Ці ведаеце, дзе пачынаецца Нёман? У магічным месцы, дзе злучаюцца тры ракі, — Лоша, Уса і Нёманец. У 1882 г. часопіс «Klosy» пісаў, што тут кожная з рэк перастае існаваць сама па сабе — іх няма. Мясцовыя жыхары ад гэтага «няма» і далі назву вялікай рацэ — Нёман. У такіх месцах звычайна стаяць цэрквы — вытокі рэк валодаюць незвычайнай жыватворнай сілай. Назвы вакол адпаведныя: фальварак Сьвяты двор, былое паганскае капішча Сьвятагор’е.

А ці ведаеце, што тут, у Наднёмане, побач з вытокам беларускае ракі ў ХІХ ст. жыў чалавек, якога паважала ўся Эўропа? Якуба Наркевіча-Ёдку як аўтара геніяльных мэтодык электраграфіі і электратэрапіі шанавалі мэдыкі, а ягоныя лекцыі слухалі ў Францыі, Італіі, Аўстра-Вэнгрыі.

Тут захаваліся рэшткі палацу Ёдкаў, у якім круглы год гучала Эолава арфа. На адной зь вежаў былі нацягнуты струны, яны й стваралі чароўную музыку, калі вецер дакранаўся да іх. Па багатым садзе нясьпешна гулялі паўліны. Паспрабуйце дакрануцца да лістоўніцы, што засталася тут з тых часоў — і ўбачыце іх.

Імя Наркевіча-Ёдкі вярнуў у 1988 г. Уладзімер Кісялёў, калі ў сэрыі «Нашы славутыя землякі» выйшла яго кніжка «Прафэсар электраграфіі і магнэтызму». Сёлета зроблены яшчэ адзін крок да вытоку Нёману — вялікая мастацкая кніга, амаль на 300 старонак, якую напісаў Дзьмітры Вінаградаў — «Сьлед пагаслай зоркі». Ад яго мы даведаліся, што існуюць распрацоўкі турыстычных маршрутаў па гэтых месцах — коннага і воднага. Сапраўды, колькі усяго тут можна ўбачыць і колькі пачуць.

На даху паўразбуранага палацу Наркевіча-Ёдкі зьвіў гняздо бусел. А беларусы добра ведаюць, што гэта значыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0