Карэліцкая раённая газэта «Полымя» піша пра тое, як рабочая кляса ў саюзе з калгасным сялянствам, кіраваная камуністамі, перамагла ў апошняй вайне. Гэта адказ Эўропе, што надумалася судзіць камунізм.

Артыкул выкладчыка гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ўладзімера Ягорычава «Была вайна…» ёсьць адказам на намеры Эўропы асудзіць камунізм. «Сягоньня Эўропа, уратаваная савецкім салдатам, зьбіраецца судзіць камунізм» — піша дацэнт гарадзенскага ўнівэрсытэту. Колькі разоў у артыкуле сустракаецца ўзгадка пра «фашыстоўскую Эўропу», пераможаную выключна дзякуючы высілкам камуністаў: «Галоўная крыніца Вялікай Перамогі СССР і паразы фашыстоўскай Эўропы — гэта перавышаючая магутнасьць маладога камунізму ў асобе Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, гэта магутнасьць савецкага народу, які пераўзыйшоў ворага ў духова-маральным, арганізацыйна-палітычным, эканамічным і ўласна вайсковым пляне. Перамогу атрымала савецкая працоўная кляса ў саюзе з калгасным сялянствам, кіраваным Камуністычнай партыяй пры падтрымцы міжнароднага руху Супраціву, ядром і душой якога былі камуністы…Толькі ненавісьнікі ўсяго савецкага могуць «забыць», што фашыстоўская Эўропа прыйшла на савецкую зямлю з плянамі зьніштажэньня 80% насельніцтва СССР».

ХАЙ ЛЮДЗІ ЎБАЧАЦЬ ВАШЫМІ ВАЧЫМА: зьмясьціце на nn.by Вашы фоты і інфармацыю з вандровак і кожнай падзеі: [email protected], 29-707-73-29, 29-613-32-32, 17-284-73-29.

Аўтар прыходзіць да высновы, што сучасная эўрапэйская дэмакратыя тоесная нацызму і закідае заходняй цывілізацыі такія вынаходніцтвы, як канлягеры і карныя апэрацыі. Прыводзяцца й словы прэзыдэнта пра дамарошчаных дэмакратаў, што ачарняюць савецкае мінулае ды называюць фашысцкіх захопнікаў вызваліцелямі ад бальшавіцка-таталітарнага рэжыму.

Напрыканцы артыкулу сп. Ягорычаў падсумоўвае: «Доўг сучасьнікаў — сьвята шанаваць, аберагаць і памнажаць традыцыі старэйшых пакаленьняў. Веданьне гістарычнай праўды — наша галоўная зброя».

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0