Паляк Рышард Капусьціньскі быў уключаны ў сьпіс сёлетніх кандыдатаў на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі па літаратуры. Назіральнікі лічаць, што сёлета ўзнагароду маглі атрымаць літаратар-дакумэнталіст, філёзаф ці літаратуразнавец.

У пагалосках паўтараюцца тыя самыя імёны, што і ў папярэднія гады: амэрыканцы Філіп Рот і Джойс Кэрал Оўтс, альбанец Ісмаіл Кадарэ, Амас Оз з Ізраілю, швэдзкі паэт Томас Транстромэр. Шмат хто з назіральнікаў, аднак, спадзяваўся, што сёлета Швэдзкая акадэмія зробіць усім прыметную неспадзяванку, адзначыўшы ўзнагародай іншы род літаратуры, чым паэзія ці проза.

«Зьяўляюцца выказваньні, што Акадэмія хоча пашырыць сфэру кніг, якія ўзнагароджваюцца. Гэта можа азначаць, што дарога да літаратурнай Нобэлеўскай прэміі адкрываецца для такіх пісьменьнікаў, як польскі рэпартэр Рышард Капусьціньскі», — лічыць Эва Бонэр, дырэктар швэдзкага выдавецтва «Бонэр».

Працяглы час Нобэлеўская прэмія па літаратуры прызначалася паэтам ці празаікам. Аднак з завяшчаньня Альфрэда Нобэля гэтага зусім не вынікае, там няма ніякіх абмежаваньняў у пляне літаратурных жанраў, якім аддаюць перавагу патэнцыяльныя кандыдаты на ўзгароду. Больш за тое, у гісторыі Нобэлеўскай прэміі па літаратуры былі выпадкі, калі ўзнагароджваліся іншыя літаратурныя жанры, чым паэзія і проза: напрыклад, у 1950 г. «нобэля» атрымаў Бэртран Расэл, а праз тры гады — Уінстан Чэрчыль за гістарычныя працы.

«У гісторыі Нобэлеўскай прэміі апошніх год дамінуе «эстэтычная» літаратура. Але літаратура мяняецца, і Нобэлеўская прэмія эвалюцыянуе разам зь ёй. Можа, настаў час Нобэлеўскай прэміі для літаратуры факту», — сказаў AFP Гарацыё Энгдаль, прэзыдэнт Швэдзкай акадэміі.

gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0