У Баранавічах цяпер модна рамантаваць мікрахвалёўкі ў Міколы Статкевіча.

«Рамбыттэхніка» ў Баранавічах знаходзіцца на адной з самых старажытных вуліц гораду, частка яе мае базальтавы брук, што сустракаецца ў Беларусі толькі тут. Працоўнае месца Міколы Статкевіча знаходзіцца на першым паверсе.

Падыходжу да камяніцы і грукаю ў вакно. Пакой застаўлены разнастайнай тэхнікай — ад пыласоса, які бачыў Хрушчова, да найноўшай мікрахвалёўкі. Чакаюць сваёй чаргі на рамонт. Размаўляючы, сп.Мікола корпаецца са старым відэамагнітафонам. Каб ажывіць яго, не хапае адной дэталі, якую ўжо замовілі ў Менску. Усе прыстасаваньні для рамонту — прылады, паяльнік ды шрубоўкі — пазычаюць у калег ці прыносяць з хаты.

Працоўны дзень пачынаецца а 8-й, з 13-й да 15-й — абед. Абед павялічаны да дзьвюх гадзін дзеля таго, каб Статкевіч даехаў да кватэры бацькі, якому патрабуецца догляд. Заканчваецца праца а 18-й, а 19-й ён мусіць быць на месцы адбыцьця пакараньня — «хіміі».

Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу знаходзіцца ў чатырохпавярховым цагляным будынку, палова першага і чацьвёртага паверху якога аддадзены пад заводзкі інтэрнат. Рабочыя і «хімікі» жывуць амаль у адных умовах, толькі ў вязьняў на вокнах — краты. Але «хімія» не інтэрнат. За дзень адбываецца шэсьць праверак. Калі ходзіш на працу, трапляеш на тры. Першая — а 6-й. Усе вязьні выстройваюцца на калідоры. Міліцыянт зачытвае прозьвішча, а «хімік» павінен выйсьці са строю і назваць імя і імя па бацьку. Пасьля вяртаньня з працы — праверка а 19-й ды перад адбоем а 22-й. Каля дзьвярэй на вуліцу перад выхадам на працу трэба зноў назваць сваё прозьвішча ды атрымаць працоўны табэль. Па сканчэньні працы начальнік у табэлі павінен адзначыць, колькі гадзін ты адпрацаваў, па вяртаньні аркуш здаецца дзяжурнаму «хіміі». Спазьненьне з працы пагражае пакараньнем. «Самае цяжкае — самому вяртацца ў вязьніцу», — уздыхае Статкевіч.

Сп.Мікола спачатку жыў у пакоі на сем чалавек, потым перавялі ў лепшы — на чатыры. Хлопцы трапіліся прыстойныя. Пасьля перасяленьня ў пакоі пераклеілі шпалеры, зьбіраюцца фарбаваць падлогу, Статкевіч прынёс стары бацькоўскі тэлевізар, на дзьверы паставілі новы замок. Суседзі працуюць да 21 гадзіны, таму ў палітыка ёсьць час, каб пачытаць ці нешта напісаць. Большасьць «хімікаў» у Баранавічах — гэта хлопцы, якія па-дурному трапілі сюды праз бойку, алімэнты ці дробны крадзеж.

Начальства на «хіміі» пастаянна прыгадвае Івашкевіча. Палітычныя асуджаныя прыносяць кіраўніцтву папраўчай установы толькі дадатковы клопат — розныя праверкі й вялікую ўвагу грамадзкасьці ды замежнікаў.

Статкевіч кажа, што адчуваецца моцная падтрымка звонку. Увесь час тэлефануюць, прыяжджаюць сябры, палітычныя дзеячы ды журналісты зь Менску. Нядаўна быў амбасадар Нямеччыны Хэкер — размаўлялі зь ім у кабінэце дырэктара. Наведваюць мясцовыя журналісты, сябры партый і грамадзкіх арганізацый. Заходзяць вэтэраны нацыянальнага руху, былыя эсбээмаўцы. Гэтыя людзі, адседзеўшы за Сталіным, добра ведаюць, што любая дапамога, нават спагадлівае слова, важныя падчас такіх выпрабаваньняў.

Затое, паводле словаў Статкевіча, вельмі назаляе ўвага органаў, якія правяраюць шмат і па-рознаму. Спачатку па вяртаньні з працы міліцыянты спрабавалі пачуць пах алькаголю і вельмі расчараваліся, дазнаўшыся, што палітык кроплі ў рот не бярэ. Цяпер кантралююць знаходжаньне ў бацькі. Маёр міліцыі заходзіць быццам бы выпадкова на кватэру старога чалавека альбо прыходзіць у нядзелю, калі палітвязень сустракаецца з жонкай і дачкой. Найбольш непрыемныя часы ў выходныя — калі трэба знаходзіцца ў будынку «хіміі». Паводле слоў сп.Міколы, для яго налепш было б сядзець недзе далей ад гарадзкога тлуму, міліцэйскага начальства — каб менш дакучлівага нагляду. Севярынцу наадварот, відаць, лягчэй сядзелася б у горадзе — бліжэй да цывілізацыі, людзей. Але ці ўлада ўсё пралічыла, ці лёс так склаўся — кожны патрапіў на найбольш непрыемнае месца. «Бліжэй да выбараў мяне, хутчэй за ўсё, ізалююць, — прагназуе лідэр сацыял-дэмакратаў. — Каб чаго не справакаваў. Мы з Паўлам паказалі, што можам павесьці за сабою людзей на плошчу. Гэтага баяцца найбольш». Статкевіч ня ведае, якім чынам гэта адбудзецца. Магчыма завядзеньне крымінальнай справы — справакаваць бойку на «хіміі» проста. Да такой высновы прыводзіць выпадак, што адбыўся напярэдадні. Сп.Мікола ішоў да крамы «Радыётэхніка», амаль адразу па выхадзе з працы за ім паплёўся, хістаючыся, нейкі п’янтос. Па супрацьлеглым баку вуліцы ішоў міліцыянт. Праз пару кварталаў п’яны чалавек падскочыў да Міколы, паспрабаваўшы прычапіцца. Адначасова міліцыянт пачаў пераходзіць вуліцу на іх бок. Каб не справакаваць бойкі, Статкевіч адразу скіраваўся да абаронцы закону: «Я да яго не чапляюся». Пасьля гэтых слоў п’янтос адразу працьверазеў.

Перамога на прэзыдэнцкіх выбарах, на думку Статкевіча, досыць рэальная. Але яна адбудзецца толькі на плошчах. Патрэбен лідэр, які павядзе за сабою народ на вуліцу і пойдзе з гэтым народам да канца: «Наш зь Севярынцам прысуд — яскравы доказ таго, што ўлада баіцца менавіта такога варыянту падзей».

Рэжым дня Міколы Статкевіча

5.30 — пад’ём.

6.00 — праверка.

8.00 — пачатак працоўнага дня.

9.00 — праверка.

13.00—15.00 — перапынак на абед, наведаньне бацькі.

18.00 — канец працоўнага дня.

19.00 — праверка пасьля вяртаньня ў інтэрнат.

22.00 — адбой.

Лісты Міколу Статкевічу

можна пісаць на адрас:

ПУАТ№2

вул.Пралетарская,32

Баранавічы, 225320

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0