Будаўніцтва найноўшае Нацыянальнае бібліятэкі прывядзе да стварэньня новага цэнтру Менску.

Архітэктура ня толькі адлюстроўвае тэхнічныя дасягненьні нацыяў, але й інсьпіруе іх. Там, дзе зьяўляецца, напрыклад, храм — туды ж працярэбяць урэшце й дарогу. Самая буйная будоўля ХХІ стагодзьдзя ў Менску вядзецца ў чыстым полі, далёка ад цэнтру, ля «Маскоўскага» аўтавакзалу, па дарозе ў аэрапорт.

Парадаксальная сытуацыя — галоўная скарбніца ведаў і культуры выносіцца на ўскраіну сталіцы, а ў цэнтры будуюцца гіганцкія аўтастаянкі й паркінгі.

Папярэднія пакаленьні дойлідаў імкнуліся як мага болей цэнтрычна скампанаваць Менск. Раней сэрцам гораду была ратуша й галоўныя сьвятыні цэлай краіны, вакол якіх грувасьціліся найлепшыя кнігарні, бібліятэкі, тэатральныя залі, музэі. Пасьля апошняе вайны задача стала яшчэ больш яснаю, хоць канфігурацыя менскага цэнтру была дэфармаваная — ім фактычна стаў кавалак Сталінскага праспэкту ад Дому ўраду да ЦК КПБ. Далей разьлягаліся зялёныя зоны, трансфармаваныя на пачатку 1970-х у шыкоўны «Водна-зялёны дыямэтар». Цэнтар Менску набыў ясны, зразумелы й імпазантны сталічны выгляд. Тут месьціліся найвышэйшыя ўлады, найбуйнейшыя бібліятэкі й музэі, найгалоўнейшыя інстытуцыі навукі й культуры, найлепшыя крамы. Гэткім ён і ўвайшоў у падручнікі й даведнікі па архітэктуры ў якасьці найвышэйшага дасягненьня савецкага горадабудаўніцтва.

Лягічна было б разьмясьціць галоўны аб’ект агульнанацыянальнае значнасьці ў межах трохкутніка перасячэньня лініяў мэтрапалітэну (з улікам пэрспэктывы будаўніцтва трэцяе яго чаргі). Відавочна, што Нацыянальная бібліятэка выдатна ўпісалася б у ансамбль Паркавае магістралі (Машэрава-Пераможцаў), узмацніўшы ролю гістарычнага й гэаграфічнага цэнтру. Яе гмах было б відаць і зь Верхняга гораду, і ад Цэнтральнае плошчы, і на ўсю пэрспэктыву вуліцы Леніна ад праспэкту. Але цяперашнія ўлады не хацелі дзяліцца славаю з папярэднікамі. Таму й вырашылі іначай...

З пабудоваю новага будынку Нацыянальнае бібліятэкі панятак «цэнтар Менску» ізноў размываецца. Вынесены на Старабарысаўскі тракт новы цэнтар гораду імкліва будзе разьвівацца дзякуючы густой і зручнай сетцы транспарту. Там, дзе таньнейшыя зямля й нерухомасьць. Адтуль прамая дарога вядзе ў аэрапорт, пад носам — навюткі аўтавакзал і мэтрапалітэн. Ёсьць сучасныя крамы, могілкі, храмы, паркі, мэмарыялы, нават помнік Скарыну. Раскілзаны да кальцавое шашы новы цэнтар гораду цалкам зьменіць свае сацыяльныя, культурныя й транспартныя повязі. Размываецца панятак цэнтру гораду як месца інтэлектуальнага абмену, сустрэчаў і кантактаў людзей пэўнага адукацыйнага цэнзу й культурных запатрабаваньняў.

Тэндэнцыя вынасу з цэнтру сталіцы музэяў і тэатраў прасочвалася ўжо раней. Між тым стары Менск зь недабудаванымі музэямі й закрытымі на доўгія рамонты тэатрамі патанае ў куродыме выхлапных газаў. Мала каму прыйдзе да галавы пашпацыраваць сёньня зь дзіцём па Нямізе. Несупынныя спэкуляцыйныя гульні тут зь нерухомасьцю ўрэшце зробяць яго непрывабным і для інвэстараў.

У сацыяльным, культурным і экалягічным сэнсе старасьвецкі цэнтар Менску дэградуе. Цэнтрам жа прыцягненьня найноўшай беларускай сталіцы становяцца станцыя мэтро «Маскоўская», аўтавакзал «Маскоўскі» й Маскоўскія могілкі. Тамака паўстае адзіны на ўсю краіну гмах кнігазбору — замест тысячы па ўсёй краіне. Там імкліва разрастаецца новая сацыяльная інфраструктура. Але пакуль у гэтым раёне нарасьце інтэлектуальны патэнцыял, спатрэбяцца доўгія гады, калі не пакаленьні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0