларускамоўнай радыёстанцыі, і падтрымка Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс. Так што на працягу найбліжэйшых месяцаў мы, магчыма, убачым працяг займальнага сэрыялу «Пілаваньне бервяна беларуска-польскага сяброўства», дзе галоўныя ролі выканаюць статысты з БРСМ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0