Цяпер важна ня як спартовец гуляе, а як ён выглядае.

Напачатку быў Дэвід Бэкхэм. Першы футбаліст — ікона поп-культуры. Сёньня свае Бэкхэмы ёсьць ужо ў Расеі, Румыніі, Украіне. Арыгінал, зразумела, толькі адзін. Тайляндцы нават паставілі яму помнік — залатую статуэтку ля ног Буды ў сьвятыні ў Бангкоку, у месцы, прызначаным для ніжэйшых бостваў.

Рэгулярны кліент салёнаў прыгажосьці (на галаве ў яго ў розныя часы красаваўся іракез, коскі і бліскучая лысіна), за выключэньнем дробных інцыдэнтаў не заўважаны ў скандалах, жонку Вікторыю Адамз, экс-зорку «Спайс Гёрлз», кахае да сьмерці. Паводле ўласнага прызнаньня, прымярае яе споднюю бялізну. Ідэальны тата, хоць сынам даў дзіўныя імёны — Бруклін, Рамэо і Круз.

Не займаецца палітыкай, абыходзіцца бяз рэзкасьцяў — ідал унівэрсальны, які пазіраў нават з вокладак выданьняў для гомасэксуалістаў. Толькі вось у футбол Бэкхэм гуляе ўсё слабей. Нічога! За межамі футбольнага поля ён зарабляе значна больш. І дае зарабляць іншым. Пакой у японскай гасьцініцы, у якім футбаліст жыў падчас чэмпіянату сьвету, пасьля яго выезду быў забраніраваны на два гады наперад.

Андрэй Шаўчэнка

Асоба эксклюзіўная. Гуляе ў «Міляне», але заўважыць яго можна ня толькі на стадыёне «Сан-Сыра», але і на подыюме (Мілян — сталіца моды) у строях ад Армані. У Кіеве ён адкрыў уласную краму дарагога адзеньня. Ягоная жонка Крысьцін — былая амэрыканская мадэль і колішняя партнэрка Пэрсыльвія Бэрлюсконі, сына прэм’ер-міністра Італіі. Прэм’ер — адначасова ўладальнік клюбу «Мілян».

Адрыян Муту

Узор плэйбоя. Два гады назад разводзіўся з румынскай акторкай Аляксандрай Дыну, потым сустракаўся з кучай мадэляў і тэлевядучых розных нацыянальнасьцяў, урэшце ажаніўся з дамініканкай Кансуэлай Матас.

Усё таму, што Муту перажывае цяжкі пэрыяд. Калі з італьянскай «Пармы» ён перайшоў у лёнданскі «Чэлсі», румын быў сталым кліентам начных клюбаў, наведваў іх з імпэтам маньяка, аж пакуль ня быў дыскваліфікаваны на сем месяцаў за ўжываньне какаіну.

Сяргей Аўчыньнікаў

Мянушка «Бос» раскрывае характар 35-гадовага варатара маскоўскага «Лякаматыву». Ён славуты агрэсіўнасьцю на полі, матам крые ўласных калег. Тлумачыць, што абаронцы «самі аб гэтым просяць, бо гэта дапамагае ім сканцэнтравацца». Сваімі паводзінамі ён здабыў сабе статус зоркі. На подыюм Аўчыньнікаў не гадзіцца, але ўсё новыя яго прычоскі прыводзяць у замяшаньне цырульнікаў, якія вымушаны капіяваць іх на галовах тысяч расейскіх заўзятараў.

Посьпехі расейскай зборнай на полі досыць сьціплыя. Таму, каб уратаваць Сяргееву рэпутацыю, ягоная жонка Інга пасьля леташняга прайгранага матчу з Нарвэгіяй прыняла рашэньне распрануцца перад камэрай і ўгаварыла сфатаграфавацца ў голым выглядзе восем іншых футбалісцкіх жонак. «А як інакш я магла ім дапамагчы?» — тлумачыла свой учынак жонка «Боса».

І праўда, што зь іх яшчэ ўзяць?

Паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0